Міліцыя заявіла пра раскрыцьцё гучнага забойства рыбака на мяжы з Украінай, а потым выдаліла матэрыял
12 сьнежня на старонках брагінскай раённай газэты «Маяк Палесься» ў апэратыўнай зводцы ад міліцыі зьявілася інфармацыя пра забойства ля мяжы з Украінай ветэрынарнага лекара з Гомля.
Публікацыя даступная ў вэб-архіве, адзначае «Св*бода». Паводле яе, ветэрынара з
Гомля забілі стрэлам у галаву грамадзяне Ўкраіны.
12 сьнежня на старонках брагінскай раённай газэты «Маяк
Палесься» ў апэратыўнай зводцы ад міліцыі зьявілася інфармацыя пра забойства ля
мяжы з Украінай вэтэрынарнага лекара з Гомля.
«Распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да грамадзяніна Ўкраіны. Ён падазраецца ў забойстве мужчыны стрэлам у галаву каля вёскі Верхнія Жары», — паведаміла мясцовая міліцыя на старонках раёнкі.
Публікацыю заўважыла выданьне «Фл*гшток».
Раёнка паведамляла, што ўсё адбылося 9 траўня. Паводле
публікацыі, злачынцы (іх было двое, асобу другога ня высьветлілі)
пагражалі ахвяры, «наносілі ўдары нагамі і рукамі, затым адзін зь іх
зьдзейсьніў тры стрэлы». Паводле міліцыі, мэтай злачынных дзеяньняў было
«завалодаць чужой маёмасьцю».
Пасьля перадруку інфармацыі ў выданьні «Фл*гшток» брагінская
раёнка прыбрала публікацыю з сайту. Цяпер пад спасылкай публікацыі няма,
браўзэр выдае памылку «404». Аднак апублікаваны раней матэрыял захаваўся ў
архіве, яго можна бачыць пад гэтым адрасам.
Нагадаем, 9 траўня каля вёскі Верхнія Жары (паўтара
кілямэтра ад мяжы з Украінай) адбылося забойства 45-гадовага Сяргея
Чамбровіча. Ён жыў у Гомлі, працаваў лекарам у вэтэрынарнай клініцы, захапляўся
рыбнай лоўляй. Ён зь сябрам 9 траўня паехаў на рыбу на раку Дняпро каля Верхніх
Жараў і быў там забіты стрэлам у галаву пры нявысьветленых абставінах.
Паводле рашэньня ўкраінскіх памежнікаў з канца красавіка ў
Чарнігаўскай вобласьці было забаронена знаходзіцца на памежнай тэрыторыі.
Аналягічную забарону прынялі і беларускія памежнікі. У той час, калі ва Ўкраіне
ішлі актыўныя баявыя дзеяньні, мяжа была пад узмоцненай аховай. У Брагінскім
раёне мясцовыя жыхары ня раз бачылі расейскіх вайскоўцаў і тэхніку.
У загінулага 45-гадовага вэтэрынара засталіся жонка і двое сыноў. Усе, хто ведаў яго ў жыцьці і працы, расказваюць пра яго толькі станоўчае. «Добры, чульлівы, сьціплы, нікому не адмаўляў у дапамозе», — казалі пасьля забойства жыхары Гомля.
10 траўня лекара, аматара рыбнай лоўлі пахавалі ў вёсцы
Раманавічы Гомельскага раёну.
«Дакладна ніхто нічога пакуль ня ведае. Паехаў зь сябрам на
рыбу ў Брагінскі раён. Ня першы раз, бо ён быў аматарам. Яны былі не на чаўнах
— лавілі рыбу зь берага. На іх там «напалі» — каля дзявятай раніцы 9 траўня.
Хто напаў, як — невядома. Сяргею стрэлілі ў галаву. Сябар уцёк, схаваўся ў лесе
і выклікаў ці памежнікаў, ці міліцыю. Жонка нават не была на апазнаньні, бо там
пашкоджаная галава — стрэл быў проста ў галаву. Хто страляў, адкуль, чаму —
невядома», — расказвала «Свабодзе» гамяльчанка, знаёмая сям’і.
Пасьля забойства начальніца прэсавай службы 105-га памежнага
атраду Дзяржаўнай памежнай службы (Чарнігаў) Галіна Шахаўцова паведаміла, што ўкраінскія памежнікі ў гэтым інцыдэнце ня ўдзельнічалі.
«Там не было зафіксавана спробаў парушэньня дзяржаўнай мяжы
Ўкраіны. Стрэлаў ніхто ня чуў. Пра сьмерць рыбака мы ведаем толькі са СМІ», — патлумачыла начальніца прэсавай службы.
Паводле інфармацыі «Св*боды», сябра вэтэрынара, які быў зь ім
на рыбе, пасьля забойства быў затрыманы на 72 гадзіны.
«Пасьля гэтага ён нікому нічога не казаў. Відаць, у «органах» правялі зь ім гутарку. Наколькі я ведаю, сваякі вэтэрынара таксама не
выступаюць публічна», — сказала крыніца.