Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча?
Belsat.eu распавядае, у чым вінавацяць Мікалая Аўтуховіча, каго КДБ лічыць яго паплечнікамі і ці сапраўды ў гэтай справе ёсць украінскі след.
Пра затрыманне Мікалая Аўтуховіча і шэрагу звязаных з ім людзей стала вядома летась 8 снежня. Улады адразу абвесціла Аўтуховіча арганізатарам «тэрарыстычнай групы».
«Рыхтавалі тэракты па ўсёй краіне і ўжо пачалі ажыццяўляць. На тым і пагарэлі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Масавых ахвяр удалося пазбегнуць толькі дзякуючы спыненню іх актыўнасці на пачатковым этапе», — сцвярджаў старшыня КДБ Іван Церцель падчас Усебеларускага народнага сходу.
Тэму тэрарызму ўлады адразу сталі актыўна выкарыстоўваць у прапагандзе: маўляў, «справа Аўтуховіча» сведчыць пра тое, што апаненты Лукашэнкі гатовыя пайсці на любыя злачынствы, «не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей». «Пасеяць страх і нянавісць — гэта і ёсць зброя пратэсту», — адзначалася ў фільме АНТ «Тратыл пратэсту».
Але ці існавала «тэрарыстычная арганізацыя» насамрэч?
Хто такі Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся ў Ваўкавыску ў 1963 годзе. Удзельнічаў у вайне ў Афганістане, мае баявыя ўзнагароды. У пачатку 2000-х стаў паспяховым бізнесоўцам. Праз канфлікт з мясцовымі ўладамі трапіў пад палітычна матываваны пераслед, і ўлетку 2006 года яго асудзілі на 3,5 гады зняволення з канфіскацыяй маёмасці нібыта за ўхіленні ад выплаты падаткаў. Бізнес Аўтуховіча быў знішчаны.
Неўзабаве пасля вызвалення Аўтуховіча зноў арыштавалі: супраць яго сфабрыкавалі абвінавачанне ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гродзенскага аблвыканкама, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі.
Справа была багатай на самыя фантастычныя фармулёўкі і дэталі. Нібыта Аўтуховіч склаў расстрэльны спіс чыноўнікаў, завёз у Беларусь праз мяжу цэлы арсенал зброі ды арганізаваў «партызанскі атрад». Пракурор прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення, але суд зняў абвінавачанні ў тэрарызме. У выніку былы бізнесовец атрымаў 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне пяці патронаў для паляўнічай стрэльбы. Яго зноў прызналі палітвязнем.
Пасля вызвалення з турмы Аўтуховіч распачаў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Аднак у канцы 2018 года ён фактычна сышоў у падполле: змяніў месца жыхарства, не з’яўляўся ў публічнай прасторы, не карыстаўся мабільнай сувяззю. Ён сцвярджаў, што ўсё гэта неабходныя захады бяспекі, бо спецслужбы хочуць сфабрыкаваць супраць яго новую крымінальную справу.
Застаючыся ў падполлі ў траўні-чэрвені 2019 года, Аўтуховіч пачаў публікаваць адкрытыя звароты, якія шмат каму падаваліся дзіўнымі. Напрыклад, экс-палітвязень паставіў Лукашэнку ўльтыматум: сысці ў адстаўку цягам 30 дзён або ён «запусціць механізм аднаўлення справядлівасці».
«Я прымаю цяжкае, але ўзважанае рашэнне ўзяць на сябе адказнасць за будучыя падзеі, планаваннем і падрыхтоўкай якіх я займаўся доўгія гады ў няволі і апошнія гады пасля вызвалення», — пісаў ён.
Што гэта за дзеянні па «аднаўленні справядлівасці», Аўтуховіч не патлумачыў. Аднак пасля заканчэння 30-дзённага тэрміна нічога не адбылося. Імя экс-палітвязня надоўга знікне з інфармацыйнай прасторы і вернецца туды толькі ў снежні 2020 года.
