«Мяне ўразіла, што амбасадар Швецыі ведае беларускую мову»

Вядоўца, кухар і бізнесовец — у нашай рубрыцы «Гэта я — беларускамоўны». Чытаючы новыя гісторыі, вы можаце чарговым разам пераканацца, што беларуская мова належыць усім нам, а не толькі вучоным філолагам альбо зацятым «бэнээфаўцам».

14717195_10154585717379836_5460508244981611347_n.jpg

Калі гісторыі былі ўжо гатовыя, я заўважыла цікавае супадзенне: гэтым разам усе нашы беларускамоўныя героі — мужчыны і паходзяць з Міншчыны. Таму, каб нікому не было крыўдна, абяцаем, што наступным разам гісторыі будуць ад жанчын, жыхарак цудоўных мясцін па-за межамі беларускай сталіцы.


Васіль Грыбоўскі, вядоўца, Міншчына


grybouski.jpg


— Я нарадзіўся ў вёсцы і наведваў беларускамоўную школу, таму з мовай жыў з дзяцінства. Зразумела, гэта была не літаратурная мова, а збольшага трасянка. Я не задаваўся нават у той момант пытаннем, якую мову выкарыстоўваю ў паўсядзённым жыцці, я проста на ёй размаўляў. Былі розныя моманты ў школьным жыцці. Напрыклад, прадстаўляючы сваю школу на раённых алімпіядах, я заўсёды ездзіў выпрабоўвацца менавіта ў беларускай мове і літаратуры. У той жа час успамінаецца прыкры выпадак з падручнікам па фізіцы для 10-га класа — у мяне адзінага ён быў на рускай мове, чым, памятаю, я быў усцешаны...

Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё найперш праз бабулю і гісторыю. Калі я быў ужо студэнтам, задаў пытанне маёй бабулі: хто ёсць нашы продкі? І даведаўся ад яе пра шляхту, пра звычаі нашага народа. Пасля гэтага я прагна стаў вывучаць гісторыю Беларусі. Калі я скончыў універсітэт, я меў ужо зуcім іншыя погляды на мову, гісторыю. Яшчэ больш мяне падахвоціла на выкарыстанне мовы ў паўсядзённым жыцці наведванне ПЭН-цэнтра і рэдакцыі газеты «Наша Ніва» — я аказваў ім паслугі ў абслугоўванні сігналізацыі.

Цяпер я — індывідуальны прадпрымальнік, аказваю забаўляльныя паслугі. Працую вядоўцам-маршалкам, аніматарам на розных урачыстасцях, супрацоўнічаю з турыстычнымі фірмамі. Дзесьці на 90 працэнтаў аказваю паслугі па-беларуску. Выключэннем бываюць моманты, калі на мерапрыемствах прысутнічаюць госці з-за мяжы, звычайна гэта прадстаўнікі краін Балтыі, Расіі і людзі, якія беларускую мову не ведаюць. Калі працуеш для ўкраінцаў, пытанне мовы не ўзнікае. Радзіна, сваякі, сябры — усе ведаюць мяне як беларускамоўнага. Не хаваю, што па-за сваёй дзейнасцю, бывае, пераходжу на рускую мову — напрыклад, у пытаннях вядзення будоўлі. З кожным разам намагаюся змяншаць выкарыстанне рускай мовы, часам атрымліваецца, часам — не.

Згадваюцца два цікавыя выпадкі. Я быў неяк вядоўцам на мерапрыемстве расійскай кампаніі, якая вырашыла адзначыць гадавіну свайго заснавання ў Беларусі. Было гэта ў Сілічах. Мой непасрэдны замоўца папрасіў праводзіць мерапрыемства па-беларуску, хоць я яго папярэджваў пра наступствы. І вось падчас размовы да мяне звяртаецца адзін з удзельнікаў і кажа: «А можна па-руску, мы вашу ўкраінскую не разумеем». Я растлумачыў яму, што Сілічы — гэта беларускі гарналыжны курорт, які знаходзіцца каля Мінска, беларускай сталіцы, а Украіна за 350 кіламетраў ад вашага стала. Што цікава, прэзідыум і астатнія госці ўспрымалі мову нармальна, і толькі да яго, каб выдзеліць яго з агульнай грамады, я звяртаўся па-руску.

