Лідары хрысціянскіх канфесій Беларусі правялі супольнае набажэнства ў Мінску

У мінскай каталіцкай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 23 студзеня адбылося экуменічнае набажэнства, якое завяршыла Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціянаў, абвешчаны Каталіцкай Царквой ва ўсім свеце. Тэма сёлетняга Тыдня гучала як «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Госпада».



tydzienj_22_1.jpg

У набажэнстве ўзялі ўдзел  арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік аддзелу адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Цакрвы а. Аляксандар Шымбалёў, пастар гродзенскай супольнасці святога Іаана Евангелічна-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў, намеснік старшыні Саюза Евангельскіх Хрысціянаў-Баптыстаў біскуп Аляксандар Лотараў, Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Кожны з прысутных выказаўся за наладжванне сувязяў, якія ў перспектыве павінныя прывесці да сапраўднага адзінства.

Распачынаючы набажэнства, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што прычына, па якой у касцёле сабраліся прадстаўнікі розных канфесіяў, відавочная: «Мы ўсе верым у адно і тое ж Евангелле».

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў адзначыў важнасць наследавання Божага слова ў жыцці кожнага хрысціяна. «Евангелле прыходзіць у нашае жыццё і перамяняе яго. Калі ўсе хрысціяне будуць ісці з такім пасылам у жыцці, то усе будуць у адным і будуць ісці адно за адным», — адзначыў ён. А архімандрыт Сяргей Гаек заахвоціў да штодзённага разважання над Божым Словам, адзначаючы важнасць Бібліі.

Выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі  Ігар Міхайлаў падкрэсліў, што прызначэнне хрысціянаў у тым, каб распавядаць пра Хрыста, і каб Евангелле з’явілася ў іншых людзей не толькі на кніжных паліцах, але і ў душы.

«Свет гіне без Хрыста, без любові да Бога, таму мы павінны быць тым святлом, які сведчыць пра Яго, — нагадаў біскуп Аляксандр Лотараў. — Мы не можам маўчаць, ведаючы, што тысячы ідуць у пекла, так і не спазнаўшы Бога».

Кульмінацыяй экуменічнага набажэнства было запальванне свечак ад адзінага светача.

Фота Paval Hadzinski

%D1%82%D1%8B%D0%B4%D0%B7%D0%B5%D0%BD%D1%8C-1-%D0%93%D0%B0%D0%B5%D0%BA-1.jpg


krynica.info