Падпалы, у якіх убачылі падрывы
«Групу Аўтуховіча» вінавацяць у трох нападах. Першыя два адбыліся 2 кастрычніка 2020 года. Спачатку на поўначы Ваўкавыску быў падпалены аўтамабіль інспектара мясцовага РАУС, а потым – яго недабудаваны дом у мікрараёне Паўднёвы. Паводле дзяржаўных СМІ, гэтыя падпалы здзейсніў асабіста Мікалай Аўтуховіч разам з 46-гадовым мінчуком Паўлам Савам.
У фільме «Траціл пратэсту» гэтыя падпалы чамусьці называюць падрывамі — нібыта пажары ўспыхнулі ў выніку выбуху самаробнага выбуховага прыставання. Аднак гэтаму супярэчаць афіцыйныя звесткі пра гэтыя інцыдэнты: у кастрычніку ў прэс-рэлізах МУС і МНС гаворка ішла менавіта пра падпалы, а не падрыў. Больш за тое, у іншы прапагандысцкім сюжэце БТ былі прадэманстраваныя фрагменты паказанняў Паўла Савы, дзе ён адназначна сцвярджае: і аўтамабіль, і дом міліцыянта Аўтуховіч проста абліў бензінам.
Трэцяя акцыя, якую прыпісваюць групе Аўтуховіча, — гэта падрыў аўтамабіля амапаўца Алега Седача. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 20 лістапада ў Гродне. Тут следчыя ад самага пачатку казалі пра выбух, хоць і слабы: у прэс-рэлізе СК гаворка ішла пра «хлапок», які прывёў толькі да «пашкоджання пярэдняй часткі» аўтамабіля. Таксама лёгкія пашкоджанні атрымалі яшчэ тры аўтамабілі, што стаялі на паркоўцы.
Вынік атакі на машыну амапаўца. Звяртае на сябе ўвагу, што лабавое шкло ў машыне засталося цэлым. Скрыншот з відэа «Беларусь 1»
«Выбух адбыўся на паркоўцы, размешчанай паблізу жылога дома і дзіцячага садка, што стварала рэальную пагрозу гібелі ні ў чым невінаватых людзей», — заявіў у эфіры БТ начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.
Згадванне дзіцячага садка ў гэтай заяве выглядае маніпулятыўным, бо «хлапок» адбыўся ў 01:30 — у такі час дзеці па вуліцах не гуляюць. Робячы акцэнт на небяспечнасці такіх дзеянняў, спецслужбы імкнуліся абгрунтаваць сваё рашэнне абвінаваціць «групу Аўтуховіча» менавіта ў тэрарызме.
Прычым рашэнне гэтае было прынята не адразу. Спачатку за пашкоджанне машыны амапаўца Алега Седача Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 218 («Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці»). Аднак у той жа дзень генеральны пракурор Андрэй Швед асабіста даў загад перакваліфікаваць абвінавачанне на ч.1 арт. 289 («Акт тэрарызму») і перадаў справу КДБ.
У выніку трох нападаў, у якіх вінавацяць «групу Аўтуховіча», не пацярпеў ні адзін чалавек. Сам характар такіх акцый дае падставы меркаваць, што іх арганізатары адмыслова хацелі пазбегнуць ахвяр: падпал і падрыў машын адбываўся ноччу на бязлюдных паркоўках, а ў спаленым доме ваўкавыскага міліцыянта ў прынцыпе нікога быць не магло — дом толькі будаваўся і там ніхто не жыў. Нягледзячы на гэта, у фінале прапагандысцкага фільма «Тратыл пратэсту» сцвярджаецца, што ў далейшым «група Аўтуховіча» нібыта магла ўзарваць пасажырскі аўтобус. Аднак такую выснову прапагандысты абсалютна ніяк не аргументуюць.
