МУС Беларусі стварыла падраздзяленне па ахове яшчэ непабудаванай БелАЭС

МУС скончыла стварэнне падраздзялення па ахове Беларускай АЭС, паведаміў сёння міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч на пасяджэнні калегіі МУС, прысвечанай вынікам працы органаў унутраных спраў за 2015 год.



aes_astr.jpg

Міністр адзначыў, што ў прыватнасці асноўную ўвагу неабходна надаць нарошчванню баявога патэнцыялу падраздзяленняў спецпрызначэння ўнутраных войскаў і пытаннях ўсебаковага забеспячэння бяспекі Беларускай АЭС. «Дарэчы, мы за кошт сваіх унутраных рэзерваў ўжо ўкамплектавалі і стварылі падраздзяленне ўнутраных войскаў па ахове названага аб'екта», — цытуе Ігара Шуневіча БелТА.

Таксама кіраўнік МУС падкрэсліў, што сярод прыярытэтаў для органаў унутраных спраў застаецца супрацьдзеянне экстрэмізму. «Геапалітычнае становішча нашай краіны не дазваляе дыстанцыявацца ад негатыўных працэсаў у свеце», — сказаў ён. Міністр паведаміў, што ў краіне ўжо арганізаваны аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па выяўленні людзей, якія выношваюць планы правядзення экстрэмісцкіх акцый. Узмоцнена ахова аб’ектаў транспартнай інфраструктуры.

Раней намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі, камандуючы ўнутранымі войскамі палкоўнік Юрый Караеў заяўляў, што вайсковая частка па ахове Беларускай АЭС будзе створана з улікам вопыту Расіі і Украіны, для адбору кадраў у гэтае падраздзяленне распрацаваны спецыяльны апаратна-праграмны комплекс. «Асабісты склад будзе адбірацца вельмі старанна, па маральна-псіхалагічных і дзелавых якасцях кожнага байца. Чалавечы фактар у дадзеным выпадку грае першачарговую ролю, і для выканання пастаўленай задачы будуць прыцягвацца толькі самыя прафесійныя вайскоўцы», — падкрэсліваў ён.

«Атамная электрастанцыя ў свядомасці людзей уяўляецца аб'ектам падвышанай небяспекі. Пытанне надзейнасці, пытанне абароны гэтага аб’екта хвалюе кожнага. Фізічная абарона Беларускай АЭС даверана ўнутраным войскам МУС. І патрабаванні да асабовага складу вайсковай часткі, якая будзе створана для аховы АЭС, будуць максімальна высокімі», — заяўляў раней журналістам Юрый Караеў.