Калі мы пераможам

Калі мы ўсвядомім, што выходзім не проста паказаць, як нас шмат, а засведчыць, што будзем стаяць да канца, — тады пераможам.

elections_select_20200826_bur_tutby_phsl_62.jpg


Чалавек становіцца дарослым, калі пачынае браць на сябе адказнасць за свае ўчынкі. Бо наша жыццё, а таксама тое, што адбываецца вакол нас, — гэта цалкам нашая зона адказнасці.
Нас надта доўга прывучалі, што ўсе нашыя праблемы вырашыць кіраўнік: цар, генеральны сакратар, прэзідэнт. Нас стагоддзямі свядома пераўтваралі ў быдла, якое не думае, жыве інстынктамі і з працы якога можна карыстацца.
Быдла не заяўляе пра свае правы, бо для яго галоўнае, каб гаспадар пакарміў, а астатняе — не важна. Яго могуць заганяць да смерці, біць, пускаць на каўбасы, і ўсе да гэтага прывыклі, — бо на тое ж яно і быдла.
На шчасце, беларусы, здаецца, не пагадзіліся быць быдлам — сведчаннем таму масавыя пратэсты па ўсёй краіне, якія не сціхаюць ужо больш за 100 дзён. Але ці хапае ў нас духу, усведамляючы сябе чалавечымі асобамі, стаць дарослымі? Гаворка тут, вядома, не пра ўзрост, а пра тую самую зону адказнасці.
Ці хапае ў нас духу шчыра адказаць, што мы гатовыя зрабіць для краіны, у якой хочам жыць? Ці гатовыя мы ахвяраваць для гэтага сваім камфортам?
Ці хапае ў нас духу адкрыта называць рэчы сваімі імёнамі: тых, хто падтасоўваў вынікі выбараў, — фальсіфікатарамі, тых, хто цісне і здзекуецца з людзей, — гвалтаўнікамі і катамі, тых, хто аддае і выконвае супрацьзаконныя загады, — злачынцамі, тых, хто працягвае працаваць на рэжым, — саўдзельнікамі злачынства, таго, хто незаконна ўтрымлівае ўладу, — узурпатарам? Нават калі сярод іх ёсць знаёмыя ці нават сябры — ці хопіць нам духу не падаць ім рукі і сказаць у вочы, што яны твораць злачынствы?
Ці хапае ў нас духу прызнацца сабе, што, выказваючыся супраць беззаконня, мы ў любы момант можам трапіць пад рэпрэсіі? І, нягледзячы на гэта, усё роўна не маўчаць?
Ці хапае ў нас духу ўсвядоміць, што барацьба з дыктатурай — гэта не гульня ці казка, дзе дабро перамагае зло, а сапраўдная вайна, на якой немагчыма без ахвяраў?
Ці хапае ў нас духу, выходзячы на нядзельны марш, прыняць, што сёння мы можам не вярнуцца дамоў, ці атрымаць калецтва, ці нават быць забітымі? І пры гэтым — усё адно выходзіць?
Калі мы будзем здольныя адказаць на ўсе гэтыя пытанні станоўча, мы станем дарослымі. Калі мы ўсвядомім, што выходзім не проста паказаць, як нас шмат, а засведчыць, што будзем стаяць да канца, — тады пераможам.