«Гэта наша агульная справа — бараніць Курапаты»
Актывісты горада Бяроза выказалі салідарнасць абаронцам Курапатаў раздачай улётак пра Курапаты і давядзеннем да гараджан інфармацыі пра вандалізм уладаў.
“Учынак ўладаў — гэта плявок не толькі на месца расстрэлаў бязвінных ахвяр, гэта плявок у душы жывым”, — кажа сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — Таццяна Тарасевіч, і дадае: — На яго націснула Масква. Зараз гэты ціск вельмі адчуваецца на нас.
Галіна Кавалевіч кажа:
— Гэта наша агульная справа. Трэба бараніць Курапаты. Знішчаць Курапаты і нас зусім знішчаць. Кэгэбісты маскоўскія і зараз баяцца гэтай праўды.
Амаль ніхто не адмаўляўся ад улётак, абсалютная бальшыня асудзіла ўчынак улады па знясенні крыжоў:
— Гэта жах! Каму перашкаджалі гэтыя крыжы?
— У чым вінаватыя ахвяры, што па іх нават крыжы пазносілі? Гэта вялізны грэх.
— Чарговы вандалізм палітыкаў, Лукашэнкі, вынішчэнне памяці.
Паводле бярозаўчан, усяму беларускаму грамадству патрэбна публічна асудзіць вандалізм улады і запатрабаваць вярнуць крыжы на месца.