«Мой пазыўны — Палеха». Маргарыта Ляўчук — пра паездку на вайну, выбухі за акном і каліноўцаў

Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка, якая з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе, «адкрыла» ў інстаграме сваю паездку ў Кіеў. Што значыць «у палку»? І што азначае паездка беларускай спявачкі ва Украіну, ахопленую вайной? «Медыязона» атрымала адказы на гэтыя пытанні і даведалася, чаму опера «нікому не патрэбная».

Тут і далей фота з сацсетак

Тут і далей фота з сацсетак

«Мне за сябе не сорамна». Рэвалюцыя замест оперы

Маргарыту паклікалі ў Кіеў каліноўцы — проста пісалі ёй у інстаграм ледзь не з пачатку вайны. Яна нарэшце дабралася да Кіева, куды ў 2022 годзе хацела пераязджаць з Вільні. Пачалася вайна, для беларусаў зачыніліся межы, але Ляўчук-такі прыехала, каб даць канцэрт для байцоў. Без кулісаў, пры дзённым святле і з начосам, зробленым добраахвотнікамі.

— Мне нават падрыхтавалі грымёрку, з якой ісці аж пяць хвілін — гэта самы доўгі шлях у маім жыцці да сцэны.

Праз паездку ва Украіну Маргарыце прыйшлося адмяніць канцэрт у Літве (і страціць ганарар) — было запланавана з опернымі арыямі і аркестрам.

Оперных канцэртаў у артысткі зараз не шмат — праз траўму галасавых звязак давялося на некалькі месяцаў іх адмяніць. Пра тое, што яе оперная кар’ера прыпынілася пасля 2020 года, Маргарыта не шкадуе. Выступаў магло быць і больш, але спявачка... не хоча.

— У многіх ёсць дыплом юрыста, але не ўсе працуюць па прафесіі. У мяне ёсць дыплом опернай спявачкі — калі хачу, тады спяваю. Мне хочацца, каб мяне называлі артыстам, вольным артыстам.

Артыстка дадае, што час цяпер — не для оперы, і яна «свабодны чалавек», можа займацца творчасцю, «вырваўшыся з сістэмы, дзе за партыю плацілі 30 рублёў».

— Я такая спяваю, ведаеш «Салавей» Аляб’ева — тады можна было такое спяваць, арыю «Царыца ночы» і ўсе — «Уау!». А я стаю на сцэне і не разумею, каму гэта нахран трэба. Піруэты мае. Няма сэнсу ніякага. Пасля 2020 года і пасля таго, як я з’ехала з Беларусі, опера і піруэты не маюць сэнсу. У «Царыцы ночы» ўсе чакаюць фа трэцяй актавы — і ты як цыркач: о, глядзі, о, дастаў, клас. А што за гэтым стаіць? Мая карпатлівая праца — каму яна патрэбная? Мне трэба рабіць беларускія песні, нешта для рэвалюцыі, дапамагаць некаму — а вось гэта ўсё навошта? Весяліць людзей? Нават седзячы на залатым унітазе, запісваючы прыколы, здаецца, я больш раблю, чым проста б херачыла канцэрты па ўсім свеце.


a1a3d218e173c7a5c3a7919f03f9d4fe.jpg

«Можаш з мокрай галавой пабегчы ў бамбасховішча. Калі дабяжыш». Паветраныя трывогі

У Кіеве спявачка адчувае сябе бяспечна. Першая паветраная трывога заспела яе ноччу. Маргарыта выклала відэа з сірэнай у сторыс.

— Я толькі кладуся спаць — і сірэна. Да ну нафіг, што рабіць? Урываецца сяброўка: «Усё нармальна. Марозіва хочаш?». Я бачу, што яна спакойная, усе спакойныя, і я буду спакойная. Елі, дарэчы, беларускае марозіва. У Кіеве. А нядаўна, калі была ў палку, 36 ракет ляцела — мы хаваліся. Мяне павезлі ў бункер.

Кватэра, дзе спынілася Ляўчук, знаходзіцца ў цэнтры — не раз спявачка чула выбухі, шахеды, якія пралятаюць, і залпы СПА. Аб паветраных трывогах Маргарыта кажа як аб варажбе: «Упадзе — не ўпадзе», «бегчы — не бегчы» і пра надзею: «усе вераць у СПА».

