Аддаў жыццё, каб выратаваць іншага чалавека
Былы палітзняволены, беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў загінуў 26 студзеня 2023 года падчас бою пад Вуглядарам. Прапануем вам успаміны яго маці, Марыны Лобавай.
У гэты дзень я была дома. Адкрыла тэлефон і ўбачыла паведамленне ад Сашы Малчанава. Я ўжо падазравала, што нешта здарылася, бо ён звычайна не пісаў мне ніколі. Адкрыла і прачытала, што загінуў мой Эдзік — асколачнае раненне. Адразу ж сказала малодшаму сыну, патэлефанавала мужу. Мы думалі самі ехаць ва Украіну, каб забраць яго. Патэлефанавала Людзе Мірзаянавай, каб падзяліцца горам.
Люда разаслала ўсюды інфармацыю пра Эдзіка, паведаміла, каму магла. Мне яна сказала, што самі мы не зможам яго забраць — вельмі цяжка дабіцца дазволу, каб прывезці яго ў Польшчу, бо ў нас няма яшчэ грамадзянства, і што гэта вельмі дорага. Яна патэлефанавала Наталлі Радзінай, Наталля звязалася са мной і пачала мне дапамагаць, дала кантакты амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага. Ён узяў на сябе ўсю працу з дакументамі, каб атрымаць дазвол на тое, каб прывезці цела Эдуарда ў Польшчу. А муж вырашаў пытанні з украінскім бокам.
Наступным днём падключыліся сябры Эдуарда. Нам дапамагала ўвесь час вельмі вялікая колькасць людзей. Аб'яўлены быў збор матэрыяльнай дапамогі. Самі мы гэта проста ні фізічна, ні фінансава не пацягнулі б. Я дзякую кожнаму чалавеку, хто дапамагаў нам, хто перавёў грошы, дзякую фонду Польскай «Салідарнасці» — яны аплацілі месца ў калумбарыі на ваенных могілках. Нас і на сённяшні дзень падтрымліваюць — людзі збіраюць подпісы пад петыцыяй за прысваенне Эдуарду звання героя Украіны, здымаюць фільмы, перадачы.
Думкі аб магчымай гібелі сына ад сябе адганяла
Я на ўзроўні падсвядомасці перастала купляць сабе адзенне чорнага колеру — страшна баялася гэтага колеру. Вядома, верагоднасць была заўсёды, але Эдзік падтрымліваў ува мне веру ў тое, што ён выжыве. Ён не пісаў мне нічога такога, што магло мяне прымусіць нервавацца. Дасылаў мне здымкі з жывёламі, пра сябе пісаў толькі з гумарам, што ў яго ўсё добра, што там, дзе ён знаходзіцца — не страляюць.
Я, вядома, не верыла ў гэта, але спадзявалася на тое, што ён усё ж выжыве, таму што ён заўсёды быў пазітыўным, ён хацеў жыць, у яго было шмат планаў, і ў маёй галаве не ўкладвалася, што яго можа не быць. Я разглядала магчымасць, што ён можа быць паранены, думала, што ў такім выпадку прывязу яго ў Варшаву, знайду для яго найлепшых дактароў. Усведамляла, што ён можа застацца без рук, без ног — я б знайшла для яго лепшыя пратэзы, абы ён жыў.
Эдуард заўсёды цалкам аддаваўся любімай справе
Я не ведаю, ці паўплывала маё выхаванне на тое, што Эдзік быў такі. Людзі могуць быць у адной сям'і, але з розным характарам. Сямʼя, вядома, уплывае, але Эдзік нарадзіўся такім і такім вырас — аддаваўся працы, дзейнасці. Калі вучыўся ў школе — урокі не прапускаў, наведваў кожны дзень, у мяне не было праблем з ім у школе. Не магу сказаць, што ён добра вучыўся: лічыў, што гэта яму не трэба, то цягі асаблівай не было. Калі ён ужо захацеў стаць вайскоўцам, вырашыў паступаць у ваенную акадэмію, пачаў лепш вучыцца, і скончыў школу добра. Паступіць ён не змог — не прайшоў медыцынскую камісію, у ваенкамаце яму параілі ісці ў войска, а пасля войска можна без праблем паступіць у акадэмію. Ён абраў лепшую, 103-ю элітную брыгаду ПДВ. Ужо пасля войска Эдзік далучыўся да «Маладога фронту».
Заўсёды падтрымлівала сына
Яшчэ з дзяцінства я заўважыла, што ён вельмі добра разбіраецца ў людзях, нават лепш, чым я. І праўда, калі Эдзік добра ставіўся да чалавека, значыць, гэты чалавек насамрэч добры. Хацеў стаць вайскоўцам — я казала яму, што, магчыма, гэта не зусім перспектыўная праца ў Беларусі, але калі хацеў, то я дапамагала яму ў кожнай справе. Падтрымлівала, калі ён пайшоў у «Малады фронт», падтрымлівала яго, калі ён сядзеў, рабіла ўсё, што залежыць ад мяне. Калі ён пайшоў служыць ва Украіне ў войска, то прысвяціў усяго сябе гэтаму, таму і не меў сям'і. У 2015 годзе ён прыехаў ва Украіну і пайшоў добраахвотнікам на Данбас.
