Па Мінску «гуляюць» Кацярына Барысевіч, Арцём Сарокін і Віктар Бабарыка
У Мінску праходзяць акцыі салідарнасці з палітвязнямі Кацярынай Барысевіч, Арцёмам Сарокіным, Дар'яй Чульцовай, Кацярынай Андрэевай і Віктарам Бабарыкам. Хтосьці ладзіць прагулкі па горадзе для намаляваных фігурак, пакуль самі людзі за кратамі.
«Пакуль працягваецца пасяджэнне суда над Арцёмам Сарокіным і Кацярынай Барысевіч, у Трактарным працягваюцца #прагулкі з палітвязнямі. Арцём Сарокін павінен зараз быць на свабодзе і шпацыраваць са сваімі дзецьмі на дзіцячай пляцоўцы. А Кацярына Барысевіч гуляе па нашым знакамітым тралейбусным кальцы», — напісалі tut.by чытачы.
Сёння суд Маскоўскага раёна Мінска працягвае разглядаць справу журналісткі TUT.BY Кацярыны Барысевіч і лекара БХМП Арцёма Сарокіна, якіх абвінавачваюць у разгалошванні медычнай таямніцы (пра тое, што ў крыві памерлага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю). Першае пасяджэнне прайшло ў пятніцу, 19 лютага, тады суд вырашылі ладзіць у закрытым рэжыме.
У раёне Трактарнага і Велазавода «гуляюць» Дар'я Чульцова з Кацярынай Андрэевай. Гэта журналісткі «Белсата», якім за журналісцкую працу — стрым з «Плошчы Перамен» прысудзілі два гады калоніі.
Выйшаў на «шпацыр» дзякуючы мінчукам і Віктар Бабарыка. Былога топ-менеджара Белгазпрамбанка, які мог стаць галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах у жніўні 2020-га, цяпер судзяць. Яму ставяць у віну адмыванне грошай і атрыманне хабару.