Данбас, Майдан і зброя
«Нядаўна мы затрымалі групу Аўтуховіча. Мярзотнікі апошнія. Цяпер мы іх усе каналы ўскрылі. Яны везлі тонамі зброю праз Украіну. І калі б хлопцы нашы (я ўсіх загадаў да дзяржаўных узнагарод неадкладна прадставіць) іх не накрылі, ох, нам бы Новы год быў», — заявіў у снежні Лукашэнка.
Нават калі параўноўваць гэтую заяву з версіяй дзяржаўных прапагандыстаў, становіцца відавочна: Лукашэнка яўна перабольшвае, пра тоны зброі гаворкі няма. У фільме АНТ сцвярджалася, што ў хаце Аўтуховіча і ў лясным тайніку знайшлі пісталеты (баявыя, газавыя, сігнальныя), аўтамат, 8 гранат РГД-5, каля 1600 грамаў трацілу і 1500 патронаў. Увесь гэты арсенал Аўтуховіч нібыта прывёз з Украіны. Паводле спецслужб, ён нелегальна перайшоў праз мяжу на ўкраінскі бок 1 лістапада і знаходзіўся ў Кіеве мінімум да 12 лістапада.
У фільме АНТ называюць адразу некалькі асоб з украінскага боку, з якімі Аўтуховіч кантактаваў. У тым ліку згадваецца абанент на іракскім нумары з нікам «Ivaplast Kiev», за якім нібыта хаваўся былы камандзір дабраавотніцкага батальёна «Данбас» і экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Сямён Сяменчанка. Паводле АНТ, менавіта Сяменчанка арганізаваў калідор для нелегальнага пераходу украінскай мяжы для Аўтуховіча. Прычым у фільме ніяк не тлумачыцца, навошта гэта ўкраінскаму палітыку. Сам Сяменчанка зняпраўдзіў гэтыя абвінавачанні і заявіў, што Аўтуховіча наогул раней не ведаў.
Зміцер Палойка, беларускі дабраахвотнік. Фота з Фэйсбуку
«Сувязным» паміж Аўтуховічам тэлеканал АНТ «прызначыў» беларускага дабраахвотніка Змітра Палойку. У 2014 годзе ён ваяваў у складзе батальёна «Данбас», а потым пайшоў на службу ва Узброеныя сілы Украіны і атрымаў украінскае грамадзянства. Менавіта гэты чалавек, паводле АНТ, мусіў дапамагаць Аўтуховічу з набыццём зброі ва Украіне.
Палойка не адмаўляе факт свайго знаёмства з Аўтуховічам, але ў размове з belsat.eu заявіў, што фрагменты яго перапіскі, паказаныя па тэлебачанні, вырваны з кантэксту. Больш дэталёва каментаваць сітуацыю дабраахвотнік не захацеў.
Таксама ў фільме АНТ сцвярджаецца, што ў Кіеве Аўтуховіч сустракаўся з Аленай Васільевай — заснавальніцай грамадскай арганізацыі «Беларускі Майдан». У інтэрв’ю belsat.eu Васільева назвала Аўтуховіча сваім сябрам і пацвердзіла, што ён сапраўды наведваў Украіну ў пачатку лістапада 2020 года.
«Як ён прыязджаў і з’язджаў — я не ведаю. Ён сапраўды тут быў. Але што тут кепскага?» — задае рытарычнае пытанне Алена.
Васільева не выключае, што Аўтуховіч таксама ездзіў на падкантрольную Украіне частку Данбаса: «Я ведаю, што ён хацеў з’ездзіць на Данбас, пазнаёміцца з беларусамі, якія там ваююць. Але я не магу сказаць дакладна, ці сапраўды ён там быў».
Алена Васільева ўсе абвінавачванні супраць Аўтуховіча лічыць цалкам сфабрыкаванымі. Паводле яе, спецслужбы разглядалі Аўтуховіча як асобу, з якой зручна зрабіць «страшылку» для грамадства.
