На 58-годдзе Мікола Статкевіч пачастуецца «адборнымі галовамі кількі»

Самы кранальны падарунак на дзень народзінаў у турме — акрайчык хлеба, самы нечаканы — торт ва ўмовах канвою і нагляду. Чарговы дзень народзінаў Мікола Статкевіч адзначыць цёплымі думкамі пра блізкіх, мяркуе ягоная жонка.



00362ccf_03a4_4b77_b20c_fc0813456597_w640_r1_s_cx21_cy18_cw79.jpg

Сёння былому кандыдату ў прэзідэнты Міколу Статкевічу — 58 год. Чацвёрты раз палітык сустракае дзень народзінаў за кратамі. Пра тое, ці будзе гэты дзень неяк адрознівацца для яго, Радыё Свабода пагутарыла з жонкай Міколы Статкевіча Марынай Адамовіч.

Цяпер, у камеры-адзіночцы турмы № 4 гораду Магілёва, Мікола Статкевіч не мае аніякай магчымасці атрымаць віншаванне. Аднак гэта не значыць, што зняволеныя не адзначаюць святаў.

«Калі ў 2011 годзе ён быў у шклоўскай калоніі, іншыя зняволеныя нейкім чынам даведаліся пра яго дзень народзінаў і, нягледзячы на канвой і меры бяспекі, каб, не дай бог, ніхто не павіншаваў Міколу, ледзь не штохвілінна пакідалі яму што-небудзь на ложку. Гэта былі дробныя рэчы, накшталт алоўка, паштоўкі ці шакалядкі. А вязні з суседняга атраду нават здолелі перадаць яму сапраўдны торт. Але самае кранальнае, пра што я ніколі не забудуся, — адзін чалавек, які не меў ніякай падтрымкі з волі, паклаў яму на ложак акрайчык хлеба», — распавядае Марына Адамовіч.

Усе наступныя дні народзінаў Мікола Статкевіч сустракаў у магілёўскай турме — і гэта ўжо былі простыя, звычайныя дні, але мінімальныя спосабы святкавання ёсць і там.

gdb.rferl.org__d18a24f9_845f_4_1c14d2074ab08143b53d7b4393deb9ed.jpeg

Марына Адамовіч

«Так званы святочны стол, на якім, як кажа Мікола, будуць адборныя галовы кількі. Ён можа больш часу паслухаць музыку па радыё. Адзін раз нам удалося яго нават павіншаваць праз радыё. Але гэта ўдалося толькі адзін раз, усе іншыя віншаванні блакаваліся. Як ён зараз адсвяткуе, седзячы ў адзіночцы, я не ведаю. Магчыма, дадатковымі думкамі пра сваіх блізкіх», — кажа жонка палітвязня.

Наступным разам Марына Адамовіч можа атрымаць спатканне з мужам не раней за 27 снежня, таму ўзняць мужу настрой практычна няма як:

«У мінулыя дні народзінаў я спрабавала міні-падарункі дасылаць. Яны ўсе да мяне вярталіся, ясная рэч».

На сваім сайце  Мікола Статкевіч адгукаецца праз жонку на ўсе значныя падзеі. Пасля вызвалення Алеся Бяляцкага ён вельмі радасна выказаўся, сказаў, што ганарыцца Алесем, што той вельмі годны і мужны чалавек. Аднак у дачыненні да сваёй асобы верагоднасць амністыі не разглядае.

«Я чытаю кожны закон аб амністыі, хоць ніколі на іх не спадзявалася. Проста заўсёды трымаю перад сабой выпісаныя артыкулы, паводле якіх асуджаныя палітычныя зняволеныя, і параўноўваю з законам. Толькі ў гэтым годзе ў законе аб амністыі з'явіўся артыкул, паводле якога быў асуджаны адзін з палітычных вязняў — Алесь Бяляцкі. Для Алеся гэта адразу давала спадзяванне на вызваленне, бо раней усе артыкулы, па якіх сядзелі палітвязні, выключаліся. Для Міколы — і ягоны артыкул, і турэмны рэжым выключаюць магчымасць амністыі. Таму такога спадзявання няма. Але калі на тое ёсць воля, могуць быць іншыя спосабы вызваліць людзей», — распавядае Марына Адамовіч.

Жонка палітвязня кажа, што Мікола Статкевіч мае магчымасць сачыць за сусветнымі падзеямі. Напрыклад, ён не раз выказваўся ў лістах пра ўкраінскія падзеі.

«Мне здаецца, ён сочыць за навінамі нашмат больш, чым мы тут усе на адноснай волі. І рэагуе на іх. Напрыклад, пасля катастрофы з малайзійскім „Боінгам“ ён напісаў у лісце як ракетчык і спецыяліст па сістэмах кіравання, чаму гэты самалёт не маглі збіць украінскія вайскоўцы. Гэты ліст, дарэчы, дзе ён адразу гэта напісаў, да мяне не дайшоў. Бо ў ліпені ў адказ на пазітыўныя чаканні з боку Еўропы на працяг вызвалення палітвязняў, наадварот, пачалося блакаванне лістоў. Ну, а таму, што ў яго абсалютна ясны розум і выдатнае разуменне таго, што адбываецца ў свеце, ёсць некалькі прыкладаў. У траўні ён напісаў мне, што верагоднае пераабранне Марціна Шульца на пасаду старшыні Еўрапарламенту. Каб адна асоба займала гэтую пасаду два разы запар, ніколі раней не было, тым не менш Шульц быў пераабраны. А не так даўно ён сказаў, што цюркі захочуць прадэманстраваць прагу да аб’яднання і стварэння адзінай цюрскай дзяржавы — на мінулым тыдні такая заява прагучала», — распавядае Марына Адамовіч.


«Для чытання ў яго ёсць толькі тыя кнігі, якія ў турэмнай бібліятэцы. Яна досыць нядрэнная, але ж там толькі класічная літаратура. Што тычыцца перадаць яму кнігі з волі — гэта даволі цяжка, бо гэта можна зрабіць толькі падчас стандартнай перадачы, якая адна на год. Але ён не скардзіцца, кажа, што чытаць яму ёсць што. Наконт пісання — то мне здаецца, што Мікола не лічыць, што ягоныя персанальныя літаратурныя опусы могуць выйсці з-за кратаў, з улікам стаўлення да яго. Таму я не ведаю, каб ён пісаў нешта вялікае. Калісьці, яшчэ ў 2006 годзе, ён мне казаў, што, магчыма, калі-небудзь, калі будзе зусім ужо на пенсіі, то пачне пісаць. Не ведаю, ці робіць ён гэта цяпер». Паколькі карэспандэнцыю Міколы Статкевіча праглядаюць вельмі пільна, ён перакананы, што ягоныя турэмныя допісы не змогуць выйсці з муроў вязніцы, таму вялікага літаратурнага твору пакуль не піша. Але, як ён аднойчы прызнаваўся Марыне Адамовіч, такое памкненне ў яго было.

www.svaboda.org