Дзень свабоды прэсы — нагода для журналісцкай салідарнасці

Сёння, 3 траўня, адзначаюць Сусветны дзень свабоды прэсы.



Малюнак baj.by

Малюнак baj.by

Беларускія журналісты зведваюць пераслед уладаў: затрыманні, арышты, ператрусы, адміністрацыйныя справы, судовыя выракі.

Пра сусветны дзень свабоды прэсы распавядае Вольга Корсун — старшыня гарадзенскай філіі “Беларускай Асацыяцыі журналістаў”:

— Такая нагода ўзгадаць пра журналісцкую салідарнасць, пра тое, у якіх умовах сёння працуюць журналісты ў Беларусі і іншых краінах. Таксама гэта нагода падумаць пра тое, што мы ўвогуле ў нашым прафесійным асяроддзі можам зрабіць для таго, каб бараніць сваё права на свабоду выказвання, на распаўсюд інфармацыі, і якім чынам можна прафесійна расці, развіваць свабодную журналістыку, прафесійную журналістыку ў Беларусі.

На думку журналіста Руслана Кулевіча, гэты дзень — праява салідарнасці з калегамі:

— Свабодная прэса для мяне вельмі важная. Я незалежны журналіст, не залежу ад нікога, і ўсё, што я бачу, павінен падаваць з нейтральнага боку. Сёння для мяне ніякіх абмежаванняў няма, пры жаданні кожныя дзверы для мяне адчыненыя, я магу спакойна браць каментары. Але ёсць у нас у Гародні журналісты, у якіх незаўсёды атрымліваецца выконваць сваю працу, іх прыціскаюць. І мы як калегі павінны быць салідарныя, бо кожны журналіст павінен выконваць сваю працу. Апошнія суды паказваюць, што не ўсё так проста.

У дзень Свабоды прэсы гродзенскія журналісты далучыліся да акцыі па раздачы незалежных выданняў, раздалі некалькі сотняў асобнікаў газеты “Народная Воля”.

Беларускае Радыё Рацыя