«Мікалай займаў выразную нацыянальную пазіцыю. Ён збіраўся выйсці з падполля і агучваць нейкія свае думкі, заявы наконт тых падзей, што адбываюцца вакол. Мы збіраліся ладзіць адмысловы стрым, дзе б ён абвесціў пра свой выхад з падполля. Літаральна напярэдадні стрыму ён быў затрыманы», — кажа Васільева.
Аўтары «Тратыла пратэсту» намякаюць, што якраз на Данбасе Аўтуховіч нібыта і набыў зброю, аднак ніякіх доказаў гэтаму яны не прыводзяць. З фрагментаў тэлефонных перамоў Аўтуховіча, што былі апублікаваныя спецслужбамі, вынікае: ён спрабаваў набыць у кіеўскай краме «Военторг ДиСи» патроны для дробнакалібернага спартыўнага пісталета Марголіна. Пра гранаты, тратыл, аўтамат і пісталеты там гаворкі не ішло.
Нямірны пратэст у эпоху рэпрэсій
«Сілавікоў, якія будуць кінутыя на маё затрыманне, папярэджваю, што гатовы абараняць сябе любымі даступнымі мне спосабамі», — пісаў Аўтуховіч у адкрытым лісце да сілавікоў у чэрвені 2019 года.
Арышт Аўтуховіча ў снежні 2020 года Церцель падчас выступу на «Гродна Азоце» апісваў так:
«Хаваўся ён у гаражы ў Берасцейскай вобласці, у свайго даўняга знаёмага, пісталет трымаў пад падушкай у пастаяннай гатоўнасці. Мы яго затрымлівалі з групай "Альфа" пры выхадзе ў краму — затрымалі, было дастаткова небяспечна. Але я вам скажу так: больш мы на такія рэчы глядзець не будзем. Як кажа кіраўнік адной з краін недалёка, "будзем мачыць у сарціры". Жыцці супрацоўнікаў ставіць пад удар больш не будзем — будзем проста знішчаць. Іншага выйсця не будзе».
Мяркуючы па тых кадрах, што дэманстравалі дзяржаўныя СМІ, Аўтуховіч адмаўляецца супрацоўнічаць са следствам. Напрыклад, падчас следчых дзеянняў на месцы так званага тайніка са зброяй Аўтуховіч у адказ на зварот працаўнікоў КДБ кажа: «Я проста прысутнічаю. Я не буду адказваць на пытанні». Імаверна, ён вырашыў паўтарыць тактыку, якую выкарыстоўваў падчас мінулай «тэрарыстычнай справы» — ў 2009-2010 гадах ён таксама адмаўляўся даваць паказанні.
«Тэрор як метад ціску на грамадства» — застаўкай з такімі словамі «Беларусь 1» праілюстравала сюжэт пра затрыманне Аўтуховіча. У якасці пацвярджэння радыкалізму Аўтуховіча БТ выкарыстоўвала яго словы, сказаныя неўзабаве пасля затрымання. На запісы схаванай камеры бачна, што былы палітвязень моцна збіты, а рукі ў яго сцягнуты сцяжкамі.
«Мірныя пратэсты нічога не вырашаюць. Таму на гэтай глебе нараджаюцца ідэі радыкалізму. Таму што іншага ніхто не разумее», — кажа ён.
Дэманструючы кадры, дзе Аўтуховіч кажа пра «ідэі радыкалізму», БТ забылася распавесці пра агульны кантэкст: гэтыя думкі агучваюцца на фоне самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсій. Як адзначаецца ў справаздачы праваабарончага цэнтра «Вясна» па выніках 2020 года, тысячы пратэстоўцаў па ўсёй Беларусі сталі ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку, больш за 900 чалавек трапілі пад крымінальны пераслед (цяпер самі сілавікі агучылі іншую лічбу – больш за 2300 крымінальных спраў, звязаных з пратэстамі). Паводле дакладу «Вясны», мінімум чатыры чалавекі ў выніку дзеянняў сілавікоў загінулі. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці.
