Муж Кацярыны Андрэевай напярэдадні суда: наша любоў мацней за рэжым Лукашэнкі. Мы пераможам

Сёння а 10.00 у судзе Фрунзенскага раёну мінска пачнецца разгляд крымінальнай справы ў адносінах да журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай. Муж Кацярыны вядомы журналіст Ігар Ільяш выказаўся перад пачаткам працэсу.

148549117_3601176293295384_7388728234121804682_o.jpg

— Сёння я ўпершыню за амаль тры месяцы ўбачу Кацю. Ўбачу, але не змагу пагаварыць або абняць, бо яна будзе знаходзіцца ў клетцы і пад канвоем,напісаў Ігар Ільяш у фэйсбуку. — Кацярыну Андрэеву абвінавачваюць у здзяйсненні выдуманага спецслужбамі злачынства.
Гэты момант вельмі важна разумець: асаблівасць сітуацыі нават не ў тым, што яна не здзяйсняла гэтага злачынства, а ў тым, што такога злачынства ў прынцыпе не было і быць не магло. Сама думка, што можна кіраваць «беспарадкамі» з дапамогай жывога рэпартажу — паранаідальная. Ну а я у рамках гэтага паранаідальнай справы праходжу як сведка выдуманага злачынства.

Бліжэйшыя дні будуць вельмі цяжкімі. Я не раблю прагнозаў на зыход суда. Я ведаю адно: свет, які мы з Кацяй стварылі ў нашых адносінах, значна мацней за ўсе турмы, спецслужбы і суды. Наша любоў мацней рэжыму Лукашэнкі. І ўжо дакладна даўгавечней.

Што б з намі не адбылося, мы ўсё роўна рана ці позна пераможам, будзем разам і будзем шчаслівыя. Мы з Кацяй ў гэтым абсалютна перакананы.

Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова знаходзяцца ў СІЗА з 15 лістапада. Іх затрымалі за стрым для тэлеканала «Белсат», яны асвятлялі разгон мітынгу памяці Рамана Бандарэнкі. Вось відэа таго рэпартажу ў жывым эфіры.

Кацярыне і Дар'і абвінавачванне прад'яўлена па ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») КК РБ.

Праваабаронцы прызналі журналістаў палітвязнямі.