Хронікі рэпрэсій. У Баранавічах схапілі журналістку, у Віцебску асудзілі лекара

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 16 лютага.

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas2_logo_2.jpg

Некалькі дзён Віцебскі абласны суд у закрытым рэжыме разглядаў крымінальную справу хірурга-трансплантолага Аляксея Аляксейчыка, абвінавачанага ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядаў суддзя Яўген Буруноў.

Аляксей Аляксейчык больш за 20 гадоў працаваў лекарам-трансплантолагам у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. Ён зрабіў мноства аперацый па перасадцы касцявога мозгу і лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў цэнтра.

Суд прызнаў Аляксейчыка вінаватым і прызначыў яму пазбаўленне волі тэрмінам на 2,5 года ва ўмовах агульнага рэжыму.

У Гомельскім абласным судзе асудзілі Паўла Ракоцу паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») КК. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Паўлу 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Павел — жыхар Гомеля, вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Актыўны гулец у квіз. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну мужчына на сваёй старонцы «УКантакце» актыўна выказваўся супраць вайны. Пазней яго старонку заблакіравалі па рашэнні Генпракуратуры РФ. Антываенныя выказванні Паўла ў сацсетках маглі стаць прычынай абвінавачвання яго ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці.

Суд Партызанскага раёна Мінска цягам 17 і 18 студзеня вынес адразу тры прысуды ўдзельнікам акцый пратэсту ў 2020 годзе, абвінаваціўшы іх у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (ч.1 арт. 342 КК).

Так, 17 студзеня суддзя Наталля Дзядкова разгледзела крымінальную справу маці трох непаўнагадовых дзяцей Крысціны Вячоркінай, якая з'яўлялася дырэктаркай салона прыгажосці «Мільфей». Да суда знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе.

У тым жа Партызанскім судзе на другі дзень, 18 студзеня, разглядалася крымінальная справа жыхара Асіповічаў Паўла Далгакова і жыхара вёскі Ячава Слуцкага раёна Яўгена Краўчука, асуджаных таксама па «народным» 342 артыкуле. Справу ізноў жа разглядала суддзя Наталля Дзядкова.

У выніку ўсім траім быў вынесены аднолькавы прысуд — па тры гады «хатняй хіміі».

У Баранавічах затрымалі карэспандэнтку выдання «Intex-press», выкліканую на размову ў міліцыю. Журналістку, якая раней праводзіла апытанні на вуліцах горада, затрымалі на 72 гадзіны. Нагадаем, учора ў «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» прыйшлі сілавікі і канфіскавалі тэхніку.

За размову ў чат-рулетцы затрымалі жыхара Пружанаў — у размове з правакатарам Ігарам Канюшыкам ён выказваўся супраць Лукашэнкі ды адзначаў, што менавіта праз яго ва Украіну ляцелі ракеты. Затрыманага завуць Сямён, яму 35 гадоў, імаверна, супраць яго заведзена крымінальная справа за абразу Лукашэнкі.

Затрымалі адміністратара чата «Ружаны 97%» Паўла Дурэйку. Мужчыну абвінавачваюць у тым, што ён быў адміністратарам чата, які ў студзені 2022 года прызналі экстрэмісцкім. Увогуле чат выглядае як закінуты ўжо доўгі час — туды рэпосцяцца праўладныя медыя і відэа сілавікоў, але ніхто іх не выдаляе. Акаўнт мужчыны не быў схаваны з пераліку адміністратараў, на аватарцы стаяць яго фота і імя, а таксама нікнэйм.

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманні ў Наваполацку і Расонах напрыканцы студзеня. 24 студзеня быў затрыманы супрацоўнік «Паліміра» Канстанцін Яўтушэнка. Яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне») на 15 сутак. Вядома, што яго звольнілі з завода. У гарадскім пасёлку Расоны 24 студзеня быў затрыманы Мікалай Машарскі. Яго асудзілі па двух пратаколах на 25 сутак. Мужчына ўтрымліваецца ў ЦІП Наваполацка.

