Былы намеснік начальніка віцебскага ІЧУ Сяргей Каўрыга: Служыць стала зусім невыносна
41-гадовы намеснік начальніка ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) УУС Віцебскага аблвыканкаму Сяргей Каўрыга звольніўся з працы на мінулым тыдні. «Служить бы рад, прислуживаться тошно… Честь имею!» – напісаў ён на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» над фотаздымкам службовага пасведчання. Да заканчэння кантракту яму заставалася даслужыць 5 месяцаў. У інтэрв’ю «Белсату» Сяргей Каўрыга прызнаўся, што служыць далей стала зусім невыносна…
«Проста калісьці прыходзіць канец чалавечай цярплівасці. І ўжо далей проста не можаш», – кажа ўжо былы намеснік начальніка віцебскага ІЧУ маёр міліцыі Сяргей Каўрыга.
«Цяжка глядзець на тое, што адбываецца»
Міліцыянт расказаў, што звальняць яго са згоды бакоў кіраўніцтва адмовілася, бо не скончыўся кантракт. І тады ён заявіў, што проста не выйдзе на працу. Быў у выніку звольнены загадам ад 27 жніўня за невыкананне ўмоваў кантракту. Маёр міліцыі пайшоў на такі крок нягледзячы на тое, што цяпер будзе вымушаны вярнуць дзяржаве грошы, атрыманыя пры падпісанні кантракту – каля 4,6 тыс. рублёў.
«Але гэта было цалкам свядомае рашэнне. Чым матываванае? Тым, што, у першую чаргу, мы, праваахоўнікі, мусім кіравацца нормамі права і выконваць іх у поўным аб’ёме. Але цяпер часта бываюць такія сітуацыі, што неяк вельмі цяжка глядзець на рэчы, якія адбываюцца. Асабліва ў буйных гарадах, у Менску і ў Віцебску. Калі з нейкіх незразумелых прычынаў у ІЧУ апынаюцца паважаныя палкоўнікі, пенсіянеры. Былы намеснік начальніка УУС Сяргей Міхайлавіч Міхасёў – гэта мой былы начальнік, паважаны чалавек, юрыст. І калі я яго бачу ў ІЧУ – узнікае стан кагнітыўнага дысанансу. Мне не зразумела, за што ён там сядзеў…» – тлумачыць былы намеснік начальніка віцебскага ІЧУ.
«Міліцыянты – таксама грамадзяне»
Між тым, міліцыянт сцвярджае, што 9–11 жніўня ў ізалятары часовага ўтрымання ў Віцебску ніхто не здзекаваўся з затрыманых, ніхто не біў людзей, як гэта было ў Менску. Чаму ж дайшло да крыві ў сталіцы?
«Як гэта сфармуляваць? Міліцыянты – гэта ж таксама грамадзяне нашай дзяржавы. Відавочна, былі нейкія адпаведныя загады рабіць тое ці іншае. Таму, калі я гэта ўбачыў, – проста вачам сваім не паверыў, бо ў Віцебску такога не было. Таму за Менск нічога не магу казаць. А ў віцебскім ІЧУ ніхто не біў людзей. Рэч у тым, як яны туды траплялі. Таксама: хто і з якіх прычынаў складаў на іх пратаколы?..» – задае пытанні Каўрыга.
Адказаў ён пакуль не мае. Пры тым, што Каўрыга мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і добра знаёмы з сістэмай. Праслужыў у міліцыі 23 гады. Прайшоў шлях ад міліцыянта патрульна-паставой службы і ўчастковага да супрацоўніка крымінальнага вышуку і намесніка начальніка ІЧУ.
«Карацей… я больш не магу!»
Прызнаецца, што калегі адрэагавалі на ягонае рашэнне па-рознаму.
«Шмат розных меркаванняў выказвалі. Але паверце: у міліцыі служыць шмат сумленных супрацоўнікаў, і ў тым жа АМАПе, і ва ўсіх падраздзяленнях. Не ўсюды, але большасць – нармальныя людзі. Натуральна, розныя бываюць сітуацыі, дык і некаторыя цывільныя людзі бываюць жа неадэкватныя. З калегамі ў мяне былі заўсёды добрыя стасункі. Але… карацей, я больш не магу», – прызнаецца маёр міліцыі.
«Хачу, каб мяне пачулі»
Асаблівага ціску пасля звальнення Сяргей Каўрыга пакуль не адчувае. Але чакае, што яго паспрабуюць скампраметаваць. Такая спроба ўжо была: у пабліках, блізкіх да сілавых структураў, пісалі пра тое, што ён п’яніца, а Сяргея Міхасёва папракалі за тое, што выхаваў такога афіцэра.
«Ну, прымітывізм нейкі. Я б папрасіў, калі ў наступны раз будуць такія пасты выкладваць пра мяне і паважанага палкоўніка Міхасёва, няхай не забываюцца пра адказнасць за распаўсюд паклёпу і знявагі. Хачу, каб пачулі мяне», – папярэджвае Каўрыга.
Але зрабіць нейкі афіцыйны зварот да калегаў у сувязі з тым, што цяпер адбываецца ў краіне, ён адмовіўся.
«А што я буду ім казаць? Я ж не ідэолаг нейкі – прапаганду разводзіць! Калегі самі ведаюць, што трэба рабіць: прытрымлівацца законнасці, працаваць у межах службовых абавязкаў. Усё», – кажа Сяргей Каўрыга.
Суразмоўца «Белсату» гаворыць, што меў моцнае маральнае падтрыманне ад многіх сумленных людзей. Галоўнае ж, яго цалкам разумее і падтрымлівае жонка ды 11-гадовы сын.
«Буду шукаць працу, не стары яшчэ – 41 год. І будзем неяк жыць», – кажа ён на развітанне.