Чыноўнікі публікуюць у сацсетках свае заявы пра звальненне: «Далей працаваць не дазваляе сумленне»
У сацсетках з'явілася ўжо некалькі публічных заяваў чыноўнікаў пра звальненне. Адным з іх стаў супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта, яшчэ адзін — Мінгарвыканкама, паведамляе tut.by.
Заявай на звальненне падзяліўся ў сацсетках Арцём Праскаловіч. Да нядаўняга часу ён працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, дзе быў намеснікам кіраўніка ўпраўлення заканадаўства ў праваахоўнай і ваеннай сферах Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення.
"Больш не лічу магчымым быць юрыстам на
дзяржаўнай службе", — напісаў мужчына ў Instagram і прыклаў здымак сваёй
заявы і пасведчання.
Таксама ў сацсетках з'явіўся відэазварот ад супрацоўніка Мінгарвыканкама Пятра Жылінскага, начальніка аддзела каардынацыі інвестыцыйнай дзейнасці камітэта эканомікі ў Мінгарвыканкаме. Відэа апублікавана ў тэлеграм-канале @belamova.
Ён звярнуўся па-беларуску і заявіў, што вырашыў звольніцца з дзяржаўнай службы з-за частых выпадкаў гвалту ў дачыненні да грамадзян Беларусі.
«Далей знаходзіцца на дзяржаўнай службе мне не дазваляе сумленне. Я таксама хацеў бы выказаць спачуванні ўсім родным загінулых за апошнія дні. Вечная памяць і царства нябёснае. Спадзяюся, у хуткім часе у Беларусі зноў запануюць мір, любоў і згода. І памятайце, дабро заўсёды перамагае зло. Дзякуй за увагу, спадзяюся, яшчэ пабачымся. І, нягледзячы ні на што, — Жыве Беларусь», — сказаў ён.
Мяркуючы па адкрытых даных з інтэрнэту, такія людзі сапраўды фігуравалі як супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта і Мінгарвыканкама.