— Пошчу сірэну, каб людзі паглядзелі, як гэта бывае. Можаш з мокрай галавой пабегчы ў бамбасховішча. Калі дабяжыш. Усе пасля ночы ў Кіеве ходзяць нявыспаныя, але адно аднаго разумеюць.

Знаёмая Маргарыты трапіла пад расійскі абстрэл у Дняпры: сядзела ў машыне побач з домам, куды прыляцела ракета. Прагрымеў выбух — пасыпаліся абломкі — спрацавала падушка бяспекі ў аўто.

Чаму ўкраінцы «так рэагуюць» на расійцаў і беларусаў, Маргарыце «стала больш зразумела» пасля таго, як думала пра расійскую ракету.

— Ляжу падчас паветранай трывогі і думаю: «Крута, прыехала Кіеў, а з маёй тэрыторыі херачаць ракеты. Мяне можа забіць».

У 2017 годзе Маргарыце прапаноўвалі з’ездзіць з канцэртам у Крым, але яна адмовілася.

— Як я раней казала, «я па-за палітыкай», але нават сваім дзявочым мозгам разумела, што гэта — зашквар і таўро на ўсё жыццё.


Глядзіце таксама

Маладыя ветэраны і пачуццё, што ты — патрэбны. Канцэрт палку

Паўтарагадзінны канцэрт Маргарыты ў палку Каліноўскага атрымаўся «неверагодны і зараджаны сумам». Спявачка кажа пра байцоў «пабрацімы» і называе «коцікамі». Расказвае, што хлопцы шмат фатаграфаваліся, абдымаліся і нават паспелі запрасіць на пару спатканняў.

— Я сустрэла ў палку ваяра, які ў 2021 годзе пісаў, што закахаўся. Я тады адказала яму, што не зайздрошчу. Ён мяне запрашаў на гарбату і цяпер сказаў: «Я марыў пра спатканне з вамі», і мы з ім сустрэліся на гарбату ўжо ў Кіеве.

Іншы падышоў, кажа: «Абдымі мацней, заўтра на фронт». Канцэрт для іх — гэта цяпер паўтары гадзіны адпачыць душой, а праз паўтары гадзіны ехаць на вайну, як мой гітарыст з «Брута». Ён мне так і сказаў: «Давай канцэрт, як у апошні раз».

Была зусім іншая энергія — не такая, як сядзяць у тэатры, прыгожыя, і чакаюць цырка папляскаць. Тут я адчуваю сябе патрэбнай. Не проста ў паветра песні спяваеш і кадэнцыі яб*шыш. Прыкінь, песня — патрэбна людзям!

Без сафітаў, дзённае святло, нічым не апішаш, не параўнаеш. Як яны спяваюць разам, як слухаюць, як ржуць з «Краснай Зелені», як пераапраналася на сцэне — начос байцы часалі. «Гэта вам не страляць», — кажу — ржалі ўсе. Гэта трэба было для людзей, якія тут, ім гэта важна. Каб нехта прыехаў і з імі пабыў.

А як яны адказваюць на «Жыве Беларусь!» хорам. Да дрыжыкаў, гэта кранае.

Байцы, пацаны, дзяўчаты. Дзяўчынкі! Ты разумееш, што гэта проста Лары Крофт, раскрадальніцы магільняў. Такая павага да іх…

«Ім важна, каб нехта прыехаў і з імі пабыў». Як дапамагчы добраахвотнікам

Калі Маргарыта толькі прыехала ў полк, звярнула ўвагу, як усе замерлі — яе сядзіць і чакае «куча людзей». Спытала: «У нас тут нейкі гурток?». Байцы адказалі: «Мы вас чакаем: будзем піць гарбату і размаўляць».

Прагаварылі чатыры гадзіны. Каліноўцы задавалі шмат пытанняў: «Як там Вільня? Бачыліся ці са Святланай? А з кім бачыцеся? Што пра нас кажуць? Як надвор’е? А дзе былі, куды ездзілі?». Спявачка ж распытала байцоў пра пазыўныя.

— За кожным — гісторыя. А я без пазыўнага — сядзелі, думалі, ваяры прапаноўвалі «Грыша» або «Начос». Давайце больш сур’ёзна, кажу. У дзяцінстве ў маёй вёсцы былі мянушкі, і ў мяне быў дзед Палеха, ён з Палесся. А я была Палехава ўнучка. І пачалі называць так. Калі цяпер нехта піша мне з пазыўным, разумею, што ваяры пішуць. Мы парадніліся, быццам я — адна з іх.

