Нік Вуйчыч: я бачыў цуды, Ісус рэальны
Матывацыйны аратар і хрысціянскі прапаведнік з Аўстраліі Нік Вуйчыч 15 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску адзначыў, што ў сваім жыцці бачыў шмат цудаў: «Я бачыў 13 цудаў, калі сляпыя пачыналі бачыць, а глухія чуць. Ісус рэальны».
Нік Вуйчыч, які нарадзіўся без рук і ног, таксама адзначыў, што ў яго бацькі рак і яго цела памірае, але ў яго вачах ёсць спакой і ўпэўненасць ад разумення таго, куды ён накіроўваецца, перадае карэспандэнт Krynica.info.
Ён адзначыў, што разумее, што многія людзі не хочуць верыць у Бога, бо ўспрымаюць Царкву як свайго роду бізнэс. «Але я хрысціянін не з-за Царквы, я хрысціянін таму што іду за Хрыстом», — сказаў Нік Вуйчыч.
Пры гэтым прамоўца прызнаў, што шмат гадоў не разумеў Божую любоў, пакуль не прачытаў у Бібліі ўрывак аб вылячэнні Ісусам народжанага сляпым (Ян 9:1-38). З ўрыўка ён даведаўся, што народжаны сляпым такі, каб «на ім выявіліся дзеі Божыя». Тады Нік Вуйчыч пачаў чакаць плана Божага ў дачыненні да яго, але неўзабаве сам зразумеў, што можа быць цудам для іншых, дапамагаць іншым убачыць Божы план. Пры гэтым ён адзначыў, што верыць, як аднойчы прачнецца на нябёсах з новымі рукамі і нагамі.
«Я мог бы памерці і сёння. Бог забярэ мяне дадому ў патрэбны дзень. Ні на адзін дзень раней, ні пазней», — падкрэсліў прамоўца.
Нік Вуйчыч таксама адзначыў, што ледзь не памёр два месяцы таму з-за вялікай кровастраты. Паводле яго слоў, калі б ён сёння памёр, то шкадаваў бы толькі пра тое, што мала часу праводзіў з жонкай і дзецьмі, хоць і прызнаў, што ў апошні час у яго з’яўляецца ўсё больш магчымасцяў быць з сям’ёй. Таксама ён шкадаваў бы з-за таго, што мала часу быў з Богам, мала чытаў Біблію і дзякаваў за блаславенні.
Нік Вуйчыч: я не крыніца надзеі, я пасланнік
Выступаючы на прэс-канферэнцыі, Нік Вуйчыч выказаў спадзеў, што ягоная гісторыя стане пасланнем надзеі, пазітыву і веры. «Я не крыніца надзеі, я пасланнік», — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што проста распавядае пра свае ўзлёты і падзенні.
Ён адзначыў, што яго бацькі збеглі з камуністычнай Югаславіі ў 1960-х гадах і ў Аўстраліі ўсё пачыналі з нуля. «Яны мяне навучылі быць удзячным, рабіць, што можаш, і ніколі не здавацца, а Бог зробіць астатняе», — распавёў прамоўца.
Паводле яго слоў, ён адчувае адказнасць за тое, каб людзі не здаваліся, каб ўрады надавалі магчымасці для жыцця людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
«Я сам хацеў здацца ў дзесяць гадоў. Я хацеў ўтапіцца ў ваннай, бо не адчуваў надзеі, баяўся быць клопатам для маіх бацькоў, баяўся, што не вазьму за руку сваю жонку. Але я не ведаў, што ў будучыні сам змагу працаўладкаваць сваіх бацькоў, што мне не трэба быць трымаць за руку маю жонку, а трэба будзе трымаць яе сэрца. Мары спраўджваюцца. Вядома, не ўсе. Але тое, што наканавана, можна дасягнуць», — заявіў Нік Вуйчыч.
Нік Вуйчыч: разбітая сям’я — горш за адсутнасць рук і ног
Таксама госць з Аўстраліі адзначыў, што разбітая сям’я — значна горш чым жыць без і без ног. Адзначыўшы, што сярод бедных шчаслівых людзей даводзілася бачыць больш, чым сярод багатых, ён заклікаў беларусаў выканаць сваё прызначэнне ў якасці грамадзяніна, у якасці бацькі, у якасці маці. «Мы ўсе лідары ў грамадстве. На любой працы, рабіце ўсё, як мага лепш. Бачыце карупцыю — будзьце сумленнымі, хочаце змяніць свет — змяніце сябе», — сказаў Нік Вуйчыч.
