Дзедаўшчына ў войску: рэкамендацыі сваякам салдатаў
Дзедаўшчына — гэта злачынствы ў войску. І калі салдат сутыкаецца з гэтай праблемай, яе не трэба замоўчваць. Трэба дзейнічаць рашуча і хутка, лічаць праваабаронцы. Сваякі салдатаў павінны разумець: калі яны не паведамяць пра гэтыя злачынствы дзяржаўным органам і грамадскасці, то гэтага не зробіць ніхто.
Што такое дзедаўшчына?
Дзедаўшчына — пазастатутныя адносіны, якія выходзяць за межы службовых паўнамоцтваў. Праяўляецца ў тым, што салдаты, якія праслужылі большы тэрмін службы, сяржанты, прапаршчыкі выкарыстоўваюць розныя формы псіхалагічнага і фізічнага гвалту ў дачыненні да салдат тэрміновай службы.
З пункту гледжання правоў чалавека:
гэта жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, катаванні - яны недапушчальныя ні пры якіх абставінах.
У беларускім заканадаўстве:
такія дзеянні як збіццё, фізічныя і псіхалагічныя здзекі, вымагальніцтва грошай і таму падобнае, крыміналізаваныя – з’яўляюцца злачынствам і караюцца. Іх не трэба замоўчваць - трэба дзейнічаць рашуча.
Якім чынам заявіць пра дзедаўшчыну?
Вырашаць праблему з кіраўніцтвам вайсковай часткі — неэфектыўна.Бо ніхто не зацікаўлены “выносіць смецце з хаты”.
Эфектыўней запісацца на прыём да міністра абароны, выкласці яму праблему і патрабаваць перавесці салдата ў іншую вайсковую частку. Таксама варта накіраваць у Міністэрства абароны пісьмовы зварот, каб была праведзена ўнутраная праверка.
Надзейней звяртацца ў дзяржаўныя органы, якія па-за вайсковай сістэмай — Следчы камітэт, пракуратуру, міліцыю.
Трэба падаць заяву пра здзяйсненне злачынства ў аддзяленні пералічаных органаў — па месцы знаходжання вайсковай часткі альбо па месцы жыхарства заяўніка. Не атрымліваецца падаць заяву асабіста — можна даслаць яе поштай.
Праваахоўны орган, куды накіраваная заява, павінен:
- разгледзець заяву альбо перанакіраваць яе ў той орган, які абавязаны яе разгледзець;
- правесці праверку;
- пры ўстанаўленні складу злачынства прыняць рашэнне пра ўзбуджэнне крымінальнай справы.
Куды звяртацца па дапамогу?
Праваабарончыя арганізацыі, якія працуюць у Мінску і рэгіёнах, дадуць юрыдычную кансультацыю ці парады, дапамогуць скласці звароты ў адпаведныя праваахоўныя органы. Таксама дапамогуць у распаўсюдзе інфармацыі, каб надаць справе грамадскі рэзананс.
Медыя шырока распавядуць пра сітуацыю беззаконня, звернуцца па каментары да службовых асобаў, будуць сачыць за развіццём справы і падтрымліваць інфармацыйна.
spring96.org