Другі выпадак быў у майго суседа — адзначалі яго дзень нараджэння. Мой сусед і яго сябрына з радзінай з Драгічынскага раёна адзін з адным зносяцца з сакавітай паляшуцкай гаворкай, а песні якія спяваюць пад баян! Мілая справа. І вось калі трэба было наліваць, я крыху маршаліў, бацька суседа заўсёды казаў: “Налівай, беларус!”


Ігар Гайдук, кухар, Мінск


gaiduk.jpg


— Некалькі гадоў таму я пераадолеў сябе і пайшоў на першыя моўныя курсы. Тады, я памятаю, было каля 500 чалавек, мы знаёміліся са Стэфанам Эрыксанам — праз скайп, тады яго ўжо адклікалі з Беларусі. Тое, што амбасадар Швецыі на такім высокім узроўні ведае беларускую мову, мяне вельмі ўразіла. Так паступова я і прывязаўся да беларускасці.

На сённяшні момант размаўляю на беларускай мове дома і ва ўніверсітэце. Курсавая таксама будзе на беларускай мове — гэта ведаю дакладна, хоць тэму пакуль не абраў. Служба «115» — адзіная дыспетчарская служба ЖКГ — цяпер гаворыць са мною таксама на беларускай мове (не ўсе супрацоўнікі, але гэта мы выправім). Скажу коратка — мова паляпшае жыццё!


Аляксей Каралёў, бізнесовец, Мінск


karaliou.jpg


— Першае знаёмства з роднай мовай адбылося, як амаль ва ўсіх, у школе на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Я добра ёю валодаў, але на практыцы не карыстаўся. Дзесьці гадоў сем таму ў мяне з’явіліся першыя знаёмыя, якія размаўлялі па-беларуску. Добры прыклад мне падалі. Паглядзеў я на іх і падумаў: а чаго я не магу так? Пакрысе пачаў размаўляць, а калі гэта ўся беларусізацыя стала набыла папулярнасць, яшчэ актыўней пачаў ужываць родную мову.

У сям’і я стараюся з дзецьмі (дзяўчаты-дашкольніцы) гаварыць па-беларуску. Яны ведаюць, што гэта наша мова, разумеюць яе, але пакуль не маюць магчымасці яе вывучаць, таму першыя веды павінны мы — бацькі — ім даць. Беларуская мова для іх яшчэ не асноўная, але мой абавязак — выгадаваць іх беларусамі і навучыць ставіцца да мовы гэтак жа, як я сам.

Актыўна выкарыстоўваю беларускую мову і ў бізнесе. Наш карпаратыўны сайт зроблены на дзвюх мовах, але асноўнай з’яўляецца беларуская — гэтая версія адкрываецца па змоўчанні. Сайты нашых асобных брэндаў таксама аформленыя па-беларуску, і беларускія версіі — асноўныя. Лічу, што гэта правільна, бо мы — беларусы, і найперш павінны дбаць пра родную мову. У той жа час мы клапоцімся пра кліентаў, і той, каму раптам цяжка зразумець беларускую мову, можа пераключыцца на іншую — рускую ці англійскую. У сацыяльных сетках таксама вядзем працу па-беларуску.

Ёсць у нас і выключна беларускамоўныя кліенты, з якім мы арганізоўваем працу і праводзім перамовы па-беларуску — для іх важна, калі з імі могуць якасна размаўляць на нашай мове. Але пакуль усё ж большая частка кліентаў — гэта рускамоўныя людзі, таму з імі даводзіцца размаўляць па-руску.

Прыгадваецца, як гадоў 10 таму мы падарожнічалі па Еўропе і амаль напрыканцы, ужо калі мы ехалі дадому па тэрыторыі Польшчы, у нашым аўто спусціла кола. Мы спыніліся амаль адразу — на першай жа запраўцы, і я пайшоў спрабаваць знайсці насос, каб падкачаць кола. Тады я яшчэ зусім слаба ведаў польскую мову і паспрабаваў у супрацоўніка станцыі запытаць на англійскай і рускай мовах, але ён мяне не разумеў. Тады я падумаў, ці не спытаць па-беларуску — згадаўся, што нашы мовы вельмі падобныя. І здарыўся цуд — пан адразу зразумеў мяне. Дастаў са свайго аўто насос, і я змог напампаваць кола. Так беларуская мова дапамагла нам бесклапотна вярнуцца дахаты!