Хто найбольш пацярпеў ад 25 сакавіка?

Найбольшым ударам сёлетняе 100-годдзе БНР стала не для прарасійскіх актывістаў, не для камуністаў, а для дзяржаўных ідэолагаў. Яны наўпрост не ведалі, што рабіць з датай, якую заўжды забаранялі, потым дазволілі, потым загадалі ўшанаваць, а ўрэшце зноў наклалі на ўсё вета.

Аўтар Жанна Капуснікава 

Аўтар Жанна Капуснікава 

У рэальнасці праца ідэолага — гэта зусім не пакліканне «камісара ў пыльным шлеме», які прасоўвае пост-камуністычныя ці аўтарытарна-патрыярхальныя ідэі, не. Ідэолаг — гэта такі сабе кельнер альбо прадавачка ў буфеце. Ягоная задача — каб роўненька па календары ў беларуса была на стале чарка і шкварка, ідэямі тут не пахне.
Пасаж пра чарку і шкварку не метафара. Сапраўды, кожнае афіцыйнае свята зводзіцца да таго, каб накарміць ды падпаіць народ. Недарагі кан’ячок у школьных сталоўках на выбарчых участках, салдацкая каша на святах колішніх перамогаў, а яшчэ фестывалі сыру, бульбы, піва і г.д. Свята — гэта не пра тое, каб апрацаваць чалавека ідэалагічна, а пра тое, як заліць ды ўпіхнуць у яго найбольш прадукцыі мясакамбінатаў ды піўзаводаў. Каб выйшаў сыты і задаволены, хай сабе і хістаецца троху.
У гэтым кантэксце 25 сакавіка — падзея незразумелая і небяспечная для ідэолага. Што з ёй рабіць? Чым іх усіх карміць? 23 лютага, да прыкладу, усё зразумела: піва, гарэліца, беляшы… А з гэтымі што? Чым яны наогул харчуюцца, акром кніжак і музыкі? А тут яшчэ і незразумелая пазіцыя вышэйшага кіраўніцтва: забараніць, дазволіць, зноўку забараніць. Адныя беды ад гэтага 25-га…
Адзін нямецкі афіцэр у часы вайны так характэрызаваў Чырвоную армію: здольныя генералы, здольныя вышэйшыя афіцэры, а вось ніжняя ланка — тыя ж падафіцэры і прапаршчыкі — цалкам безыніцыятыўныя, без указкі не здольныя ні на што. Так і тут. Які-небудзь раённы ідэолаг наўпрост не будзе нічога рабіць без указкі, бо жыве ў парадыгме «лепш не зрабіць, чым зрабіць, бо раптам што?..» Карацей, абы перасядзець.
У выпадку той вайны падобная асаблівасць Чырвонай арміі абярнулася масавай здачай у палон і крахам 1941-га году. Адзінкі маглі прымаць адэкватныя рашэнні на месцах, а рэшта — перастрахоўваліся. Даложаць пра сітуацыю, чакаюць, што вырашаць наверсе, там нейкі час раяцца, пасля прыйдзе загад, а на месцы ўжо ўсё кардынальна змянілася… У выніку — параліч сістэмы і катастрофа на полі бою.
Так і тут. З аднаго боку ідэалагічная вертыкаль падаецца калосам, непераможным гігантам. З іншага — любая непрадбачаная сітуацыя можа гэты калос зламаць. Чаму? Па-першае, няма ініцыятывы і свайго розуму на месцах. Па-другое, няма ідэалогіі як такой, якая і дазваляла б ідэолагам прымаць рашэнні ў адпаведнасці з дактрынай, а не ўказкай начальства. Увесь гэты гігант, які ў рэгіёнах спаяны ва ўпраўленні па справах ідэалогіі, моладзі і культуры, насамрэч нічога не вырашае і пакліканы не ствараць, а глядзець, каб чаго не выйшла.
Часам нам падаецца, што ў сённяшней Беларусі ідзе барацьба паміж нацыянальнымі і посткамуністычнымі каштоўнасцямі, паміж 23-м лютага і 25-м сакавіка. Гэта рамантычнае ўяўленне пра свет. Роўна як рамантыкай можна лічыць уяўленне, маўляў, адным сонечным ранкам мы прачнемся ў дэмакратычнай краіне, дзе не будзе 7 листапада, 23 лютага, сярпоў з малатамі ды ўсяго іншага. Маса людзей, якія звыкліся гадамі падымаць чарку ў гэтыя дні, у момант апынецца ў апазіцыі.
Мы з вамі маем усвядоміць, што нашы антаганісты нікуды не падзенуцца. Святы з камуністычнага календару будуць жыць столькі, колькі іх носьбіты. Дзяржава ж мае ўсвядоміць, што прыхільнікі 25 сакавіка не перастануць яго шанаваць і не з’едуць усе на вучобу ў Польшчу ці на заробкі ў Швецыю. Гэта важны і актыўны сегмент грамадства, з ім неабходна лічыцца.  
Значыць — трэба неяк жыць разам ды ствараць нацыянальны календар ды ідэалогію. Можа прыспеў ужо час, на 27-м годзе незалежнасці? А праца ідэолага — гэта выбудоўваць адзіную дзяржаўніцкую пазіцыю на месцах, а не падпойваць народ півам з беляшамі ў школьных буфетах. Інакш, што рабіць, калі беляшы скончацца?