Як сядзеў на Акрэсціна дыджэй Сакалоўскі

«Наша Ніва» пагутарыла з Уладам Сакалоўскім — адным з дыджэяў, якія ўключылі песню «Перамен!» у Кіеўскім скверы. Хлопец учора выйшаў на волю пасля 10 сутак на Акрэсціна. Ён распавёў, што да яго ў карцар на Акрэсціна прыходзіў намеснік міністра ўнутраных спраў Барсукоў, дзе біў яго і пагражаў.

Улад Сакалоўскі (злева). Фота Надзеі Бужан

Улад Сакалоўскі (злева). Фота Надзеі Бужан

Улад згадвае:
«Мы з Кірылам разумелі, што нас затрымаюць, але думалі, што тое будзе пазней ці на наступны дзень. Таксі не ўзялі, бо былі заторы.
Па дарозе са сквера за намі адразу ішоў «работнік» з камерай, проста ішоў моўчкі.
Пасля ля перахода на Веры Харужай да нас падышлі двое амапаўцаў цывільным: «Вы куды гэта збіраецеся? Ніхто вас не адпускаў!»
Паказалі міліцэйскае пасведчанне. Папрасілі прайсці ў машыну. Сілу да нас не выкарыстоўвалі».
Затым хлопцаў адвезлі ў РАУС Цэнтральнага раёна.
«Там мы былі гадзіны тры. Была мітусня, нас перадавалі то тым, то гэтым. Пасля падышоў нейкі начальнік у цывільным і даў каманду: падводзьце іх яшчэ пад супраціў пры затрыманні.
Ну і пасля нам далі пратаколы: нібыта мы «са злым намерам планавалі зрыў мерапрыемства», як было ў адным пратаколе; «не рэагавалі на патрабаванні спыніцца, казалі «супрацоўнік міліцыі нам не начальнік», упіраліся, размахвалі рукамі…» было ў другім пратаколе, — расказвае Сакалоўскі. — Пасля гэтага нас адвезлі на Акрэсціна. Мяне закінулі ў карцар адразу, чаму, я не ведаю. Там ложак ад сцяны мне нават не адкінулі, я ў выніку не спаў усю ноч».
Суд ішоў па скайпе. Хлопцам далі па 10 сутак.
«Мы ведалі, што будуць суткі, ілюзій не было, — кажа Улад. — Пасля суда мяне зноў у карцар. Але хоць адчапілі ложак, далі бялізну. Праўда, пасля адбою праз паўгадзіны адчыніліся дзверы: на выхад, вобшук, забралі бялізну і пакінулі ў карцары.
Тое ж і на наступны дзень, на трэція суткі прыходзіў нейкі начальнік. Мне крыкнулі: тварам да сцяны!
Начальнік мне кажа: «Уключыў музыку? Перамен хацеў? Столькі людзей выйшла на вуліцы, столькі крыві праз вас! Ну, рыхтуйся, сядзеш гадоў на 10». Два разы ўдарыў ён мяне і выйшаў. Выходзячы, сказаў: «Чаго гэта ён тут як у санаторыі? Зрабіце, як трэба».
Пасля гэтага ложак перасталі адкідваць, абдало халодным паветрам. Было вельмі холадна».
Важна: пасля выхаду Улад Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку Аляксандра Барсукова, намесніка Караева. Барсукоў прыязджаў пад Акрэсціна ў ноч на 14 жніўня, запэўніваў людзей, што у камерах нікога не б’юць і не катуюць.
«11 жніўня мяне перавялі ў камеру. У калідоры забралі вопратку. Чаму, не сказалі. Я застаўся ў адных майтках.
Закінулі спачатку ў камеру, дзе сядзела чалавек 40. Амаль усе ў крыві. Там я правёў хвілін 10, пасля адправілі мяне ў іншую камеру. І там я быў да канца сутак. Там людзі былі трохі ў лепшым стане, — згадвае хлопец. — 14 жніўня прыкладна прыйшоў той жа начальнік [Барсукоў]. Мяне вывелі ў калідор, ён гаварыў з людзьмі, якія былі ў камеры, абяцаў выпускаць. І паціху людзей менела ў камеры, у выніку засталося ўвогуле шасцёра. Пасля вызвалілі і іх.
Пачалася паказуха. Разам са мною сядзеў мужчына, звалі Мацкойць Сяргей, якога затрымалі ў Кіеўскім скверы. У яго была зламаная нага пасля жорсткага затрымання. Ён з такой нагой правёў на Акрэсціна недзе 9 сутак, бо дактары не настаялі, каб яго шпіталізаваць.
14 жніўня Мацкойць папрасіў дапамогі ў чарговы раз. Прыйшоў начальнік нейкі. Выклікалі хуткую Сяргею, адпусцілі яго ў бальніцу нават без канваіра.
У мяне падкрэслена ветліва пачалі пытацца: «А дзе ваша вопратка? Усё ў вас ёсць? Як вас кормяць, ці водзяць на прагулку?»
Хутка знайшлі маю вопратку. На наступны дзень выводзілі на прагулку, вадзілі ў душ, а за пару гадзін да выхаду нават аддалі перадачу».
Цяпер, кажа Улад, ён яшчэ не да канца разумее, што адбываецца ў Беларусі:
«Я выйшаў нібыта ў іншую краіну. Не разумею да канца, што адбываецца, не магу ўкласці ў галаве. І з гэтымі грашыма, якія нам сабралі, таксама пакуль не разумеем, што рабіць. Калі камусьці патрэбная дапамога, мы накіруем сродкі. Напрыклад, думаю знайсці таго Сяргея Мацкойця, перадаць пры патрэбе грошай яму».
nn.by