Як не стаць «дармаедам» па новым заканадаўстве? Парады юрыстаў
Адкрыць ІП, пайсці вучыцца, завесці гаспадарку ці здаць кватэру? Што рабіць, калі афіцыйна вы падпадаеце пад новы закон аб «дармаедстве».
Улады Беларусі шукаюць новыя спосабы, каб прымусіць непрацоўных беларусаў працаваць.
«Падатак на дармаедства», аплата поўнага тарыфу за камунальныя паслугі, пагроза пастаноўкі непаўналетніх дзяцей у сацыяльна-небяспечнае становішча — гэтых стымулявальных захадаў рэжыму падалося замала.
Цяпер з'явілася ідэя прыцягваць «дармаедаў» да адміністрацыйнай адказнасці. Ці рэалізуюць гэткую пагрозу, пакуль невядома, але падрыхтавацца беларусам дакладна варта.
Пра тое, як пазбегнуць залічвання ў такія спісы, «Еўрарадыё» распытала юрыстаў.
Здаць жыллё ў арэнду або заняцца рамяством
Юрыстка Free Belarus Center Альвіна Мінгазава расказала, хто не можа лічыцца «дармаедам» і як пазбегнуць такога статусу, калі няма афіцыйнай працы.
— Па-першае, у гэтую катэгорыю не трапляюць жанчыны, якія выхоўваюць дзіцяці ва ўзросце да 7 гадоў або трох і больш непаўналетніх дзяцей. Па-другое, «дармаедамі» нельга лічыць бацькоў і апекуноў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў (але трэба знаходзіцца за межамі краіны не больш за 30 дзён у квартал). Аналагічна і з тымі, хто выхоўвае дзіця з інваліднасцю. У адваротным выпадку трапіце ў базу. Праўда, ёсць выключэнне: правіла не распаўсюджваецца на паездкі, звязаныя з доўгім аздараўленнем або лячэннем.
Каб не лічыцца беспрацоўным і не стаць «дармаедам», індывідуальныя прадпрымальнікі, са слоў юрысткі, таксама павінны выконваць пэўныя ўмовы.
— Да іх адносіцца аплата падаткаў з даходаў, атрыманых ад прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама падаходнага падатку.
Для астатніх катэгорый грамадзян Альвіна таксама прапануе шэраг рашэнняў. Як варыянт, здаць кватэру ці пакой у арэнду.
— Асобы, якія атрымліваюць даходы ад здачы ў арэнду жылых памяшканняў і машынамесцаў, не лічацца незанятымі ў эканоміцы.
Безумоўна, неабходна аплачваць падатак, але яго стаўка не такая вялікая. Для таго, каб здаць нерухомасць у арэнду, неабходна мець права пацвярджальныя дакументы (пасведчанне аб рэгістрацыі права ўласнасці, тэхпашпарт) і пашпарты. Дагавор рэгіструецца ў разлікова-даведачным цэнтры па месцы знаходжання кватэры, а пасля ў падатковай.
Другі спосаб — стаць рамеснікам. Аднак трэба будзе прыкласці пэўныя намаганні.
— Раней стаць рамеснікам было проста. Трэба было звярнуцца ў падатковую і стаць на ўлік, як падаткаплацельшчык. Рамесны збор сімвалічны — 6,5 рублёў на месяц. Рамеснік павінны быў апавяшчаць падатковую на пачатку ажыццяўлення рамеснай дзейнасці. Але ўлады, пачынаючы з чэрвеня 2023 года, змянілі падыход, і цяпер, каб ажыццяўляць такую дзейнасць, трэба атрымаць дазвол мясцовых выканаўчых органаў, — расказала Мінгазава.
Паступіць ва ўніверсітэт або завесці агарод
Юрыстка, якая пагаварыла з «Еўрарадыё» на ўмовах ананімнасці, таксама апісала некалькі спосабаў, як беларусу не трапіць у базу дадзеных «дармаедаў».
— Дапусцім, можна паступіць ва ўніверсітэт на дзённае аддзяленне. Але гэта хутчэй парада для маладых людзей. А чалавек старэйшы можа, напрыклад, стаць на ўлік у службу занятасці, там яму прапануюць курсы перакваліфікацыі альбо павышэння кваліфікацыі.
Экспертка дадае, што грамадзяне будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы, калі яны вырабляюць прадукцыю раслінаводства або жывёлагадоўлі на ўласным зямельным участку.
— Гэта значыць, калі ў чалавека ёсць зямля, адведзеная для асабістай падсобнай гаспадаркі (агародніцтва, народныя промыслы, касьба, вядзенне фермерскай гаспадаркі), то грамадзянін, які мае такі ўчастак, не будзе лічыцца дармаедам, бо мяркуецца, што ён вырабляе прадукцыю для ўласнага спажывання.
Але ёсць нюанс: участак мусіць быць зарэгістраваны ў агенцтве па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Гэта не распаўсюджваецца на Мінск і абласныя гарады. І тут таксама працуе правіла знаходжання ў Беларусі — можна знаходзіцца за межамі краіны не больш за 30 дзён у квартал, інакш усё роўна запішуць у «дармаеды».
Як даведацца, ці знаходзіцца чалавек у базе «дармаедаў»?
Адзін з варыянтаў — звярнуцца ў «дармаедскую» камісію па месцы рэгістрацыі. Гэта можна зрабіць па тэлефоне, праз электронную і звычайную пошту.
Другі спосаб — паглядзець інфармацыю на Адзіным партале электронных паслуг, але за гэта давядзецца заплаціць.