Спявачка распавядае, што сутыкнулася з прэтэнзіямі байцоў да «тых, хто ў Варшаве сядзіць і Вільні», «што мы нічога не робім».

— Іх можна зразумець. Мне казалі: «Не магу глядзець гэтыя сторыс, дзе смажаць шашлыкі». У нас звычайнае жыццё, якім яны жылі да вайны. Усіх можна зразумець, але яны тут кожны дзень бачаць пекла.

На офіс гоняць, на таго гоняць, паміж сабой нешта — я кажу, давайце неяк разам будзем, мы не хочам чуць, што вы тут срэцеся. Я тут, я сама па сабе, ні да каго не далучылася, у мяне свая місія.

Ва ўсіх прэтэнзіі адно да аднаго, а я як Леапольд. «Давайце гаварыць, некаму трэба нешта перадаць — давай перадам». Павязу асабістыя паведамленні.

Хочацца ўсё нешта зрабіць для байцоў. А яны кажуць: «Вы ўжо дапамагаеце». Я ім яшчэ зачытвала, што людзі пісалі мне ў інстаграм, прасілі перадаць, напрыклад, прывітанне з такога раёна — ім шалёна было прыемна.

Чым дапамагчы? Ім патрэбныя людзі. А так дапамагайце, чым можаце. Патрэбныя простыя рэчы. Разуменне, клопат, павага, выслухаць.


41dbb7d589a053c2e64c9f551b792cea.jpg

Па марозіва — на БТРы

Акрамя канцэрту, у Маргарыты была свая «праграма» ў Кіеве: наведаць параненых беларускіх добраахвотнікаў у шпіталі, з’ездзіць у Бучу, пакатацца на БТРы — па марозіва.

— Са шпіталя мне пісалі хлопцы, я адказала: «Пацаны, я прыеду». Пацан без нагі, і не толькі без нагі, там сур’ёзнае раненне, сустракае: «О, прывітанне, зара будзем распавядаць як ******* гасілі. У іншага такая траўма, што смяяцца не можа, а мы рагочам і ён просіць: «Можаш за мяне паржаць?».

Прыехала ў Бучу: разваліны, пах, нават праз год, які ні з чым не параўнаць. Гэта страшна.

Што далей

Маргарыта плануе яшчэ раз прыехаць з канцэртамі, магчыма, выехаць далей за Кіеў. І ўжо рыхтуецца да Новага года: хоча запісаць беларускія калядкі.

З эміграцыяй спраўляецца добра: дапамагае сабе «падманам» — прыдумала, што так зацягнуліся гастролі. Аднойчы яна ўжо жыла ў Вільні — калі прыязджала сюды спяваць. Па Мінску і Брэсце не сумуе, тлумачыць гэта тым, што ўспаміны прытупіліся.

— Я б у свой дом у вёсцы прыехала. І на магілы дзядуляў і сваіх продкаў. А так жывеш, дыхаеш, ніхто ў дзверы не ломіцца, на паліцыю рэагуеш нармальна. А не як у 2020 годзе — спіш у вопратцы, бо могуць прыйсці.

Нават калі я ў 60 гадоў вярнуся ў Беларусь, у мяне яшчэ будзе порах у парахаўніцах. З Вільні не магу выехаць, бо там блізка да мяжы, так што калі што, я першая стартую.

Усе кажуць, што вайна надоўга. А наогул вельмі шмат сцыкла сярод мужчын. Чаму дзяўчынка можа сказаць, што чорнае — гэта чорнае, а некаторыя — не? Так сорамна за іх. Не ведаю, можа трэба, каб усе былі правільнымі ці... авенамі? Можа, трэба быць авенамі? Яны заўсёды за праўду-матку, гэта я. Але вельмі шмат слабакоў. І мне цяжка, я такі... мужык. Я большы мужык, чым некаторыя мужыкі.

Ніхто не вучыў нас ваяваць, ніхто не вучыў нас рабіць рэвалюцыю, але мы разумеем, што трэба змагацца са злом, з дыктатурай, з Лукашэнкам.