«Медычная супольнасць не будзе маўчаць»

Да чаго прывядзе ціск на медыкаў? Што будзе калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе? Найбольш адукаваныя з’едуць. Пра гэта ў матэрыяле Радыё Свабода.

Архіўнае фота

Архіўнае фота


«Па тэхнічных прычынах пачатак аперацый быў пасунуты»

Загадчыца кабінету эндаскапіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялогія» Тацяна Гінько працуе ў цэнтры з 2017 году і ганарыцца ўнікальным калектывам прафэсіяналаў высокага ўзроўню. Разам з калегамі Тацяна брала ўдзел ва ўжо традыцыйных ланцугах салідарнасці медыкаў.

—- Медыкі ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, але не спыняюць працу. Медыкі хочуць спыніць неабгрунтаванае ўжыванне сілы тымі структурамі, якія павінны абараняць народ, а ня толькі дзейную ўладу. На ўсіх гэтых акцыях адзіным калектывам выступаюць медыкі РНПЦ «Кардыялогія» і калегі з 4-й бальніцы. Усё адбываецца па-за працоўным часам. Мы не спрабуем арганізаваць уласны страйк. У нас усе запланаваныя лячэбныя і вучэбныя мерапрыемствы працягваюцца. Былі затрыманыя ўдзельнікі акцыі, якія з’яўляюцца гонарам нашай кардыялогіі і кардыяхірургіі.

Яны выйшлі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю мірным шляхам, а іх затрымалі і накіравалі ў РУУС для складання пратаколаў, іх абвінавачвалі ў тым, што яны выкрыквалі супрацьурадавыя лозунгі і парушалі грамадзкі парадак. Гэта недапушчальна. Усе гэты людзі адбыліся як спецыялісты, яны ва ўсіх адносінах выконвалі правілы чалавечай этыкі, маралі, яны ніколі не ўяўлялі небяспекі для беларускага народу. Такое абыходжанне з імі, дастаўка ў РУУС — маральна прыніжальна, абвінавачанне іх у нечым — недапушчальна.

Медычная супольнасць ня будзе маўчаць у адказ на несправядлівасць, перавышэнне службовых паўнамоцтваў сілавым структурамі. Лячыць фізічныя і душэўныя траўмы, якія атрымала наша насельніцтва, будзе наша цывільная медыцына. Медыцына ваенная, пенітэнцыярная і медыцына для дзяржапарату стаяць паасобку. А астатнія медычныя рэсурсы існуюць як адзіная медычная супольнасць Беларусі, аб’яднаная не прафсаюзам, а чалавечымі сувязямі. Мы разам вучыліся, разам працавалі, разам удзельнічалі ў канфэрэнцыя, у нас адзіныя падыходы гуманізму. І яны не звязаны з тым, хто заняў чый бок — чалавека, які прызнае ці не прызнае вынікі выбраў. Мы — супольнасць, якая не прызнае гвалт і несправядлівасць.

Людзі, якія былі сёння затрыманыя, гэта ўніжальныя спецыялісты, прызнаныя за мяжой. Нават з пункту гледжання «няма незаменных, ёсць непаўторныя», гэта людзі, якія адначасна незаменныя і непаўторныя. Яны вярнуліся да працы пасля гэтага прыніжэння і выканалі практычна ўсе свае лячэбныя задачы, правялі запланаваны майстар-клас разам з расейскімі спецыялістамі. Яны зрабілі план па аперацыям. Як выказаўся загадчык адздзялення, «па тэхнічных прычынах пачатак аперацый быў пасунуты». Калі беларускі доктар кожны раз, складаючы план на заўтра, павінен задумацца пра тое, ці можа ён аказацца на працы на наступны дзень, гэта пра многае кажа. Мы хочам быць спакойныя за сваіх калегаў і за сваіх дзяцей, за людзей, якія, як выказаўся Караеў, «не паспелі адскочыць у бок». Мы будзем заставацца на сваёй грамадзянскай пазіцыі.

«Многія дактары, якія задумваліся пра пераезд і вагаліся, ці прыняць такое рашэнне, зараз яго пранялі»

Анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця» Андрэй Вітушка расцэньвае сённяшнюю сітуацыю як беспрэцэдэнтную.

— Спачатку затрымлівалі медыкаў на нядзельных і іншых маршах, але затрымлівалі як шараговых удзельнікаў. Гэтым разам затрымалі мэтанакіравана медработнікаў, якія выйшлі ў свой непрацоўны час. Гэта было 7 30 — 7 40 раніцы. Калегі прыйшлі на вызначанае месца і збіраліся пэўны час там прабыць, выказаць сваю думку і потым ісці працаваць. Замест гэтага яны паехалі ў пастарунак і сталі фігурантамі адміністрацыйнай справы. На жаль, гэтым сітуацыя ня скончылася. Пасля працы дактары Менскай абласной клінічнай бальніцы таксама выйшлі з пратэстам пасля заканчэння працоўнага дня. Так адбываецца там ня першы раз. Гэтым разам двух лекараў анастэзіёлагаў-рэаніматолагаў затрымалі.

Сітуацыя развіваецца ў неспрыяльны бок, пачалі затрымліваць медработнікаў, якія абазначаюць сябе як медработнікі. Нашы медработнікі — высокапрафэсійныя і высокамаральныя і найперш думаюць пра інтарэсы пацыентаў. Яна ў поўным памеры выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, а калі праяўляюць салідарнасць, робяць гэта ў непрацоўны час.

У Беларусі не хапае лекараў, многія раней з’ехалі працаваць у іншыя краіны. Многія дактары, якія задумваліся пра пераезд і вагаліся, ці прыняць такое рашэнне, зараз яго пранялі і знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі да пераезду, як толькі адкрыюцца межы і палепшыцца сітуацыя з каранавірусам. А, можа, нават не чакаючы заканчэння пандэміі. У Эўропе падчас першай хвалі была вялікая патрэба ў лекарах, найперш у анэстызіёлагах-рэаніматолагах, спецыялістах, якія ўмеюць настройваць апарат вэнтыляцыі лёгкіх. Была вялікая патрэба агулам у лекарах. Многія зараз прынялі рашэнне. І мы гэта яшчэ адчуем.

З’яжджаюць з Беларусі найбольш адукаваныя і кваліфікаваныя лекары, якія ведаюць замежныя мову і імкнуцца быць у трэндзе распрацовак сучаснай медыцыны. Страта кожнага такога спецыяліста адчувальная для медычнай сістэмы аховы здароўя Беларусі. Ня варта забывацца і пра расейскі і ўкраінскі кірунак. Гэта рэальная праблема для Беларусі. Добры спецыяліст ня будзе «сінеючымі пальцамі» трымацца за месца ў Менскай абласной бальніцы. Ён знойдзе сабе добрую працу ў іншай краіне.