«Не будзьце вы як рэжым Лукашэнкі». Маргарыта Ляўчук не можа атрымаць ВНЖ ва Украіне
Спявачка Маргарыта Ляўчук заявіла, што хоча жыць ва Украіне, але не можа аформіць дазвол на жыхарства. У інстаграме яна расказала прычыну і звярнулася да ўкраінцаў.
Як адзначае «Наша Ніва», Ляўчук кажа, што з 2020 года не жыве ў Беларусі з-за пераследу рэжымам Лукашэнкі, што ў вышуку ў Беларусі і Расіі, на яе заведзена крымінальная справа. Цяпер яна ва Украіне ў складзе «культурнага дэсанту» ездзіць па фронце і спявае для абаронцаў Украіны.
Маргарыта кажа, што хоча жыць ва Украіне, таму занялася дакументамі, каб атрымаць на дазвол на жыхарства.
«Усе да мяне добра ставяцца: міграцыя, памежнікі, усе людзі, нашы воіны-героі, нягледзячы на тое, што я беларуска». А вось страхавыя кампаніі адмаўляюцца рабіць медыцынскую страхоўку праз беларускі пашпарт.
«Усё роўна, што ты робіш для Украіны, усім пофіг. Толькі праз тое, што ў цябе беларускі пашпарт, ты не атрымаеш від на жыхарства», — гаворыць яна.
Ляўчук кажа, што страхавыя кампаніі дамовіліся між сабою не даваць беларусам страхоўкі.
«Я кажу, а дзе такі закон? Там не прапісана!» — «Не, не прапісана, проста мы так дамовіліся».
Маргарыта расказвае, што аднойчы ўсё ж ёй сказалі, што дадуць страхоўку, але запрасілі за яе 4700 грывень (400 рублёў), хаця насамрэч каштуе 1400 грывень (120 рублёў). Ляўчук кажа, што хоча, каб усё было па законе, і яна хоча страхоўку атрымаць.
Маргарыта распавядае, што праз гэта ўсё апускаюцца рукі і губляецца жаданне нешта рабіць.
«Людзі, украінцы, ну не будзьце вы як рэжым Лукашэнкі і Пуціна. Навошта вы так з намі, з беларусамі? Мы вас любім. І мы хочам, каб да нас добра ставіліся. Мы не лукашысты. Нас тысячы не жывуць у Беларусі, тысячы знаходзяцца ў турмах. Я не люблю выносіць сваркі з хаты, але мне крыўдна за некаторых украінцаў», — сказала яна.
Маргарыта Ляўчук — палітычная эмігрантка, у Беларусі супраць яе заведзеная крымінальная справа. Спачатку за мяжой яна займалася творчымі праектамі, у якіх выступала за перамены ў Беларусі і супраць рэжыму Лукашэнкі. Пасля адправілася ва Украіне, дзе знайшла сваё каханне.
Спявачка неаднаразова выйзджала ў зону баявых дзеянняў,
дзе выступала перад вайскоўцамі УСУ, у тым ліку каліноўцамі.