Не дачакаліся рашэння Мінюста: адваката Зікрацкага тэрмінова выключылі з калегіі
Адваката Сяргея Зікрацкага выключылі з Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Ён больш не можа працаваць адвакатам.
— Я даведаўся, што маё выключэнне з калегіі адвакатаў вырашылі фарсіраваць. У папярэдніх выпадках непраходжання атэстацыі калегія адвакатаў чакала, пакуль Мінюст спыніць дзеянне ліцэнзіі, а толькі потым выключала адваката. Цяпер жа калегія адвакатаў вырашыла быць першай. Мінюст маю ліцэнзію яшчэ не забраў, але пасяджэнне па выключэнні мяне з калегіі адвакатаў запланавана ўжо на 31 сакавіка — цытуе допіс Зікрацкага ў Facebook TUT.BY.
Пазней ён паведаміў: «Рашэннем савета Мінскай абласной калегіі адвакатаў ад 31 сакавіка я выключаны з калегіі адвакатаў. Цяпер я не магу ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць».
Нагадаем, 24 сакавіка Зікрацкага выклікалі на пераатэстацыю, дзе кваліфікацыйная камісія прызнала, што адвакат валодае «недастатковай кваліфікацыяй, каб у далейшым працаваць адвакатам». Падставай для выкліку на пераатэстацыю стаў шэраг каментароў Зікрацкага ў СМІ. Міністэрства юстыцыі палічыла, што гэтыя каментары не ў поўнай меры адпавядаюць заканадаўству, а таму сведчаць аб неналежным выкананні адвакатам сваіх прафесійных абавязкаў.
За апошнія некалькі месяцаў Мінюст пазбавіў ліцэнзіі адвакатаў Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак. Акрамя таго, ліцэнзій пазбаўленыя адвакаты Канстанцін Міхель, Міхаіл Кірылюк, Максім Конан, Андрэй Барташэвіч, Мікалай Ётка і Алена Шынкарэвіч, Сяргей Пічуха. У 2020 годзе была таксама спыненая ліцэнзія адваката Юліі Леванчук, яна вядомая па справе аб абароне збітага сілавікамі прадпрымальніка Максіма Харошына.
Акрамя пазбаўлення ліцэнзій, дзейнасць адвакатаў хочуць абмежаваць і законам. Нядаўна стала вядома, што ў Беларусі рыхтуецца законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці», якім прапануецца забараніць адвакатам, якія працуюць індывідуальна, і адвакацкім бюро абараняць людзей, якія праходзяць па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах.
Пра ціск на беларускіх адвакатаў, якія ўдзельнічаюць у палітычных справах, падчас 46-й сесіі Рады ААН па правах чалавека заяўляў і Вярхоўны камісар ААН.
У абарону беларускіх адвакатаў выступілі Амерыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association, ABA), Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) і Фонд Дж. Клуні «За справядлівасць» (CFJ), а таксама аўтарытэтныя расійскія адвакаты.
24 сакавіка на чарговым пасяджэнні кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці былі прынятыя рашэнні:
— аб няпоўнай адпаведнасці адвакатаў Андрэя Белахвоста, Аляксандра Емяльяненкі, Андрэя Цітова патрабаванням заканадаўства з адтэрміноўкай атэстацыі на шэсць месяцаў;
— аб немагчымасці выканання адвакатамі Вольгай Баранчык, Сяргеем Зікрацкім, Барысам Ляскоўскім, Уладзіславам Філіповічам сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі.
Уладзімір Сазанчук, які абараняў палітыка Мікалая Статкевіча, блогера Дзмітрыя Казлова («Шэры Кот») і журналістку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), пазбавіўся ліцэнзіі «ў сувязі з ужываннем да яго дысцыплінарнага спагнання за ўчыненне правіны, несумяшчальнай са званнем адваката». Нагадаем, ён адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні, за што і атрымаў спагнанне.
Усе адвакаты, якія прызнаныя недастаткова кваліфікаванымі або пазбавіліся ліцэнзіі, займаліся «палітычнымі» справамі: крымінальнымі і адміністрацыйнымі.