Кобрын: узмацненне ўціску грамадзянаў
У Кобрыне ўзмацняецца ўціск кобрынцаў за сумленную грамадзянскую пазіцыю — выказванне сваёй нязгоды з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і з гвалтам сілавікоў. Пра гэта сведчаць падзеі апошніх тыдняў.
Так, 16 красавіка была звольнена з працы вядомая ў горадзе дзіцячая доктарка Юлія Рафаловіч — адміністрацыя Кобрынскай цэнтральнай раённай лякарні палічыла за прагулы знаходжанне педыятра ў зняволенні. За ўпрыгожванне бел-чырвона-белымі стужкамі і ўлёткамі з заклікам «Кобрын, выходзь! Беларусь будзе вольнай!» гарадскога парку імя Аляксандра Суворава напярэдадні Дня Волі жанчыну пакаралі 7 суткамі арышту. Пры звальненні Юліі Рафаловіч была праігнаравана 20-гадовая бездакорная праца доктаркі, партрэт якой упрыгожваў Дошку гонару лякарні, шчыры клопат педыятра пра маленькіх кобрынцаў у любы час сутак, а не толькі ў працоўны. Была пакінута без увагі і просьба грамадскасці да галоўнага доктара бальніцы Міколы Брашко пакінуць лекарку на працы ў звароце, пад якім было сабрана больш за 800 подпісаў (з іх 513 — на платформе Petitions.by).
21 красавіка адбыўся вобшук у гаражы, дзе паркуе машыну шматдзетны бацька Зміцер Дамасевіч. Вобшук праводзіўся двума супрацоўнікамі Кобрынскага РАУС, у тым ліку Александрам Казловым, у рамках крымінальнай справы, заведзенай па факту нанясення леташняй восенню чырвоных палосаў на ўпакаваныя цюкі з саломай у наваколлі аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёну. Паколькі падчас вобшуку былі знойдзены балоны з рознай фарбай, у тым ліку чырвонай, укрыўны матэрыял з паласою чырвонага колеру і кавалкі белага пенапласту з чырвонай паласой і тэкстам «Жыве Беларусь!», Змітра Дамасевіча хацелі арыштаваць. Але мужчыне, які пакутуе на цукровы дыябет, стала кепска, яму выклікалі машыну хуткай медычнай дапамогі, за спадара Змітра заступіліся сябры і сваякі, у тым ліку цяжарная жонка Юлія. Кобрынец Алесь Мандра, які разам з Марынай Жук прыехаў падтрымаць Змітра Дамасевіча, назваў паводзіны міліцыянтаў «залішне агрэсіўнымі» і зазначыў, што сілавікам «трэба вучыцца весці дыялог з грамадзянамі і аргументаваць свае дзеянні».
Нагадаю, што за ўпрыгожванне гарадскога парку імя Аляксандра Суворава напярэдадні Дня Волі шматдзетная маці Марына Жук была аштрафаваная на 100 базавых велічынь (2900 рублёў) за паўторнае цягам году такое правапарушэнне. Апроч таго, пракурор Кобрынскага раёна Сяргей Мяшэчка хадайнічаў аб пастаноўцы сям’і Марыны Жук (15-гадовай Аляксандры, 6-гадовага Уладзіслава і 4-гадовага Ігара) на ўлік тых, што знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Аднак 22 красавіка савет па прафілактыцы сярэдняй школы №7 Кобрына адмовіўся задаволіць гэтае хадайніцтва пракурора.
