Гомель: праваабаронцам прыйшоў адказ з міліцыі
Гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны атрымалі адказ з Чыгуначнага РАУС Гомеля, падпісаны яго начальнікам Генадзем Хмарыкам.
Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны. Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага
Нагадаем, гомельскія правабаронцы прасілі міліцыю прыцягнуць іх да адміністратыўнай адказнасці за здымкі, размешчаныя ў інтэрнэце на знак салідарнасці з Алесем Бяляцкім. За аналагічныя здымкі ў інтэрнэце гарадзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча суд пакараў штрафам, прызнаўшы выкладанне здымкаў у публічны доступ несанкцыянаваным пікетаваннем.
Гомельскія праваабаронцы заявай у міліцыю хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да адміністрацыйнага пакарання гарадзенскіх калег і ўказаць на неадэкватнасць і абсурднасць судовага рашэння. І гэтыя мэты былі Анатолем Паплаўным і Леанідам Судаленка дасягнуты, бо адказ з міліцыі быў не менш абсурдны, як і судовае рашэнне па факту «адміністрацыйнага правапарушэння» гарадзенскімі праваабаронцамі.
«Па вашай заяве была праведзена праверка, згодна з якой было вынесена пастанова аб спыненні адміністрацыйнага працэсу. Выявіць асобу, якая пашкодзіла колы, не ўяўлялася магчымым. Дадзеную пастанову вы можаце абскардзіць у судзе», — гаворыцца ў адказе за подпісам начальніка РАУС Генадзя Хмарыка.
Леанід Судаленка, дарэчы, дзевяць гадоў таму звяртаўся ў міліцыю з нагоды таго, што невядомыя пашкодзілі колы ў яго аўтамабілі. Няўжо адказ прыйшоў праз дзевяць гадоў? Але ж Анатоль Паплаўны ў міліцыю наконт колаў не звяртаўся, між тым, ён таксама атрымаў аналагічны адказ пра нейкія пашкоджаныя колы.
Паводле spring96.org