«Калі не вызваліць Украіну — наступнай будзе Беларусь»
Сваё рашэнне ён тлумачыў так: «Калі не вызваліць Украіну — наступнай будзе Беларусь». І калі беларусы будуць дапамагаць украінцам, то ўкраінцы дапамогуць беларусам, і што ў нас адзін агульны вораг — Расія, толькі яна можа акупаваць нашую зямлю.
Не магу сказаць, што я адразу падтрымала яго ідэю, таму што для мяне няма нічога важней за жыццё маіх дзяцей, але што рабіць? Калі ён зрабіў такі выбар — я павінна яго падтрымліваць і надалей. Ён тады атрымаў медаль «За абарону Данбаса», яшчэ нейкія ўзнагароды.
Узнагароды Эдуарда Лобава
У 2017 годзе ва Украіне падпісалі ўказ, што ў УСУ могуць ісці на кантракт грамадзяне іншых краін. Ён падпісаў кантракт на 3 гады, патрапіў у 8-ю брыгаду спецпрызначэння ў Хмяльніцкім. Там адслужыў, а пазней перавёўся ў 72-ю брыгаду «Чорных запарожцаў» у Белай Царкве. Я тады сказала яму — колькі можна ваяваць? Час ужо заняцца сваім жыццём. Ён і збіраўся, казаў, што гэты кантракт апошні, перад вайной. Ён збіраўся пераехаць у Кіеў, жыць і працаваць там, але пачалася вайна. За два месяцы да вайны Эдзік быў на курсах — навучалі працаваць з джавелінамі, яшчэ з нейкімі кулямётамі. Калі скончыў курсы, ён думаў ісці ў адпачынак на 2 тыдні.
«Мы хацелі разам наведаць Львоў, ён мне абяцаў экскурсію правесці»
Эдуард Лобаў
Я планавала прыехаць да яго, мы хацелі разам наведаць Львоў, ён мне абяцаў экскурсію правесці. Але пачалася вайна.
Ён зрабіў так, як павінен рабіць мужчына — пайшоў бараніць зямлю, на якой жыў, на якой працаваў. Я яго разумею — інакш ён не змог паступіць. Першыя часы пісаў, што пад Кіевам, ён і сапраўды там быў, у самай гарачай кропцы — у Гастомелі, абараняў аэрапорт. Пра гэта я даведалася ўжо пазней. Мне ён пісаў, што ў іх не страляюць, што ў іх ціха — аберагаў мяне. Пазней яго перавялі пад Чарнобыль, ён вызваляў гэтыя тэрыторыі. Страшнае мне не пісаў ніколі, заўжды толькі пазітыўнае: што ў яго ўсё добра, што ён здаровы, што няма ніякіх праблем. А тым часам я даведваюся, што ў яго аскепкам прабіты пашпарт — ён застаўся без дакументаў, і карту банкаўскую прабіла. Я яму напісала: «Сынок, цябе маглі забіць!» Ён мяне супакоіў, напісаў, што ягоны пашпарт быў у заплечніку, у які патрапілі аскепкі. Так стараўся зберагчы мяне ад перажыванняў.
Аддаў жыццё, каб выратаваць іншага чалавека
Эдуард Лобаў
Быў бой пад Вуглядарам, наступала расійская 52-я брыгада марской пяхоты, Эдзік выйшаў з акопа і з аўтамата перастраляў адзіночнымі стрэламі расійскіх акупантаў, што дало магчымасць вынесці з поля бою параненага камандзіра. Пасля гэтага яшчэ доўга доўжыўся бліжні бой, Эдзік выйшаў з джавелінам, каб збіць расійскі танк і атрымаў аскепкавае раненне. Ён быў жывы, але яго не маглі вынесці з-за таго, што ішоў бой, санітары не маглі дабрацца да яго, магчыма, калі б удалося яго хутка эвакуіраваць, ён быў бы жывы, але такой магчымасці не было.
Мне шкада сына, вельмі цяжка, што яго ўжо няма. Мне здаецца, што гэта такі сон жудасны, што ён скончыцца. Часам веру і не веру. Я да гэтага часу заходжу ў «Тэлеграме» на яго старонку — а раптам ён жывы? Але я ганаруся ім, на самай справе, мой сын — герой. Аддаць жыццё, каб выратаваць іншага чалавека — гэта трэба мець смеласць і адвагу. Я буду ганарыцца Эдзікам усё жыццё.
Фота прадастаўленыя Марынай Лобавай