«Я спадзяюся, што Лукашэнка адумаецца раней, чым тут усё стане халодным». «Гроднаазот» рыхтуецца да стачкі
Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі «Гродна Азот» 19 жніўня абмеркавала, як пачаць забастоўку, піша svaboda.org.
«Гродна Азот» — адно з беларускіх прадпрыемстваў, працу якіх складаней за ўсё спыніць з-за асаблівасцяў тэхналагічнага працэсу.
Сотні работнікаў выйшлі ў абед за тэрыторыю хімічнага прадпрыемства. Перад імі выступіў прадстаўнік страйкавага камітэта, работнік прадпрыемства Юры Рававы. Ён паведаміў, што галасаванне, якое раней праводзілі ў цэхах аміяку пра пытанне забастоўкі, кіраўніцтва завода прызналі нелегітымным.
«Тое, што цяпер адбываецца, я ўспрымаю як размыльванне пратэсту. Яны імкнуцца цягнуць час. Пакуль мы не занеслі ніводнай сваёй паперы па фармаванні страйкавага камітэту, нас не чулі», — адзначыў Рававы.
Паводле яго словаў, страйкавы камітэт хоча выпрацаваць сумесныя крокі паступовага прыпынення вытворчасці сумесна з кіраўніцтвам і вытворчым аддзелам. Некаторыя падраздзяленні павінны працягваць працаваць на мінімальных магутнасцях, каб потым можна было хутка запусціць вытворчасць, напрыклад, цэх аміяку.
«Усё будзе весці да агульнага спынення. Але, магчыма, працэс завершыцца. Я спадзяюся, што Лукашэнка адумаецца раней, чым тут усё стане халодным», — адзначыў Рававы.
Ён паведаміў, што галасаванне неабходна ў кароткія тэрміны правесці паўторна. Каб пачаць забастоўку, яе павінны падтрымаць дзве траціны работнікаў.
Пытанне ў бюлетэнях будзе прыблізна такім: «З прычыны высокай сацыяльнай напружанасці ад дзеянняў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі калектыў „Гродна Азот“ выказвае яму свой недавер і спыняе вытворчасць да яго адстаўкі. Спыненне вытворчасці будзе праходзіць па ўзгадненні з вытворчым аддзелам, кіраўніцтвам, і будзе ісці ў такім ключы, што мы нацэлены на хуткі запуск».
Рававы заклікаў не замоўчваць спробы кіраўніцтва ціснуць на працаўнікоў не пачынаць страйк. Агучыў, што такія факты ўжо былі на сходах страйкаму.
«Нам трэба дзейнічаць. Дзейнічаць зараз мы можам, таму што мы працуем на экспарт, а не вырабляем прадукцыю, якая патрэбная для нашага ўнутранага рынку», — заявіў прадстаўнік страйкаму.
Наконт таго, што з фонду беларускай салідарнасці прадпрыемству «Гродна Азот» выдзяляць 100 тысяч долараў, Юры Рававы для параўнання адзначыў, што кожны месяц на зарплаты «азотаўцам» ідзе каля 4 мільёнаў долараў у месяц.
«Гэтыя грошы (100 тысяч долараў) прыйдуць да нас, і мы пачнем імі займацца. Неразумна адмаўляцца ад гэтай дапамогі. Мне хацелася б, каб ніхто не думаў, што гэта нешта праплачанае. Гэтыя грошы пойдуць тым страйкоўцам, каму гэта ў першую чаргу больш патрэбна, шматдзетным, напрыклад. Крытэрыі прапрацуюць. Гэта не палітызаваныя сілы. Дапамога будзе адраснай, каб не дакранацца да гэтых грошай», — заявіў Рававы.