Лятучы пачынае новы сезон — канешне, з “Галоўных пытанняў”!

30 верасня 2015 г. Лятучы ўніверсітэт распачынае ўніверсітэцкі год і запрашае на адкрыццё новай серыі публічных лекцый пад агульнай назвай “Галоўнае пытанне”. 



afishamackevich1.jpg

Штотыдзень, па серадах арганізатары збіраюцца ладзіць сустрэчы з беларускімі інтэлектуаламі, навукоўцамі, культурнымі дзеячамі, каб разам з імі разважаць над самымі рознымі гуманітарнымі, сацыяльнымі і культурнымі праблемамі. Спадзяемся, што гэтыя лекцыі стануць часам і месцам пастаноўкі важных для мыслення пытанняў і супольнага пошуку адказаў на іх, аспрэчвання пазіцый, крытыкі падыходаў, цікавых інтэлектуальных і культурных вынаходніцтваў. Для заангажаваных слухачоў — наведвальнікаў нашых лекцыйных курсаў і семінараў папярэдніх сезонаў— гэтыя лекцыі дазволяць паспрабаваць свае сілы ў практыкаванні тых мысленчых методык, якія мелі мажлівасць засвоіць у Лятучым. А для новых слухачоў гэта дасць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з універсітэцкай супольнасцю, з ідэяй Універсітэта, адчуць атмасферу інтэлектуальнага асяроддзя.
Свае “галоўныя пытанні” паставяць перад слухачамі Уладзімір Мацкевіч,Алесь Смалянчук, Ігар Бабкоў, Таццяна Вадалажская, Алесь Разанаў, Вячаслаў Бабровіч, Аксана Шэлест, Міхась Баярын, Святлана Карасёва, Ірына Махоўская, Алег Дзярновіч,Міхал Анемпадыстаў
Афіцыйнае адкрыццё сезону лекцый адбудзецца 30 верасня ў Галерэі Ў (пр-т Незалежнасці, 37а). З прамовай “Што можна ведаць пра непрадказальнае, або што мы ведаем пра будучыню?” выступіць філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Пачатак а 18.30. Уваход вольны! Звяртаем увагу, што наступныя лекцыі гэтай серыі, пры тым што застаюцца адкрытымі, будуць абавязваць слухачоў да папярэдняй рэгістрацыі. Гэта можна зрабіць, запоўніўшы ЗАЯЎКУ альбо напісаўшы ліст нашаму каардынатару. Больш падрабязную інфармацыю пра лекцыі – расклад, тэмы, умовы ўдзелу – шукайце на нашым сайце: www.fly-uni.org. Падпісацца на рассылку анонсаў, задаць пытанні, удакладніць дэталі можна таксама ў нашага каардынатара: flyuniby@gmail.com; +375297422040 (Юлія). У тэме ліста просьба пазначаць назву серыі “Галоўнае пытанне”.
Расклад бліжэйшых лекцый:
7 кастрычніка - Алесь Смалянчук "Пасляваенная калектывізацыя ў Заходняй Беларусі ў асвятленні вуснай гісторыі" (вынікі першай экспедыцыі Беларускага архіва вуснай гісторыі, прысвечанай калектывізацыі)
14 кастрычніка - Ігар Бабкоў “Пасля філасофіі”
21 кастрычніка -Вячаслаў Бабровіч “Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы”
28 кастрычніка - Алесь Разанаў (тэма вызначыцца пазней)
Паводле інфармацыі Лятучага ўніверсітэта