Як справы ў Дзмітрыя Сасноўскага, якога абвінавачваюць у «замаху» на Азаронка? Адказвае жонка

Відэа нібыта нападу на Рыгора Азаронка паказвалі ў ліпені гэтага года. Адзін з нападнікаў, якога затрымалі пасля, — Дзмітрый Сасноўскі. Згодна з сюжэтам, Сасноўскі ў кампаніі яшчэ аднаго чалавека (яго чамусьці не затрымалі) выходзіць з машыны — і той іншы нібыта нападае на Азаронка: працягвае да яго рукі. Далей па відэа бачна, што скручваюць Сасноўскага, распавядае «Наша Ніва».

2021_09_21120129pm_w6cav.jpg

У зняволенні лідчук Сасноўскі ўжо амаль 4 месяцы. Што пра яго чуваць?

«НН» спытала яго жонку, Ксенію Сасноўскую, якая гадуе 6-гадовага сына.

«Я не магу казаць вельмі шмат, бо і я пад падпіскай, і адвакат пад падпіскай. Інфармацыю чэрпаю ў асноўным з лістоў, сачу ў іх за яго настроевымі арэлямі — то вельмі жаласны стан, то, наадварот, узнёслы. Кажа, што тое, што паказвалі па тэлевізары, — усё няпраўда», — гаворыць яна.

Жанчына лічыць, што мужа падставілі.

«Я думаю, ён ішоў на нейкую сустрэчу, якая набыла вось такую форму. Яго падставілі, каб адбылася такая сітуацыя. Сам ён чалавек не радыкальны, гаворыць павольна, удумліва, гэта моцна разыходзіцца з прачытаным завучаным тэкстам па тэлебачанні.

Вядома, гэта ўдар для нас, не скажу што страта — чалавек жывы, але гэта пустата. Яго не хапае, у кожным дні не хапае. Я ведаю, што ён ні ў чым не вінаваты. Сыну 6 гадоў, кажу яму, што бацька з'ехаў на працу», — сказала Ксенія.

Ці адчувае яна салідарнасць?

«У маім атачэнні ўсе імкнуцца падтрымаць, цікавяцца, што там у яго новага, як ён. Не было такога, каб мне хто ў твар сказаў, што мой муж — злачынца. Ні я так не лічу, ні ён сам, ні навакольныя. Я працую майстрам па манікюры — ніхто мне не сказаў, што мой муж — тэрарыст, кліенты імкнуцца падтрымаць. Усе бяруцца за галаву: "Гамон, падстава!"».