Галоўнае, каб людзі не ўпадалі ў адчай, працягвалі барацьбу. Расказ беларускага добраахвотніка ва Украіне

У 2022 годзе В. з'ехаў з Беларусі ва Украіну праз палітычна матываваны пераслед. У верасні таго ж года далучыўся да БДК і стаў добраахвотнікам. На ўмовах ананімнасці з меркаванняў бяспекі беларускі добраахвотнік БДК ва Украіне паразмаўляў з «Новым Часам» пра баявыя будні, чорны гумар на вайне і будучыню Беларусі.

Герой публікацыі

Герой публікацыі

Вырашыў далучыцца да шэрагаў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, бо было брыдка глядзець, як з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты ва Украіну, як гінуць людзі за тое, што хочуць жыць так, як яны хочуць, а не як маскаль загадае, кажа хлопец. «А, ну і вядома ж, я ненавіджу камуністаў! Далучыўся менавіта да шыхтоў БДК, таму што гэта пра вайну, гонар, пабрацімства».

Першае баявое, самае запамінальнае для мяне

Яно згадваецца дынамікай бою, варожай артай (артылерыяй — рэд.), якая біла няспынна, брудам, які жудасна замінаў, і куражом, які мы злавілі і выканалі гэтую задачу паспяхова, гэта быў рок-н-рол!

Самы цяжкі бой — складана вылучыць нейкі адзін, усе аднолькава цяжкія.

Цяжэй, калі ў ворага ёсць усё — артылерыя, авіяцыя, а ў нас, па нейкіх прычынах, на дадзенай задачы гэтага няма. Але праз час усё ўспамінаецца з усмешкай!

Не магу сказаць, што мне чагосьці не хапае з мірнага жыцця, мне тут усяго хапае. На маю думку, вайна дае добрых і надзейных людзей побач, бязбожнасць тут не зможа доўга хавацца пад маскай, гэтак жа дадае адрэналін, які ты не атрымаеш у ціхім, спакойным жыцці, а для мужчыны гэта важна, а таксама пачуццё адказнасці за людзей, якія ідуць з табой разам.

Глядзіце таксама

З многімі хлопцамі ўжо сталі братамі

Вялікую частку часу мы праводзім разам, нават калі знаходзімся на адпачынку. Гэта лепшыя людзі, з якімі давялося сустрэцца за ўсё жыццё, яны цябе разумеюць, ты іх разумееш, усе адзін аднаму дапамагаюць у любой жыццёвай сітуацыі і давяраюць адзін аднаму самае каштоўнае, што ёсць у чалавека — гэта жыццё! Усім хлопцам моцнага здароўя! Калі апісваць больш-менш тыповы дзень ваяра, ва ўмовах вайны, дык гэта, калі ёсць час — трэніроўкі і павышэнне сваіх ведаў і скілоў, і, натуральна, выкананне пастаўленых задач.

Страта пабрацімаў — цяжкая тэма

На жаль, многіх людзей ужо няма побач, вылучаць кагосьці не хочацца, таму што, кожная страта асаблівая па-свойму, гонар загінулым хлопцам і ніколі пра іх не забываем! У канцы шляху мы абавязкова з імі сустрэнемся!

Глядзіце таксама

Як змянілася вайна да сённяшняга дня

На мой погляд, перш за ўсё, гэта пастаяннае развіццё тэхналогій, якія ўскладняюць жыццё і патрабуюць большай падрыхтоўкі.

На вайне ёсць месца гумару

Асабліва чорнаму. Гумар у нас спецыфічны, лепш пра яго не казаць, трэба апынуцца ў той ці іншай сітуацыі, каб яго зразумець.