Беларускі дабраахвотнік Зміцер Палойка ў размове з belsat.eu падкрэсліў: Аўтуховіч сапраўды не верыў у эфектыўнасць мірных пратэстаў, аднак гэта зусім не значыць, што ён рыхтаваў крывавыя тэракты.
«Я ведаю, што Аўтуховіч не верыў у тое, што з дапамогай пляскання ў ладкі можна дамагчыся перамен. Так, ён сапраўды глядзеў з нянавісцю на тыя забойствы і катаванні, якія здзяйснялі сілавікі. Але ж любы чалавек глядзіць на забойствы і катаванні з нянавісцю, гэта натуральна. Аўтуховіч заўсёды хацеў змяніць краіну, дамагчыся свабоды. Але ён хацеў дамагчыся гэтага без чалавечых ахвяр. Заявы прапагандыстаў пра тое, што Аўтуховіч нібыта планаваў падарваць аўтобус з людзьмі — гэта поўнае трызненне, танная маніпуляцыя, з мэтай запалохаць грамадства», — заявіў ён.
Ці была ў Аўтуховіча «група»?
Спецслужбы ўсяляк падкрэсліваюць, што Аўтуховіч — гэта не мяцежнік-адзіночка, а кіраўнік цэлай тэрарыстычнай групоўкі. ДзяржСМІ выкарыстоўваюць тэрмін «банда Аўтуховіча», а Іван Церцель распавядаў пра стварэнне «тэрарыстычных ячэек» па ўсёй тэрыторыі Беларусі. А ў лютым КДБ унёс у афіцыйны спіс тэрарыстаў 12 чалавек, якіх чэкісты лічаць паплечнікамі Аўтуховіча. Сярод іх ёсць двое інвалідаў 2-й групы: Галіна Дзербыш і Уладзімір Гундар (у былога «афганца» Гундара ампутаваная нага). Усім гэтым людзям выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса – «Акт тэрарызму».
Што зрабілі гэтыя 12 чалавек? Дзяржаўныя СМІ тлумачаць віну некаторых з іх:
Вольга Маёрава адміністравала сацсеткі Аўтуховіча;
Галіна Дзербыш «сачыла за аб’ектам» — імаверна, маецца на ўвазе амапавец Алег Седач;
Віктар Снегур праводзіў Аўтуховіча праз беларуска-украінскую мяжу.Найбольш парадаксальна выглядае тое, што КДБ абвесціў тэрарыстамі сям’ю Разановічаў (у спіс уключаны Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы). Любоў Разановіч — былая прадпрымальніца, яе муж Сяргей — настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў Жабінкаўскім раёне. У доме гэтай сям’і Аўтуховіч жыў некаторы час. Аднак нават у фільме «Тратыл пратэсту» адзначаецца, што «не ўсе з іх ведалі і здагадваліся, што адбываецца», бо Аўтуховіч іх «выкарыстоўваў уцёмную».
«Мікалаіч, вы ўгробілі ўсю нашу сям’ю! Я думала, што вы прыехалі да нас у госці!» — абуралася Любоў Разановіч падчас вочнай стаўкі, фрагменты якой паказалі па БТ. Аднак цяпер гэтая жанчына ў Беларусі ўключаная ў спіс тэрарыстаў нароўні з баевікамі «Аль-Каіды», «Ісламскай дзяржавы» і «Талібана».
Праз недахоп інфармацыі праваабарончая супольнасць Беларусь пакуль не сфармулявала агульную пазіцыю адносна «справы Аўтуховіча».
«Мы нічога не ведаем пра гэтую справу, і сутнасць выстаўленых абвінавачанняў нам невядомая. Будзем сачыць далей і пасля рабіць высновы», — падкрэсліў у інтэрв’ю belsat.eu намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
Ігар Ільяш, belsat.eu