Германія прызнала жыхара Талачына малалетнім вязнем, а Беларусь — не
З-за таго што былы нямецкі горад Арнсвальдэ зараз уваходзіць у склад Польшчы, 79-гадовы жыхар Талачына Уладзімір Буханаў не можа атрымаць статус малалетняга вязня нацызму.
Летам 1944 года акупанты гвалтоўна вывезлі Вольгу Буханаву з сястрой Марыяй Мікульчык і пяцігадовым Уладзімірам на прымусовыя сельскагаспадарчыя працы ў Германіі. Дадому ў Талачын сям'я вярнулася ў 1945 годзе пасля вызвалення і праверкі органамі дзяржбяспекі, піша Наша Талачыншчына.
Пасля школы Уладзімір атрымаў спецыяльнасць лекара і звыш 30 гадоў працаваў у мясцовай бальніцы.
У 2003 годзе Буханаў звярнуўся ў рэспубліканскі фонд «Узаемаразуменне і прымірэнне», быў прызнаны пацярпелым ад нацызму і атрымаў адпаведную грашовую кампенсацыю ад Нямеччыны.
Пры гэтым, як адзначае Уладзімір Буханаў, праблем з атрыманнем кампенсацыі ў яго не ўзнікла — органы, якія займаліся вырашэннем гэтых пытанняў, як у Беларусі, так і ў Германіі, прызналі, што ён сапраўды мае на яе законнае права.
А вось у органах сацыяльнай абароны Талачынскага райвыканкама, куды пенсіянер звярнуўся за пасведчаннем вязня, яму адмовілі. Чыноўнікі спаслаліся на адсутнасць дакладных сведчанняў, якія пацвярджаюць факт знаходжання ў нямецкай няволі пяцігадовага беларускага хлопчыка. Ды і гарадок Арншвальдэ, у якім працавала разам з сястрой маці, выклікаў у сацыяльных работнікаў насцярожанасць. Справа ў тым, што ў 1945 годзе ён, зрэшты, як і іншыя тэрыторыі Памераніі, рашэннем саюзнікаў адышоў да Польшчы.
— Такім чынам, — тлумачылі чыноўнікі. — Калі ваша сям'я і была дэпартаваная, то не ў Нямеччыну, а ў гэтую краіну. А гэты факт, на жаль, у адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2010 г. №1132, не дазваляе лічыць вас малалетнім вязнем. Глядзіце, вось адпаведны дакумент.
Але ж ці змена пасляваенных межаў дзяржаў і народаў адмяняе факт прымусовай дэпартацыі? Уладзімір Буханаў пісаў у адпаведныя органы Германіі, Польшчы з просьбай праясніць гэтыя і іншыя пытанні. Адказы былі атрыманы несуцяшальныя: падчас баявых дзеянняў многія архівы згарэлі, звестак, якія пацвярджаюць маё знаходжанне ў няволі, не захавалася. А што тычыцца межаў... Усе пытанні паміж зацікаўленымі бакамі варашаны адпаведнымі дамовамі.
Між тым, паводле слоў Уладзіміра Буханава, яго знаходжанне ў няволі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь пацвердзіў, праўда, для гэтага прыйшлося звяртацца ў суд. Цяпер яму застаецца абскардзіць рашэнне сацыяльнай службы Талачынскага раёна ў судовым парадку. «Можа там вырашаць маю шматгадовую цяжбу. А калі нават і не вырашаць, хоць увагу прыцягну да гэтай тэматыкі. Цана пытання для нашай краіны, на мой погляд, важная і надзённая. Напэўна, не адзін я знаходжуся ў падобнай, прама скажам, двухсэнсоўнай сітуацыі. І ніяк не магу даказаць відавочныя рэчы. Павінен жа быць нейкі выхад з такога становішча. Тым больш, што нас, дзяцей вайны, якія пабывалі ў фашысцкай няволі, засталося зусім няшмат».
Ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адзін аспект. Для атрымання статусу малалетняга вязня па ўказанні сацыяльных работнікаў Уладзімір Буханаў некалькі гадоў асабіста збіраў неабходныя дакументы. Як высветлілася, піша ён, многае з гэтай працы, у сілу прафесійных абавязкаў, павінны былі рабіць яны, звяртаючыся за звесткамі ў органы дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства абароны, архівы, музеі, створаныя ў месцах размяшчэння былых фашысцкіх лагераў. Згадзіцеся, афіцыйны запыт важыць больш прыватнага. Тым больш, калі ён тычыцца лёсу пажылога чалавека, які пацярпеў у гады вайны.