Гродна. Суд адмовіўся аднавіць на працы прафсаюзнага актывіста

Гродзенскі абласны суд адмовіўся аднаўляць на працы работніка Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Міхаіла Сошку, якога кіраўніцтва прадпрыемства звольніла за дзейнасць на карысць незалежных прафсаюзаў.

sud2_833x400.jpg


Актывіст Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці знаходзіцца ў перадпенсійным узросце, што аўтаматычна дае яму гарантыі працягнення кантракта.

Аднак звальненне адбылося, што, на думку Міхаіла Сошкі, сведчыць пра істотныя парушэнні заканадаўства ў дачыненні да яго, як да актывіста незалежнага прафсаюзнага руху:

— Суботка, былы дырэктар. Я напэўна тры разы ў яго быў за апошні год: ён мяне запрашаў, не я туды хадзіў. Мне прапаноўвалася: кінь гэты прафсаюз, і ўсё будзе добра.

Юрый Белякоў, прававы інспектар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці, адзначыў:

—  Гэтае рашэнне суда можна пракаментаваць толькі адным спосабам: ім абсалютна абыякава, што напісана ў нашым законах, у Канстытуцыі, што ў нас сацыяльная дзяржава.

Васіль Корабаў, прадстаўнік прафсаюза РЭП па Гродзенскай вобласці пракаментаваў звальненне:

— Тут яўная прыкмета дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці: чалавек займаўся прафсаюзнай справай у Слоніме і заўсёды меў свой погляд, адстойваў правы працоўных. І тое, што адбылося на камвольна-прадзільнай фабрыцы, — яўная дыскрымінацыя.





Міхаіл Сошка не выключае, што рашэнне Гродзенскага абласнога суда будзе абскарджваць — прычым, не толькі ў Вярхоўным судзе, але і ў камітэце ААН па правах чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя