На месцы будаўніцтва МКАД-2 археолагі знайшлі скарб з часоў, калі ВКЛ змагалася са Швецыяй і Расіяй

Скарб, які знайшлі каля Ракава падчас археалагічных разведак на месцы будучага будаўніцтва 2-й Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі, прайшоў першасны агляд.



skarb_article_big.jpg

фота minsknews.by
«Знойдзены ён быў у канцы працоўнага дня, — кажа навуковы супрацоўнік аддзелу археалогіі першабытнага грамадства інстытуту гісторыі НАН Беларусі Зоя Харытановіч.— Мы даследавалі разаранае поле, калі наткнуліся на першыя манеты».
Манеты былі рассыпаныя на плошчы 50 на 30 м. Усяго было знойдзена 233 медныя шэлегі, вядомыя таксама як барацінкі. Першасны агляд скарбу правяла навуковая супрацоўніца аддзелу спецыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай працы Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Юлія Латушкова. Манеты гэтага скарбу адрозніваюцца добрай захаванасцю. Устаноўлена, што самая ранняя з іх выпушчаная ў 1660-ым годзе, а самая позняя —у 1667-ым. Барацінкі са скарбу чаканілі як у ВКЛ, так і ў Польскім каралеўстве. Манеты, хутчэй за ўсё, паходзяць са страчанага кашалька, які згубілі не раней 1667 года. Грошы праляжалі ў зямлі мінімум 348 гадоў. Падчас сельскагаспадарчых работ манеты расцягнулі плугам па вялікай плошчы поля.
Скарбы барацінак — адны з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі. Гэтыя медныя манеты выпускаліся ў 1659-1668 гадах. Усяго было выпушчана больш за мільярд барацінак. Манета чаканілася ў цяжкіх эканамічных умовах, выкліканых вайной Рэчы Паспалітай са Швецыяй і Расеяй. Дзяржава не была здольная задаволіць грашовыя патрэбы і абавязальніцтвы, найперш перад войскам. Тагачасны кіраўнік кракаўскага манетнага двара Тытус Лівіюш Бараціні прапанаваў выбіваць дробную медную манету, якая б мела прымусовую афіцыйную вартасць срэбнага шэлегу ці 1/3 гроша. Сойм пагадзіўся на той праект, нягледзячы на тое, што гэта было ашуканствам, бо новы медны шэлег не меў сапраўднай вартасці, якую яму прыпісалі.
Паводле belsat.eu.