Палітвязень Павел Вінаградаў вылечыўся ад сухотаў. Яго вярнулі ў звычайную калонію ў Ваўкавыску. Нагадаем, напрыканцы ліпеня блогера і актывіста, асуджанага да 5 гадоў калоніі, перавялі ў аршанскую калонію, вядомую тым, што там утрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў. Але па прыбыцці яго закінулі ў ШІЗА на месяц, а потым на шэсць месяцаў перавялі ў «спецыяльную палату» — «памяшканне камернага тыпу» для хворых на сухоты.

У судзе Партызанскага раёна Мінска разглядаецца крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 342 КК у дачыненні да чатырох жыхароў Паставаў — Дзмітрыя Плешавені, Людмілы Цыбульскай, Юрыя Дзіковіча і Сяргея Ляўко. Іх справу разглядае суддзя Міхаіл Макарэвіч. Амаль усе яны былі затрыманы ў лістападзе падчас «аблавы» ГУБАЗіКа ў Паставах. Пазней сілавікі апублікавалі фотаздымак з затрыманымі — на ім яны стаяць на дарозе падчас акцыі пратэсту ў 2020 годзе.

Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Анастасіі Кухты, прадказальна пакінуўшы прысуд без змен, а скаргу без задавальнення. Хутка Кухту перавядуць у жаночую калонію № 4. Анастасію затрымалі 17 лютага 2022 года. Актывістку абвінавацілі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. 11 лістапада Мінскі гарадскі суд прызначыў ёй пяць гадоў калоніі. Нядаўна КДБ дадаў дзяўчыну ў «тэрарыстычны спіс».

У Гродзенскім абласным судзе 20 лютага пачнуць разглядаць справу Андрэя Шкляра. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве») і арт. 407 КК («Разгалошванне даных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння»). Яго справу будзе разглядаць суддзя Васіль Скок. Вядома, што мужчына быў затрыманы ў снежні 2021 года і ўжо больш за год знаходзіцца за кратамі. Раней Андрэй працаваў інспектарам крымінальна-выканаўчай сістэмы Кастрычніцкага РАУС Гродна, незадоўга да арышту падаў рапарт на звальненне з-за нязгоды з тым, як працуе сістэма.

21 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Брэста пачнуць судзіць 68-гадовую Людмілу Коган. Жанчына з канца снежня знаходзіцца пад хатнім арыштам. Людмілу Мікалаеўну абвінавачваюць паводле арт. 341 КК РБ («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). У ролі суддзі выступіць Іна Клышпач, якая неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды.

Падобна, крымінальная справа звязана з нанясеннем фламастарам пратэсных надпісаў у Брэсце. Раней сілавікі заяўлялі аб затрыманні 68-гадовай пенсіянеркі, якая напісала на прыпыначным пункце «Не вайне» і «Жыве Беларусь!».

У сярэдзіне снежня ў Баранавічах быў затрыманы 28-гадовы Анатоль Пугач. Затрыманне адбылося амаль адразу пасля вяртання мужчыны з Польшчы. Анатоль прыехаў у Беларусь, каб прайсці абследаванне: у яго знайшлі анкалагічнае захворванне. У студзені суд адмовіў у змене Анатолю меры стрымання, бо ў яго ёсць польскі від на жыхарства.

Яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі паводле арт. 368 КК. Суд над ім распачнецца 21 лютага ў Баранавічах. Справу будзе разглядаць суддзя Аксана Літвінчык.

Яшчэ 15 чалавек прызнаны ў Беларусі палітвязнямі. Гэта вышэй згаданыя Людміла Коган і Анатоль Пугач, а таксама Дзяніс Хаўханаў, Анатоль Лявонік, Павел Свірбутовіч, Андрэй Мацонка, Данііл Заяц, Мікалай Кароль, Сяргей Аўдзееў, Алег Юшкевіч, Васіль Троцкі, Анатоль Цепцікаў, Міхаіл Кухарчук, Міхаіл Карпешка і Максім Зайцаў.

Цяпер, паводле праваабаронцаў, у Беларусі 1448 палітвязняў, хаця насамрэч іх значна больш.