«Кожны дзень баяўся ўбачыць знаёмых сярод затрыманых». Гамяльчанін звольніўся з міліцыі пасля выбараў

Гамяльчанін Кірыл (імя зменена па просьбе героя) яшчэ пару тыдняў таму служыў у праваахоўных органах. Ва ўмовах, якія склаліся ў Беларусі пасля выбараў, малады супрацоўнік працаваць не змог і сышоў са структуры.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Кірыл паступіў на службу ў 2017-м. У 2019-м пачаў працаваць у адным з РАУС Гомеля ў патрульна-паставой службе, праз паўгода перавёўся ў аператыўна-дзяжурную службу. У працы з дзяжурствамі, распавядае малады чалавек, усё задавальняла, чаго не скажаш пра службу ў роце ППС — ад супрацоўнікаў пастаянна патрабавалі выконваць планы, прыносіць больш пратаколаў. Гэта разыходзілася з уяўленнямі пра гонар і годнасць.
— Гэта было яшчэ да сітуацыі з выбарамі і будзе пасля — ад усіх патрабуюць вынік, рабіць так, каб людзі плацілі штрафы. Часам пагражаюць, што за невыкананне менш заплацяць ці звольняць. Калі шчыра, я збіраўся звольніцца яшчэ з паступлення на службу — адразу зразумеў, што гэта не маё. Людзі не прытрымліваюцца дадзенай імі прысягі, а толькі думаюць, як бы выслужыцца, і так кожны трэці.
Калі ў Гомелі пачаліся затрыманні, хлопец яшчэ працаваў. З іншымі супрацоўнікамі ППС Кірыл з 10 жніўня знаходзіўся ў адным з аддзелаў унутраных спраў у так званым рэзерве — калі прывозілі затрыманых для разглядаў, трэба было суправаджаць іх ад аўтазака да кабінета з загібам рукі за спіну.
 Яшчэ ў ліпені ва ўсяго гомельскага гарнізона былі трэніроўкі з АМАПам. Яны былі ў ролі бунтаўшчыкоў, а мы стаялі са шчытамі, павінны былі душыць гэты «натоўп». Пасля прама ніхто і ніколі не казаў, што і як трэба рабіць, але ва ўсіх было на слыху, што ў нас карт-бланш па супрацьдзеянні. Казалі затрымліваць усіх, хто там ходзіць. Папярэджвалі адразу: каму не падабаецца — ніхто не трымае, але ўсё-ткі пагражалі кантрактнымі грашыма.
Пасля выбараў мы сядзелі ў аддзеле ў рэзерве, у поўнай амуніцыі. 10 жніўня шмат хто проста гарэў жаданнем выйсці на натоўп у тысячу-дзве чалавек, не ведаю, чаму так — можа, хацелі паказаць, хто тут галоўны. Потым да нас у аддзел прывезлі першую групу затрыманых, іх паставілі тварам у падлогу ў актавай і спартыўнай залах. Тыя, хто спрабаваў устаць, нешта казаў супраць або крычаў на супрацоўнікаў, адхоплівалі па нагах палкай. Ці моцна білі? Я не бачыў, але па гуку моцна — людзі потым баяліся слова сказаць. Мы трое сутак начавалі ў аддзеле (адпускалі дадому на 3-4 гадзіны) і глядзелі на ўсё гэта.
Па словах Кірыла, прамых загадаў на прымяненне сілы ад кіраўніцтва не было, як і спроб спыняць такія дзеянні, і праяўлялі агрэсію не ўсё.
— Некаторыя проста стаялі і ахоўвалі затрыманых, размаўлялі з імі, хтосьці суцяшаў. Кожны прымаў рашэнне для сябе сам. Я біць адмаўляўся. Паколькі загад не паступаў, гэта не лічыцца парушэннем. Ну, вядома, цяжка бачыць, як калегі, якім ты ціснуў руку, б'юць людзей. Я кожны дзень баяўся ўбачыць знаёмых сярод затрыманых.
Пасля гэтых падзей Кірыл і вырашыў звальняцца.
— Канчаткова расчараваўся ў сістэме, калі ўбачыў, што ўсім пляваць на тое, што будзе. Ім сказалі — яны робяць, ніхто не хоча нічога змяняць. Я пайшоў на бальнічны. На наступны дзень мне патэлефанаваў зампаліт, і мы ўсё абгаварылі. Адразу пачаліся званкі ад камандзіраў — пыталіся, дзе я, казалі: давай мы пад'едзем і паглядзім, наколькі ты хворы. Мяне вартавала міліцыя пад вокнамі дома да позняга вечара, а сябры ў роце казалі, што чулі чуткі аб планах на маё затрыманне. На наступны дзень са мной звязалася кіраўніцтва — пайшлі па мірным шляху: прыехалі і забралі форму, пасведчанне, жэтон і рапарт на звальненне. Але я яшчэ чакаю заключэння службовай праверкі.
Ці турбуюся я за сваю бяспеку? Шчыра кажучы, нават не ведаю, я ж, здаецца, нічога страшнага не зрабіў. Закон на маім баку, хоць калегі, якія таксама звольніліся, кажуць, што законы зараз не працуюць. Пажывем пабачым. Але мае блізкія цяпер у бяспечным месцы.
gomel.today