Як у вайну: «Знік без весткі»
Апоўдні 14 жніўня каля лячэбна-працоўнага прафілакторыя №3 пад вёскай Паўлаўка Слуцкага раёна пачалі з'язджацца аўтамабілі і збірацца людзі. Некаторыя родзічы ўрэшце знайшлі сваіх зніклых сыноў і братоў.
Былая турма прыняла новы тып вязняў — палітычных. У спісе — 569 чалавек, якіх прывезлі з Мінска, Брэста, Салігорска, Міханавіч, Наваполацка, Нясвіжа. Большасць вязняў маюць прапіску ў Мінску, дзевяць чалавек са Слуцку.
Зміцер Грыб — валанцер, які дапамагае шукаць зніклых людзей. Ад вызваленых з Акрэсціна даведаўся пра турму, змешчаную ў слуцкіх лясах. Разам з сябрам зрабілі фотаздымкі спісаў, перадалі прадукты і цыгарэты зняволеным.
Павел Сеч з Мінску шукаў свайго брата больш за тры дні.
— Не вярнуўся дамоў вечарам 11-га. Толькі ўчора знайшлі брата ў спісах на Акрэсціна, а пасля зноў згубілі. Хтосьці з тых, каго выпускалі з Акрэсціна, сказаў, што чулі размовы пра адпраўку ў Слуцк. У Слуцкім РАУС доўга ніхто не адказваў, не давалі інфармацыі, ніякіх спісаў там няма. Альбо адсутнасць прафесіяналізму, альбо новыя здзекі — гэтым разам над родзічамі зняволеных. Увогуле, гвалт без межаў.
Наталля Мартынаўна з Салігорску таксама ўрэшце знайшла свайго “без весткі зніклага” мужа ў Паўлаўцы.
— Мужу 67 гадоў, вельмі турбуюся пра яго фізічны стан. Ён амаль сляпы, хворыя ногі і страўнік. Ніколі раней не ўдзельнічаў у мітынгах, галасаваў раней за Лукашэнку. Ён не мог быць актыўным мітынгоўцам, але ўбачыў 9-га на плошчы многа людзей, пайшоў паслухаць, што кажуць людзі. Пайшоў і згінуў.
У адрозненне ад суразмоўцаў, Соф'я Амяльковіч ведала, што яе сыну Віталю дадалі яшчэ 15 сутак пасля таго, як ён ужо адседзеў пяць. Вяртаўся з ізалятара дамоў з сумкай і рэчамі праз плошчу, дзе яго зноў схапілі. Раней насіла перадачы ў Слуцкі ізалятар. А ўчора яго раптоўна перавялі ў лясную былую турму, што месціцца больш за 30 кіламетраў ад Слуцка.
Разам з Соф'яй паспрабавала перадаць перадачу Віталю і я. Былі здзіўлены большымі абмежаваннямі, чым у Слуцкім ізалятары. Нельга перадаць нават гародніну і яблыкі. З цяжкасцю, пасля нервовых размоў і з дапамогай начальства, удалося перадаць бутэлькі мінеральнай і звычайнай вады. Уразілі ахоўнікі з сабакам, адмысловымі маскамі, не падобнымі на супрацькаронавірусныя.
“Як падчас нямецкіх аблаваў у вайну”, — выказалася маці грамадскага актывіста