Пра асаблівы гумар вайскоўцаў нам казалі і іншыя добраахвотнікі. Напрыклад, вось тут

Ваўчанск

У першую чаргу, гэта быў цікавы досвед вулічных баёў, дзе няма выразнай лініі фронту. Праціўнік можа знаходзіцца за кожным кутом, пастаянныя манеўры, часу адпачыць практычна няма, а калі і ёсць, то гэта вельмі невялікі прамежак часу. За ўсе дні бесперапыннай працы сваёй маленькай групай мы напэўна вывучылі Ваўчанск на памяць і маглі ўжо ў нейкія моманты рухацца без карты, як мясцовыя жыхары. Пастаянна працуе авіяцыя і артылерыя праціўніка, FPV-дроны і аэравыведка. Так што хавацца там практычна немагчыма. Куча груп, якія ідуць на забой, варожая пяхота, якую касілі ўсе нашы падраздзяленні, што знаходзіліся ў той момант у Ваўчанску. Праціўнік, такое пачуццё, не заканчваўся і пастаянна лез з усіх шчылін, не даючы расслабіцца ні на секунду. Уласна мы, сваёй чацвёркай, не маглі выратавацца 5 дзён, пастаянна знаходзячыся на пярэднім краі абароны гораду.

Герой публікацыі

Герой публікацыі

Ужо не было ані сілаў, ані правізіі, але ўсё роўна мы свае пазіцыі не пакідалі і трымалі іх.

Часам здавалася, што нас ніхто не зменіць, бо ўсе, хто быў у шыхце з БДК, працаваў бесперапынна. Сумежнікі з украінскіх падраздзяленняў, маючы ратацыю, дзівіліся, што ад нас на манежы ўсё тыя ж людзі, але ў выніку праз пяць дзён на маральна-валявых нас змянілі нашыя браты. І гэтым нас вельмі моцна выручылі, бо сілаў і канцэнтрацыі ўжо не было.

Але магу сказаць, што было крута, сваю задачу мы выканалі, ворага стрымалі.

Адышоўшы з першапачатковых пазіцыяў каля Ваўчанску, мы занялі новыя вызначаныя пазіцыі, трэба было кантраляваць дарогу ў сам горад і ў выпадку варожых сіл — прымаць бой. Але праціўнік пратачыўся з іншага флангу і ўжо займаў квартал, у якім мы знаходзіліся. На той момант сувязі з намі ўжо практычна не было, зрэдку штосьці праходзіла па рацыі. І вось у адзін цудоўны момант у эфір прасачылася, што трэба перайсці на іншую кропку. Збіраемся і рухаемся.

Тады мы яшчэ не ведалі, што па факце знаходзімся ўжо за спінамі праціўніка.

У тыле ворага

Герой публікацыі

Герой публікацыі

Прасоўваючыся па вуліцы да кропкі, якую мы пачулі ў радыёэфіры, нашая першая двойка заўважае двух расейцаў з мясцовай жыхаркай, якая міла паказвае ім двары прыватных дамоў. Яны не заўважылі нас, ці не разумелі хто мы, думаючы, што падцягваюцца свае сілы. І тут мы ўжо зразумелі, што знаходзімся ў занятым праціўнікам квартале. Прымаем рашэнне рухацца па іншай дарозе, там яшчэ была нейкая расліннасць, праз якую можна было рухацца.

Спыняемся паглядзець карту, і тут на сустрэчу едзе цывільны мікрааўтобус, у якім, як аказалася, знаходзяцца расейцы.

Яны таксама не ўяўлялі, што ў іх за спінамі мог застацца праціўнік, і праехалі міма нас. Нам было не слушна адкрываць па ім агонь, таму што боекамплекту было ўжо мала, а працаваць, як аказалася, нам яшчэ шмат дзён. Таму раскрыць сябе, знаходзячыся ў атачэнні ворага, не самы лепшы варыянт. У выніку, нейкім магічным чынам, прасоўваючыся праз праціўніка і мясцовых аматараў «рускага свету», атрымалася злучыцца з групай сумежнага падраздзялення. Потым да нас далучылася іншая група нашых сяброў, і мы пайшлі з пабрацімам іх сустрэць, шпацыруючы па могілках гораду і не ведаючы, што там ужо ёсць агнявыя пазіцыі варожых кулямётчыкаў. Застаемся незаўважанымі, сустракаем яшчэ адну групу, і становіцца больш камфортна. Далей ужо выконваем пастаўленыя задачы разам, выйшлі з акружэння без адзінай страты. Мы зразумелі, што поспех на той момант быў на нашым баку. Потым ужо жартавалі, што калі б у той дзень мы паставілі ўсе грошы на зеро — абавязкова б сарвалі куш.

