Міліцыянер выратаваў школьніцу ад суіцыду падчас жывога эфіру ў сацсетцы
Мінская школьніца падчас жывога эфіру ў сацыяльнай сетцы расказала, што збіраецца скончыць жыццё самагубствам, піша «Еўрарадыё».
Сяброўка, якая глядзела відэаэфір школьніцы, звярнулася ў міліцыю, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".
У момант правядзення жывога эфіру дзяўчына знаходзілася на агульным балконе 19-павярховіка па вуліцы Русіянава. Пакуль нарад ехаў да дома, міліцыянт Дзмітрый Гутнікаў знайшоў старонку дзяўчыны ў сацыяльнай сетцы. Ён пачаў размаўляць з ёй, угаворваючы не здзяйсняць неразумны ўчынак, і стараўся адцягнуць момант, калі падлетак пералезе праз агароджу гаўбца.
Калі міліцэйскі нарад прыбыў да месца, Гутнікаў падняўся да дзяўчыны і адцягнуў яе на бяспечную адлегласць. Школьніца не магла растлумачыць свае намеры — толькі паўтарала, што так будзе лепш для ўсіх.
Міліцыянт распавёў аб тым, што здарылася, бацькам, перадаў ім дачку і папрасіў звярнуць увагу на яе псіхалагічны стан. Бацькі дзяўчыны ўдзячныя міліцыянту за выратаванне іх дачкі.