21 красавіка каля 11.00 участковы інспектар Кобрынскага РАУС Андрэй Шугай правёў апытанне шматдзетнага бацькі Алеся Мандры, які з сям’ёй знаходзіўся на сваёй сялібе ў вёсцы Лягаты Кобрынскага раёну. Міліцыянта цікавіла, хто на пачатку тыдня выклаў у сеціва здымкі ў падтрымку звольненых з працы беларускіх медыкаў з выявай бел-чырвона-белага сцягу і надпісам «Кобрин». Пасля апытання і агляду сялібы Алесь Мандра з сям’ёй вярнуўся ў Кобрын, дзе разам з Марынай Жук падтрымаў Змітра Дамасевіча. Прыкладна а 18.30 спадар Алесь вымушаны быў вярнуцца з працы дадому, бо супрацоўнікі РАУС Валерый Гаўрылюк і Віктар Галімук прыйшлі з вобшукам у гарадскую кватэру Мандраў, дзе іхнюю сям'ю прыехала падтрымаць Марына Жук. Сілавікі праводзілі вобшук у рамках крымінальнай справы па факту надпісу чырвонай фарбай «3%» на 17 слупах агароджы стадыёну «Юнацтва» ў гарадскім парку. Затым вобшук, які скончыўся безвынікова, працягнуўся і на сялібе Мандраў у Лягатах. Спадар Алесь звярнуў увагу на «выключную карэктнасць» сілавікоў пад час вобшуку.
22 красавіка міліцыянт Андрэй Шугай правёў агляд дома і апытанне прадпрымальніка Сяргея Паленіка наконт выкладання ў сеціве на пачатку тыдня здымкаў у падтрымку звольненых з працы беларускіх медыкаў з выявай бел-чырвона-белага сцягу і надпісам «Кобрин». Нягледзячы на безвыніковасць дзеянняў супрацоўніка РАУС, Сяргея Паленіка на наступны дзень выклікалі ў РАУС да маёра міліцыі Міхася Вайтовіча, які затрымаў спадара Сяргея на трое сутак, як падазраванага па артыкуле 24.23 КаАП. На меркаванне прадпрымальніка, насамрэч яго затрымалі для прафілактыкі за грамадзянскую пазіцыю. «Праўда, Вайтовіч даў мажлівасць паведаміць пра зняволенне бацьку, сябрам і Марыне Жук, якая чакала мяне каля будынку міліцыі», — заўважыў спадар Сяргей. Паводле яго, 24 красавіка пад час закратавання быў выкліканы на допыт, які доўжыўся каля дзвюх гадзінаў. Супрацоўнік РАУС, які не прадставіўся, задаваў шмат пытанняў, схіляў да супрацы, а паколькі Сяргей Паленік адмовіўся, пагражаў праблемамі па працы прадпрымальніку і ягонаму бацьку, а таксама пры ўездзе ў Беларусь сястры, якая жыве ў Амерыцы. Свае 72-гадзіннае «прафілактычнае» зняволенне Сяргей Паленік назваў «сваволлем сілавікоў».
Да прадпрымальніка Віктара Рафаловіча — мужа звольненай лекаркі Юліі Рафаловіч — у канцы мінулага тыдня прыехаў дадому маёр міліцыі Міхась Вайтовіч. Паводле спадара Віктара, яго затрымалі ў якасці падазронага па адміністрацыйнай справе наконт нейкай акцыі з бел-чырвона-белым сцягам. Пры гэтым міліцыянт адмовіўся ўдакладніць, пра якую канкрэтна акцыю ідзе гаворка, але паведаміў, што мужчына будзе затрыманы на 72 гадзіны. «Пасля таго, як я патэлефанаваў пра затрыманне жонцы, якая сабрала неабходныя рэчы, Вайтовіч адвёў мяне ў камеру ізалятара часовага ўтрымання», — зазначыў спадар Віктар, які ўпершыню ў жыцці быў закратаваны. Ён назваў умовы зняволення ў ізалятары «прымальнымі» апроч ежы, якая «пакідае жадаць лепшага». «Адзінае, чаго мне не хапала, дык гэта акуляраў, бо без іх я быў пазбаўлены мажлівасці чытаць. Сваё затрыманне лічу фактам помсты сілавікоў за грамадзянскую пазіцыю жонкі і сына Аляксея, які вучыцца ў Польшчы і летась 10 жніўня быў затрыманы ў Кобрыне, збіты і асуджаны на 15 сутак», — падкрэсліў Віктар Рафаловіч.