Human Rights Watch унесла ў Савет ААН па правах чалавека рэкамендацыі для Беларусі
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch унесла шэраг прапаноў для Беларусі ў Савет ААН па правах чалавека ў рамках універсальнага перыядычнага агляду (УПА), якія абавязковы для ўсіх краін. Аналіз сітуацыі ў Беларусі і рэкамендацыі размешчаны на сайце Human Rights Watch.
У дакуменце адзначаецца, што пасля папярэдняга УПА, які Беларусь прайшла ў маі 2010 года, сітуацыя з правамі чалавека ў краіне значна пагоршылася. У прыватнасці звяртаецца ўвага на прэзідэнцкія выбары ў снежні 2010 года і рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў і апазіцыйных актывістаў, якія рушылі за гэтымі выбарамі.
Human Rights Watch адзначае, што па выніках УПА ў 2010 годзе ўрад Беларусі адхіліў рэкамендацыі па абароне правоў на свабоду слова, асацыяцый і сходаў і ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. У той жа час урад, прыняўшы «некаторыя агульныя рэкамендацыі па такіх праблемах, як пераслед актывістаў і праваабаронцаў, не прызнае парушэнні (у гэтых пытаннях. — БелаПАН.), і адмаўляецца ад выканання любых пэўных рэкамендацый».
«Беларусь працягвае ўжываць смяротнае пакаранне і жорстка абмяжоўваць свабоду слова і асацыяцый, у тым ліку шляхам пераследу і запалохвання журналістаў і прыняцця абмежавальных законаў для няўрадавых арганізацый», — адзначаецца ў дакуменце.
Human Rights Watch лічыць, што Беларускі ўрад павінен выканаць наступныя патрабаванні:
— Устанавіць неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне з перспектывай яе поўнай адмены;
— Неадкладна і безумоўна вызваліць Яўгена Васковіч, Мікалая Дзядка, Эдуарда Лобава, Ігара Аліневіча, Васіля Парфянкова, Арцёма Пракапенку, Мікалая Статкевіча і ўсіх астатніх палітычных апанентаў, праваабаронцаў і актывістаў, якіх асудзілі ў адплату за ажыццяўленне імі сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, і забяспечыць іх поўную рэабілітацыю, а таксама зняць забарону на перамяшчэнне і іншыя абмежаванні, накладзеныя на тых палітычных зняволеных, якія былі памілаваныя;
— Забяспечыць выкананне ўсіх палажэнняў Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах і спыніць любы пераслед праваабаронцаў, уключаючы адвольныя затрыманні і іншыя акты помсты супраць праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці;
— Забяспечыць абсалютную забарону катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання і прывесці ўмовы ўтрымання пад вартай у месцах пазбаўлення волі ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі;
— Адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае крымінальнае пакаранне за ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі;
— Унесці папраўкі ў закон «Аб грамадскіх аб’яднаннях» і іншыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць працу НДА, для гарантыі таго, што свабода грамадскіх аб’яднанняў не будзе празмерна абмяжоўвацца, а таксама спрасціць працэс рэгістрацыі НДА і звесці да мінімуму абавязацельствы аб справаздачнасці перад уладамі;
— Унесці змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, якія забяспечаць, у прыватнасці, тое, што любыя санкцыі за парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў будуць суразмерным і не будуць ствараць неабгрунтаваных перашкод для свабоды сходаў;
— Дазволіць бесперашкодны доступ у Беларусь міжнародным назіральнікам па правах чалавека, у тым ліку спецыяльнаму дакладчыку ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і іншым спецдакладчыкам;
— Ратыфікаваць і імплементаваць у нацыянальнае заканадаўства Рымскі статут, у тым ліку шляхам ўключэння палажэнняў аб аператыўным і поўным супрацоўніцтве з Міжнародным крымінальным судом і аб расследаванні і судовагым пераследзе генацыду, злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў у сваіх нацыянальных судах ва ўзгадненні з міжнародным правам.