ГУБАЗіК абяцае назваць экстрэмісцкія фарміраванні ў бліжэйшыя дні

Начальнік аддзела ГУБАЗіК МУС Беларусі Вячаслаў Арлоўскі ў праграме «Тыдзень» на СТВ заявіў, што ў бліжэйшыя дні некаторыя Telegram-рэсурсы будуць прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі, а іх стваральнікі, адміністратары і актыўныя ўдзельнікі будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

t_1589552280.jpg

Ён дадаў, што ў распрацоўцы ўпраўлення налічваецца 327 «дэструктыўных» Telegram-каналаў і Telegram-чатаў. Усе яны прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэнні судоў.
«У нас ёсць, вядома ж, у распрацоўцы такія рэсурсы, якія ў самы бліжэйшы час, літаральна ў самыя бліжэйшыя дні, будуць прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Адпаведна, паўстане пытанне пра крымінальны пераслед іх стваральнікаў, адміністратараў, актыўных удзельнікаў», — сказаў ён.
Арлоўскі яшчэ раз растлумачыў розніцу паміж экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі і адказнасцю, якую яны цягнуць. Ён падкрэсліў, што крымінальная надыходзіць толькі з моманту прызнання рэсурса экстрэмісцкім фарміраваннем.
Прадстаўнік ГУБАЗіК таксама паведаміў, што гэта не адзінае наступства для ўдзельнікаў экстрэмісцкіх фарміраванняў.
«Справа ў тым, што законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму прадугледжана 5-гадовая забарона для такіх грамадзян пасля адбыцця пакаранняў — на заняткі педагагічнай дзейнасцю, на дзяржаўную службу, на ваенную службу, на магчымасць мець агнястрэльную зброю, на працу з рознымі рэчывамі наркатычнага характару, выбуховага. Гэтыя грамадзяне будуць падлягаць асабліваму фінансаваму кантролю», — сказаў ён.
У дачыненні да стваральнікаў Telegram-каналаў, якія знаходзяцца за мяжой, паводле яго слоў, будзе весціся крымінальны пераслед.
«Я ўпэўнены: бясконца там, за мяжой, знаходзіцца яны не змогуць. Калі-небудзь і яны раскаюцца і вернуцца ў нашу краіну», — выказаў ён упэўненасць.
Пры гэтым прадстаўнік ГУБАЗіК дадаў, што ў першую чаргу праца будзе весціся супраць тых, хто знаходзіцца ў Беларусі.
«А прыйдзе час — пытанні паставім перад тымі, хто знаходзіцца зараз за мяжой», — заявіў ён.
Раней прадстаўнік ГУБАЗіК казаў, што стваральнікі, арганізатары і ўдзельнікі экстрэмісцкіх фарміраванняў будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці па артыкуле 361-1 КК. Ён тлумачыў, што крымінальная адказнасць наступае за падпіску на рэсурс, які мае статус экстрэмісцкага фарміравання. Падпіска ж на прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі каналы на дадзены момант крымінальна не караецца. Паводле яго слоў, простым людзям, якія чытаюць такія каналы «з банальнай цікаўнасці» асцерагацца няма чаго.
Нашумелая пастанова Саўміна №575 ад 12 кастрычніка «Аб мерах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму» была апублікавана ў чацвер. У дакуменце таксама зацверджаны палажэнні аб правядзенні экспертызы сімволікі і атрыбутыкі і Рэспубліканскай камісіі па правядзенні такіх экспертыз, якую ўзначаліць намеснік старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч.
reform.by