Паліенка: лічу суд расправай і не давяраю правасуддзю
Дзмітрый Паліенка, суд над якім мае адбыцца 25 верасня, абвясціў байкот судоваму разбіральніцтву. Пра гэта стала вядома з ліста актывіста, які апублікавала ў фэйсбуку Марына Касінерава.
Дзмітрый Паліенка даслаў ліст сябрам, у якім заяўляе аб недаверы правасуддзю і непрызнанні віны ні па адным з эпізодаў, у якіх яго абвінавачваюць. «Лічу, што закрытасьць працэсу, а таксама падпіска аб невыдаванні звестак матэрыялаў справы, якую ўзялі з маіх абаронцаў і хацелі ўзяць з мяне — гэта спецыяльны рэпрэсіўны ход, каб асудзіць мяне па справах, якія шытыя белымі ніткамі. Мяне абвінавачваюць "са словаў", па фантазіям і здагадках, без доказаў, каб схаваць гэтыя факты ад грамадскасці», — піша актывіст.
Паліенка абвесціў аб рашэнні цалкам байкатаваць судовае разбіральніцтва, а таксама аб намеры выкарыстаць іншыя захады, пакуль судовае разбіральніцтва не зробяць адкрытым. «Прысуд яны ўжо вынеслі. Засталося толькі разыграць тэатральную пастаноўку. Мне губляць ужо няма чаго. У знак нязгоды абвяшчаю маўклівы пратэст. Спадзяюся на ваша разуменне, любімыя і дарагія», — піша ў лісце Дзмітрый.
Нагадаем, што экс-палітвязню Дзмітрыю Паліенку, які быў затрыманы 20 сакавіка, выстаўлена абвінавачванне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт. 130), абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369), а таксама апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341).