"Народны рэферэндум" звярнуўся да ўладаў Беларусі

Ініцыятыва “Народны рэферэндум” звярнулася да ўладаў Беларусі з нагоды візіту 29 красавіка ў нашу краіну Уладзіміра Пуціна і заклікала далучыцца да Маршу незалежнасці, прызначанага на 14 мая.



1966682_235095750027941_1837695726_n.jpg

"29 красавіка ў Мінск прыязджае прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, — адзначаецца ў звароце ініцыятывы “Народны рэферэндум”  да ўладаў Беларусі. — Візіт адбываецца ў час, калі Расія вядзе вайну ва Украіне. Гэта наўпрост пагражае існаванню Беларусі, бо створаны небяспечны прэцэдэнт сілавога ўмяшальніцтва ў справы суседняй дзяржавы, з якой Расію звязвалі аформленыя ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі добрасуседскія адносіны. Не кажучы ўжо пра так званае “славянскае братэрства”, якое раструшчваецца на вачах усяго свету.

Перамовы ў Мінску будуць вельмі няпростымі. Мы заклікаем кіраўніцтва Беларусі пацвердзіць прынцып цэласнасці, непадзельнасці Украіны. Заклікаем прытрымлівацца замацаванага ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нейтралітэту і не рабіць ніякіх, нават самых малых крокаў, якія могуць пагражаць нашай незалежнасці. У гэтым, нягледзячы на ўсё нашы палітычныя разыходжанні, мы мусім быць адзіныя.

Заклікаем беларускія ўлады далучыцца да заяўленага на 14 траўня Маршу Незалежнасці — ініцыятывы дзеля кансалідацыі беларускага грамадства на грунце абароны незалежнасці нашай краіны".