МНС: радыяцыйны фон у Беларусі пасля пажару ў Чарнобылі не змяніўся
Больш за сто чалавек працуюць на ліквідацыі пажару ў чарнобыльскай зоне адчужэння на тэрыторыі Украіны. Агнём ахоплены каля 10 га лесу.
Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, радыяцыйная абстаноўка стабільная. Перавышэнняў узроўняў магутнасці дозы гама-выпраменьвання шматгадовымі значэннямі не зафіксавана.
Сінаптычная сітуацыя ў паўднёвых рэгіёнах краіны 5-6 чэрвеня не будзе спрыяць пераносу паветраных мас на тэрыторыю Беларусі. У мэтах узмацнення кантролю радыяцыйнай абстаноўкі Гідрамета з 5 чэрвеня ўзмоцнены рэжым працы службы радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу на тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Работнікі Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі знаходзяцца ў кантакце са сваімі ўкраінскімі калегамі. У цяперашні час работы па ліквідацыі пажару працягваюцца. Акрамя 131 чалавека, які працуе на зямлі, да ліквідацыі прыцягнутая авіяцыя, паведамляе МНС. Інфармацыю аб выніках радыяцыйнага маніторынгу можна атрымаць на сайце rad.org.by.
Нагадаем, раніцай 5 чэрвеня ў Чарнобыльскай зоне ва Украіне ўспыхнуў пажар — гарэла адна з самых забруджаных тэрыторый «Руды лес». У сувязі з пажарам завялі крымінальную справу, не выключаюць падпал.