Хто каму вінен?

Неяк у адным з райцэнтраў сталічнай вобласці здарылася знакавая падзея зусім не лакальнага значэння. Цырульню Дома быту наведаў новы старшыня выканкама. І калі пастрыгся, то зрабіў нешта амаль неверагоднае. Падышоў да касы, і са словамі: “Кожная праца павінна аплачвацца, заплаціў 20 тысяч рублёў. Як звычайны наведвальнік.

Неяк у адным з райцэнтраў сталічнай вобласці здарылася знакавая падзея зусім не лакальнага значэння. Цырульню Дома быту наведаў новы старшыня выканкама. І калі пастрыгся, то зрабіў нешта амаль неверагоднае. Падышоў да касы, і са словамі: “Кожная праца павінна аплачвацца, заплаціў 20 тысяч рублёў. Як звычайны наведвальнік.

Справа ў тым, што да гэтага ніхто з мясцовых “вертыкальшчыкаў і асабліва “вертыкальшчыц за паслугі не плаціў. Маўляў, Дом быту падпарадкоўваецца выканкаму, а хто ж грошы з начальства бярэ. Свае людзі, палічымся.

Ці трэба казаць, што незвычайны для высокага начальніка ўчынак старшыні, моцна ўразіў працаўнікоў мясцовай сферы паслуг. Ім нават прымроілася немагчымае — вось бы ў нашай краіне кожны начальнік са сваёй кішэні плаціў за даброты, якія атрымоўвае ад грамадства. Выйшаў на лёд з клюшкай — заплаці за арэнду лядовага палацу. Вельмі вялікія грошы, бо штучны лёд у палацы каштуе вельмі дорага. Як распавядала знакамітая Таццяна Тарасава, у Злучаных Штатах за сорак пяць хвілін катання дзіцяці, бацькі павінны плаціць 10 долараў. Гэтых дзяцей набіраецца на каток незлічона. Каток, на якім няма трыбун. А ў нас жа палацы. І вось гойсаюць здаровыя хлопцы па пляцоўцы, як коні па градах, і ніхто не плаціць ні капейкі.
Бяда, адным словам. Але яшчэ горшая бяда, што яны сур’ёзна лічаць, нібыта гэта мы, простыя людзі, справакавалі ажыятажны попыт і змусілі ўрад да дэвальвацыі рубля. Маўляў, жывём не па сродках, мала працуем, шмат ядзім. Таму павінны працаваць па 25 гадзін на суткі. Такая ў іх палітычная арыфметыка. Не пабіў вас гром на Каляды! Ці не вы самі вылузваліся летась са скуры, каб нацягнуць заробкі да 500 долараў? Хоць відавочна было ўсім, што стан эканомікі не дазваляе гэтага зрабіць. У іншых краінах — проста, а ў нашай не. Прадукцыйнасць нізкая, эфектыўнасць малая, выдаткі большыя за набыткі.

А з іншага боку, нейкія “вашывыя 500 долараў — і ўвесь эканамічны цуд накрыўся медным тазам. Як яго і не было.

Чаму так атрымоўваецца, што беларуская эканоміка абавязкова трапляе ў крытычны стан і падчас сусветных крызісаў, і тады, калі сусветная эканоміка знаходзіцца на ўздыме? Пытанне рытарычнае. Як калісьці вельмі трапна сказаў адзін дасведчаны чалавек, інфляцыя не расце на дрэве, яна ёсць плёнам працы маючых уладу дурняў. Апошнія ёсць паўсюды, але ў асобных краінах у розныя часы здараецца вельмі высокая канцэнтрацыя. Бо не толькі рыбак рыбака здалёку бачыць, але і дурань дурня лёгка пазнае. Калі адзін некуды пралезе, то разумнікам там месца ўжо не будзе — прывалачэ сваіх братоў па розуму. Зразумела, самых ініцыятыўных. А ведама ж, няма горшай бяды за дурня з ініцыятывай. Ім здаецца, што да іх увесь свет жыў не правільна, таму трэба хуценька перарабіць усё на свой капыл. Прыкладам, узяць нашу сацыяльна арыентаваную эканоміку. Быццам бы асабліва лагодную да ўсеагульных патрэбаў. Насамрэч у ёй усё перавернута з ног на галаву. Калі хто едзе ў трамваі, то плаціць за квіток. Але яму кажуць, што кошт квітка толькі напалову пакрывае выдаткі трамвайшчыкаў. Гэта значыць, што пасажыр ужо завінаваціўся. А калі праехаць два, тры, чатыры разы, усё жыццё? Тое ж самае і з паслугамі так званай жыллёва-камунальная гаспадаркі. Колькі б ты за іх не плаціў, усё роўна знойдзецца нейкі казлатур (як у Фазіля Іскандэра), які дакладна скажы, колькі ты недаплаціў.

Маўляў, знай сваё месца і зашмат не патрабуй.

У сярэдзіне 1990-х гадоў мінулага стагоддзя, калі выдаткі беларускіх хатніх гаспадарак на харчаванне паднялося да 70% сямейнага бюджэту, папулярным стаў выраз: “працаваць на ўнітаз. Бо астатнія 30% выдаткоўваліся на той жа грамадскі транспарт, на ЖКГ, на нейкую драбязу. І толькі праз дзесяць з лішнім год у структуры сямейных бюджэтаў доля харчавання скарацілася да 50%. Гэта занадта многа ў параўнанні з больш паспяховымі краінамі, але мы, вядома, за імі не пайшлі.

Карацей кажучы, большую частку заробленага беларусы змушаны плаціць за харчовыя тавары. Гэта значыць, сельскай гаспадарцы і перапрацоўшчыкам. Наўпрост, наяўнымі грашыма. Больш каб і хацелі, не маглі. Усё такі Беларусь не экватарыяльная Афрыка — патрэбны штаны, боты, дах над галавой і дровы для печкі. Але аказваецца, што з’елі мы нашмат болей. Прынамсі, віцэ-прэм’ер Валеры Іваноў на пытанне палатнікаў, чаму растуць кошты на харчаванне, адказаў проста: таму што растуць выдаткі на энерганосьбіты. Увогуле ж па прычыне непарытэту коштаў на харчаванне і прамысловую прадукцыю сельская гаспадарка атрымала непакрытыя выдаткі ў памеры 67 мільярдаў долараў за дваццаць гадоў, у тым ліку за апошнюю пяцігодку — 34 мільярды.

Адкуль такія велічэзныя грошы? Ці ўвогуле зарабляла іх калі Беларусь? Колькі ж тады зарабілі былыя калгасы ды саўгасы, якія ледзь-ледзь ускраскаліся на ўзровень 1990 года?

А колькі грошай было выдаткавана на так званыя аграгарадкі, увогуле на “возрождение села, якое быццам бы ўжо здзейснена. І гэта таксама нашы грошы, якія мы сплацілі ў якасці падаткаў, або пазычаныя ўрадам у замежнікаў. Эканамічнай, гаспадарчай аддачы, нейкага значнага сацыяльнага выніку ад іх яшчэ няма. Мяркую, не будзе. А ў нас ужо праз дэвальвацыю спаганяюць тое, за што ўжо заплачана падаткамі.

Дык хто каму вінен?