«Наркатызацыя і аўтарытарызм»: дакументальны фільм ад Legalize Belarus (відэа)

Актывісты грамадскай кампаніі Legalize Belarus апублікавалі дакументальны фільм пра беларускую вайну з наркотыкамі.


У фільме «Наркатызацыя і аўтарытарызм» распавядаецца пра практыку прымянення артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, пра ўмовы ўтрымання ў пэнітэнцыярных установах Беларусі, пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца былыя асуджаныя і людзі з залежніцкімі разладамі. Каб паказаць гледачу гісторыю ўзнікнення стэрэатыпаў, у фільме выкарыстаныя шматлікія нарэзкі з «антынаркатычных» і іншых відэа, якія былі вырабленыя па замове Савецкага Саюзу, беларускай і расійскай дзяржаваў.
«Калі даць дзікунам электрычнасць, то яны, узяўшыся за аголены дрот, зробяць выснову, што электрычнасць іх забівае, электрычнасць — гэта зло, электрычнасць трэба забараніць. Яны нават будуць прыдумляць міты пра тое, якая гэта страшная з’ява, і як мужныя героі перамагаюць гэтае зло. І будуць перадаваць гэтыя казкі з пакалення ў пакаленне...
Жаданне забараніць псіхаактыўныя рэчывы і жорстка караць за іх выкарыстанне выкліканае толькі адсутнасцю ведаў, страхам і нізкім узроўнем агульнай культуры. Такія паводзіны людзей, што займаюць высокія пасады, падобныя да паводзінаў дзікуноў», — кажа адзін з аўтараў фільму Дзяніс Боршч.
«Крыміналізацыя спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў, немагчымасць абараніць сябе ў судзе і прымусовая праца ў карных лагерах — непасрэдныя праявы аўтарытарнага рэжыму. Грамадства не паважае права чалавека на ўласнае цела, яго свабоду выбара. Дзяржаўная прапаганда, антынавуковая інфармацыя і стэрэатыпы скажаюць уяўленне людзей пра рэальнасць. Спажыўцоў кантраляваных рэчываў называюць “наркаманамі” і ставяцца да іх горш, чым да забойцаў.
Аднолькавасць поглядаў дзяржавы і грамадства на гэтае пытанне прыводзіць да масавага некантраляванага гвалту ў непараўнальных маштабах. Спажыўцы псіхаактыўных рэчываў з’яўляюцца экстрэмальна ўразлівай групай у такой сітуацыі. Невінаватых людзей асуджаюць на годы ізаляцыі ў нечалавечых умовах. Гэта трэба спыніць як мага хутчэй», — кажа Пётр Маркелаў, другі аўтар фільму.

Выхад фільму прымеркаваны да пачатку вясновай сесіі парламенту. Галоўнай адвакацыйнай мэтай Legalize Belarus застаецца дэкрыміналізацыя малых колькасцяў кантраляваных рэчываў. Так, у гэты ж дзень год таму актывісты выйшлі да Дома ўраду з літарамі слова «дэкрыміналізацыя». Пасля гэтага некаторыя з іх былі пакараныя штрафамі.
Даступныя субтытры на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. 
Паводле прэс-рэлізу