Хамві

Перадыхнуўшы дзень ад папярэдніх прыгодаў, мы атрымліваем новую задачу. Частка людзей з маёй групы едзе займацца адной працай, а нам з пабрацімам выпадае іншая — падвоз боекамплекту. Немалаважная частка вайны. Вылятаем, чакаем падвоз мінаў, каб перагрузіць іх сабе і завезці хлопцам на кропку. І тут мне паступае прапанова ад нашага камандзіра Пана Гены: «Скачы да нас у Хамві — будзеш наводчыкам, трэба папрацаваць па ворагу».

Ад такіх прапаноў не прынята адмаўляцца, і я з вялікім задавальненнем раблюся часткай гэтага слаўнага экіпажу. Імчымся на кропку, адкуль трэба працаваць, робім сваю справу, ад'язджаем, выпраўляем тое, што трэба і заходзім на другі круг. Дастаўляем дыскамфорт праціўніку. Ён, у надзеі нас знішчыць, пачынае паляваць за нашай машынай.

На зваротным шляху нас злавіў FPV-дрон, але дзякуючы ўсталяванай сістэме РЭБ, у іх не атрымліваецца нас адправіць на той свет. 

Вельмі дапамагае, калі людзі робяць данаты на РЭБ. Яны ратуюць жыцці і палягчаюць нашую працу.

Але ж было пашкоджанае кола. Наш пабрацім цісне педаль газу да адмовы, але машыну з-за пашкоджанага кола занесла, і яна робіць мноства пераваротаў. Мяне выкінула адразу, аднаго з хлопцаў — у канцы ўсіх гэтых акрабатычных эцюдаў нашага Хамві. Атрымліваем розныя траўмы, ірваныя раны, пераломы розных частак цела. 

Праціўнік пачынае страляць з артылерыі па перакуленаму аўтамабілю і нам. 

Адпаўзаем у пасадку, далей у склеп, які знаходзіўся побач з домам. Аказваем адзін аднаму першую дапамогу і чакаем на эвакуацыю. Далей — стабпункт, шпіталь, але ўсё гэта праходзіць у вельмі вясёлым настроі. Жывыя — і добра!

Раненні пасля аварыі. Крыніца: тэлеграм-канал БДК

Раненні пасля аварыі. Крыніца: тэлеграм-канал БДК

Вызваленне Беларусі не надта залежыць ад развіцця падзеяў ва Украіне.

Шчыра кажучы, я не думаю, што нешта змяніцца пасля перамогі Украіны, але хто хоча там (у Беларусі — рэд.) мяняць уладу, той павінен быць гатовы ў любы момант да баявых дзеянняў: кветкамі і плакатамі нічога не памяняць. 

Для перамогі, перш за ўсё, патрэбная матывацыя, прафесіяналізм і, вядома ж, узбраенне лепшае, чым у ворага. Галоўнае, каб уся краіна працавала на фронт!

Беларусам я б хацеў сказаць: «Не здавайцеся, не падайце духам, далучайцеся да БДК, або любымі спосабамі дапамагайце хлопцам, якія ваююць, гэта важна!»

Планы пасля вайны

Пра свае планы пасля заканчэння вайны мне пакуль сказаць складана, так далёка не зазіраў. З вялікім задавальненнем вярнуўся б у Беларусь пасля нашай агульнай перамогі — і над Расіяй і над рэжымам калгасніка. Таму што там мой дом, і нідзе не будзе лепш, чым дома!

Галоўнае, каб людзі не ўпадалі ў адчай, працягвалі барацьбу любымі даступнымі спосабамі, бо толькі так мы здабудзем тое, пра што ўсе марым — свабоду!

Жыве Беларусь! Слава Украіне! Шляхце гонар — рабам жах!