Чэмпіёны — дзецям

З нядаўніх часоў, у беларускім спорце склалася добрая традыцыя  пасля гучнай перамогі на міжнародных спаборніцтвах дзяржава пералічвае энную суму грошай (звычайна каля дзесяці тысяч даляраў) у адрас якой-небудзь беларускай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, якую вызначыць сам спартсмен.



dasza_i_dzieci.jpg

Як правіла, выбар падае на тую ДЮСШ, у якой ён рабіў свае першыя крокі ў спорце. Так атрымалася, што ўсе тры беларускія спартсменкі, якія выйгралі медалі, гэтыя крокі рабілі за межамі краіны.
Дар'я Домрачава нарадзілася ў Мінску, але ва ўзросце чатырох гадоў з'ехала з бацькамі ў горад Нягань (Расія). І толькі ў 16 гадоў вярнулася на радзіму. Некаторы час займалася біятлонам ў ДЮСШАР № 1 беларускага спартыўнага таварыства Дынама. Менавіта гэтай школе дасталіся прызавыя грошы па выбары алімпійскай чэмпіёнкі. Але, як камэнтуюць спецыялісты, наўрад ці б Даша дамаглася поспехаў, калі б сапраўды пачынала займацца спортам тут. Што ўжо казаць, калі да гэтага часу юныя біятланісты гэтай школы трэніруюцца з вінтоўкамі савецкіх часоў.
Надзея Скардзіна нарадзілася ў 1985 годзе ў савецкім Ленінградзе і першапачаткова займалася лыжнымі гонкамі. Від спорту яна змяніла адначасова з грамадзянствам дзесяць гадоў таму.
Надзея Скардзіна пры пералічэнні прызавых грошай спыніла свой выбар на Віцебскай спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву БФСТ "Дынама".
Фрыстайлістка Ала Цупер нарадзілася ва ўкраінскім горадзе Роўна і Алімпіяда ў Сочы - ужо пятая для яе. Першы свой ​​старт на Алімпійскіх гульнях - у японскім Нагана ў 1998 годзе Ала правяла яшчэ пад украінскім сцягам, дзе заняла пятае месца.
Залаты медаль у Алы Цупер стаў поўнай нечаканасцю. У 2010 годзе яна прыняла рашэнне завяршыць кар'еру і засяродзіцца на сям'і. Праз два гады пасля нараджэння дачкі, трэнер ўгаварыў Алу вярнуцца і толькі ў траўні мінулага года яна аднавіла трэніроўкі.
Свой "залаты" скачок у апошняй стадыі фіналу - патройнае сальта з трыма шрубамі - Ала выконвала другі раз у жыцці.
Ала Цупер накіравала сродкі ў Гомельскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе яна доўгі час трэніравалася пасля пераезду з Украіны.
Але для таго, каб і праз 10, і праз 20 гадоў у нас былі такія ж, як сёння, падставы радавацца за поспехі беларускіх спартсменаў, важна каб падтрымка юным спартсменам і іх трэнерам аказвалася не толькі па вялікіх святах.