Брэст. Пададзена заяўка на вулічны фэст да 100-годзя БНР

Святочны вулічны фестываль «100 год БНР» рыхтуецца ў Брэсце на Дзень Волі. У арганізацыйны камітэт па правядзенні фэсту аб’ядналіся 16 суб’ектаў: структуры палітычных партый, грамадскія арганізацыі, валанцёрскія ініцыятывы і мясцовыя бізнесоўцы.



bnr100_2018_cover_800.png

Грамадзянская супольнасць Брэста рыхтуе масавую акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка.

Мітынг і вулічны фестываль у цэнтры Брэста з канцэртам, пляцоўкамі рамеснікаў, майстар-класамі і фотазонамі рыхтуе на 25 сакавіка грамадскасць Брэста. У арганізацыйны камітэт па яго правядзенні аб’ядналіся на сёння 16 суб’ектаў: структуры палітычных партый, грамадскія арганізацыі, валанцёрскія ініцыятывы і мясцовыя бізнэсоўцы. Кіраўнік абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі ад імя аргкамітэта падаў сёння заяўку на правядзенне фестываля ў Берасцейскі гарвыканкам.

Аргкамітэт плануе зрабіць мерапрыемства цікавай і запамінальнай падзеяй для берасцейцаў.

Круглая дата, 100 год з дня абвяшчэння незалежнасці Беларусі настройвае на святочны лад. І мы рыхтуем сапраўднае свята — канцэрт, розыгрышы прызоў ад нашых партнёраў, знаёмства з беларускімі рамеснікамі і грамадскімі арганізацыямі, мора пазітыву і святочнай сімволікі”, — паведаміў старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Як адзначыў адзін з сябраў аргкамітэту, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Маслоўскі, свята дае шанец на аб’яднанне грамадства вакол найважнейшых нацыянальных каштоўнасцяў — свабоды і незалежнасці:

— Мы запрашаем таксама прадстаўнікоў органаў улады далучыцца да арганізацыі фестывалю, разам павіншаваць берасцейцаў з юбілеем падзеі, якая ўрэшце прывяла да стварэння дзяржавы, у якой мы жывем, — адзначыў Ігар Маслоўскі.

— Зараз арганізацыйны камітэт рыхтуе праграму мерапрыемства. Мы заклікаем усіх, хто лічыць гэты дзень святочным, далучацца да яго арганізацыі. Можна стаць валанцёрам і атрымаць досвед арганізацыйнай працы. Можна ахвяраваць невялікія сумы на выраб фестывальнай сімволікі. А калі вы ўладальнік беларускага бізнесу — можна прэзентаваць сваю фірму на адной з крэатыўных пляцовак фестывалю. Усе арганізацыйныя дэталі ў бліжэйшыя дні мы будзем публікаваць у сацыяльных сетках з хэштэгам #БНР100, — паабяцаў Дзмітрый Шыманскі.

Напярэдадні падачы заяўкі былі праведзеныя перамовы з брэсцкімі ўладамі, падчас якіх былі заключаныя папярэднія дамоўленасці наконт пляцоўкі, а таксама арэнды гукаўзмацняльнай апаратуры, правядзення прыборкі і атрымання паслугаў камунальшчыкаў і хуткай дапамогі за кошт горада. Пра гэта распавёў абласны каардынатар Руху «За Свабоду», адзін з заяўнікаў Юрый Казакевіч сайтуpyx.by.

«Ад Дня Волі я ў гэтым годзе чакаю галоўнага: аб’яднання людзей, якім не абыякавая ідэя незалежнасці Беларусі, для якіх важная ідэя беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці», — адзначыў Казакевіч.

Фота pyx.by

Фота pyx.by

_img_20180305_141932.jpg


Абласны каардынатар Руху «За Свабоду» лічыць у гэтым годзе самай важнай задачай падцягнуць да дэмакратычных сілаў тых, «хто яшчэ не з намі, але маральна да гэтага гатовы».

Сярод заяўнікаў фэсту ў Брэсце актывісты Руху «За Свабоду», Партыі БНФ, Партыі АГП, БСДП (Грамада).

Паводле прэс-службы арганізацыйнага камітэту святкавання 100-годдзя БНР у Брэсце, pyx.by