Акрамя таго, ён заклікаў дарыць людзям больш любові. «Любоў — гэта аснова для атрымання надзеі. Чалавек не зможа быць шчаслівы, пакуль не змірыцца, што не можа змяніць тое, што не можа, і павінен змяніць тое, што можа. Калі вы самі не прымаеце сябе, як вас прымуць астатнія?» — задаўся пытаннем прамоўца.
«Вы можаце вырваць мне язык, выкалаць вочы, адрэзаць вушы. Але вы нічога не можаце зрабіць з маім духам, з маёй душой», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, калі шчасце заснавана на часовых рэчах, на задавальненнях, то яно не будзе доўгачасовым. «Жывіце кожным крокам, кожным днём. Калі вы ў апошні раз абдымалі вашу сям’ю? Калі вы казалі сваім сябрам дзякуй за тое, што яны ёсць у вас?» — падкрэсліў Нік Вуйчыч.
Нік Вуйчыч: I have a dream
Выступоўца адзначыў, што ў яго ёсць мара, каб калі-небудзь у свеце з’явілася пляцоўка, на якой хоць бы 6% людзей з 7 мільярдаў маглі ахвяраваць па даляры ў дзень. За тыдзень было б 2,8 млрд даляраў. На гэтыя грошы, паводле яго слоў, было б пабудавана мноства бальніц, хоспісаў, прытулкаў і нават цэлы горад для бежанцаў, якія знаходзяцца на Македонскай мяжы.
«Не чакайце, што дзяржава вам дапаможа. Дапамагайце адно аднаму. Так, гэта цяжка, але гэта дапамагае і вашай душы. Калі вам цяжка, прыйдзіце ў хоспіс для дзяцей, якія паміраюць ад раку, рассмяшыце іх, пачытайце ім. Тады вы, быць можа, убачыце і сваю мэту ў жыцці«, — падкрэсліў Нік Вуйчыч.
«У каго шмат ёсць, той можа даваць тым, у каго гэтага няма», — сказаў ён.
Нік Вуйчыч: у дэпрэсіі заставацца нельга
Нік Вуйчыч адзначыў, што за сваё жыццё наведаў 58 краін, сустрэўся з 13 прэзідэнтамі, выступаў перад урадамі, размаўляў з мільярдэрамі, але таксама сустракаўся і з сіротамі і з рабамі, якіх іх жа бацькі ў дзесяць гадоў прадалі ў рабства за 700 даляраў. «Што я магу ім сказаць? Аб рэінкарнацыі? Што ім будзе лепш у наступным жыцці? Але гэтыя рэлігіі (індуізм) адпрэчваюць рабоў. Я магу ім гаварыць толькі пра Ісуса, аб вылячэнні, прымірэнні і здольнасці дапамагаць з дапамогай Бога», — сказаў ён.
«Мы жывем у свеце людзей, у якім ніхто не дасканалы. Цяжка знайсці ціхмянага, добрага чалавека. Гэта дапамагае мне станавіцца лепш», — падкрэсліў прамоўца.
Прызнаўшы, што чалавека змяніць немагчыма, ён заклікаў маліцца за іншых людзей, не толькі гаварыць пра любоў, але і дапамагаць. «Вы можаце даць інваліду калыску, але вы не можаце яго гэтым матываваць. Пачынаць трэба з сэрца, затым чарга розуму, і толькі потым цела», — сказаў Нік Вуйчыч.
Паводле яго слоў, чалавек можа пасумаваць, пабыць некаторы час у дэпрэсіі. «Але калі там заставацца, то там і застанецеся, а там заставацца нельга», — падкрэсліў матыватар.
Ён таксама заклікаў вучыць дзяцей, што ёсць іншыя людзі, у якіх шмат чаго няма. «Дзеці будуць хацець новы абутак, пакуль не ўбачаць чалавека без абутку. Важна не песціць. Мяне не песцілі», — сказаў прамоўца.
Максім Гацак, Krynica.info
фота Надзеі Гацак