Новы год, мы счакаліся! Давай прыходзь!

Трэба сказаць, што ён, Новы 2021-ы, і так спяшаецца, як толькі можа. Імчыць ува ўсю моц: ад нядзелі да нядзелі дні і гадзіны тахкаюць як пульс марафонца, хутка, напружана, на апошнім дыханні, у чаканні фінішнай стужкі.  

loading_bar_5514289_1920.png


Не кожны можа прабегчы марафон. Нехта яшчэ ад пачатку пасмяецца ў адказ на прапанову: не-е-е-е, даўгія дыстанцыі — не мой канёк. Нехта прабяжыцца сімвалічна: атрымаць крыху адрэналіну, пабыць у грамадзе, зрабіць прыгожую фотку з нумарам на грудзях. Нехта адразу са старту возьме максімальную хуткасць — і ўпадзе на дзясятым кіламетры на рукі заўзятараў.
Але будуць і тыя, хто выйдзе на дыстанцыю з халодным розумам і трэніраваным сэрцам. Так, ад пачатку яны відавочна прайграюць тым, хто адразу рване з апошніх сіл. Так, яны будуць выглядаць жорсткімі, калі пакінуць за спінай стомленых, сышоўшых з маршрута таварышаў. Так, вы не пабачыце на іх тварах асаблівых эмоцый і перажыванняў. Яны будуць проста бегчы — і яны дабягуць.
Дабяжым і мы, упартыя марафонцы новага часу, вестуны новай краіны, алімпійскія чэмпіёны па мірным супраціве. Такой дысцыпліны няма ў раскладзе Алімпійскіх гульняў? Яно і правільна: няма чаго там спаборнічаць, пераможцы вядомыя яшчэ на старце. Упартыя, сканцэнтраваныя, спакойныя, трэніраваныя, ды яшчэ з такой гісторыяй у агульнанацыянальным анамнезе: трыста гадоў супраціву, ад Касцюшкі да Зана, ад Каліноўскага да Купалы, ад Скірмунта да Тарашкевіча, ад дзеда Талаша да дзядзькі Заслонава, ад Быкава да Адамовіча, ад Някляева да Статкевіча і Севярынца, ад Знака да Калеснікавай. Што вашы сорак два кіламетры, дарагія нашы старажытныя грэкі? Што вашыя сорак гадоў па пустыні, глыбокапаважаны спадар Майсей? Мы бяжым ад самага падзелу Рэчы Паспалітай — і мы дабяжым. Мы першыя ў гэтым пераліку пакаленняў, хто бачыць на свае вочы напрыканцы дыстанцыі бел-чырвона-белую стужку.
Пакуль мы беглі і не бачылі, куды бяжым, нам было няпроста. Сапраўды, складана бегчы па гэтай зямлі: бор-гай-поле, поле-гай-бор, здавалася б, за пагоркам возера, але ж не, зноў пагорак, а тут строма, а тут пушча, а тут разліў палескіх рачулак — і чакай лета, пакуль высахне. Але цяпер мы ведаем усе гэтыя сцежкі, бары і пагоркі на пералік, кожная менская вуліца цяпер адзначаная нашым маршам, мы нарадзілі новыя легенды для сваіх гарадоў і напоўнілі сэнсам двары, плошчы і могілкі. Гэта наш горад, гэта наша зямля, гэта наш маршрут. І мы бачым мэту — упершыню за трыста гадоў. А калі бягун нарэшце бачыць, куды ён бег, значыць, ён ужо не сыдзе з трасы.
Апошнія месяцы гэтага цяжкога і хуткаплыннага года я чытала братаў «Беларусалім» — няхутка, па старонцы, бо расповед гэты такі ж самы няпросты, як любы марафон. Пачаўшыся на золку — а менавіта так называлася першая частка эпапеі — ён працягнуўся «Сэрцам святла»: драматычным прадчуваннем нашых цяперашніх падзей. Усё, што з намі цяпер адбываецца, нейкім неверагодным чынам было прадбачана Паўлам у гэтай кнізе, выдадзенай напрыканцы 2019 года: і мора сцягоў на Нямізе, і стотысячныя маршы, і нават гутарка Дыктатара і вязняў у турме. Кніга, дапісаная напярэдадні апошніх падзей, завяршаецца нібыта трывожна: галоўная гераіня ў роспачы і брудзе, галоўны герой у выгнанні. Здавалася б, лажыся і памірай. Але кожную кніжку варта дачытаць да канца, а ў гэтай апошнімі словамі стаіць: «Працяг будзе». І ён будзе: трэцюю, апошнюю частку, Павел дапісвае на Валадарцы. Я ведаю, што ён таксама ведае: трэцяя кніга абавязкова скончыцца перамогай святла, бо яно ўжо нарадзілася, у яго ўжо ёсць сэрца. І яно грукае, няспынна і няўхільна, і ўпарта, як сэрца марафонца.
Так што давай, прыходзь, Новы год новага часу. Ніколі яшчэ мы не ўваходзілі ў новы студзень такімі моцнымі, згуртаванымі і загартаванымі. Ніколі яшчэ не бачылі такімі нас нашыя дарогі, вуліцы, палі і бары. За намі — доўгі цяжкі шлях. Наперадзе — святло. Хаця яшчэ крыху трэба і прабегчы.