Бабруйскія дэмсілы патрабуюць спыніць ціск на прафсаюзных актывістаў

Прадстаўнікі грамадскасці Бабруйска, выяўляючы салідарнасць з звольненымі работнікамі "Бабруйскага завод трактарных дэталяў і агрэгатаў" (БЗТДіА), сябрамі Свабоднага прафсаюза беларускага (СПБ), якія абвясцілі галадоўку, звярнуліся са зваротам да старшыні гарвыканкама, у якім заявілі пра поўную падтрымку патрабаванняў звольненых работнікаў і выказалі пратэст у сувязі з неправамернымі дзеяннямі адміністрацыі БЗ ТДіА ў дачыненні да работнікаў.  



zavod_bobrujsk.jpg

Зварот падпісалі мясцовыя кіраўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускага прафсаюзу працаўнікоў Радыёэлектроннай прамысловасці і іншыя.

Паводле іх словаў, адміністрацыя завода працяглы час аказвае непрыхаваны ціск на сябраў СПБ. "Незаконныя дзеянні службовых асобаў прадпрыемства прыносяць маральныя пакуты не толькі работнікам і іх сем'ям, але і атрымалі негатыўнае стаўленне да таго, што адбываецца з боку жыхароў Бабруйска”, — гаворыцца ў лісце.

"Сёння выразна выяўляецца тэндэнцыя на знішчэнне непажаданых: Мікалая Жыбуля, Алега Шаўчэнкі, Аляксандра Варанкіна, Аляксандра Грамыкі, нягледзячы на іх высокую кваліфікацыю і бездакорную рэпутацыю ў працоўным калектыве прадпрыемства”, — заяўляюць актывісты.

Яны патрабуюць неадкладна спыніць ціск на сяброў СПБ, уступіць у перамовы з удзельнікамі галадоўкі, выканаць іх законныя патрабаванні аб аднаўленні на працы, выйсці з прапановай да Міністэрства прамысловасці аб неадкладным скасаванні кантракту з дырэктарам БЗТДіА А. Аграновічам, які "дыскрэдытуе пасаду кіраўніка прадпрыемства”.

У выпадку невыканання адміністрацыяй заводу законных патрабаванняў звольненых работнікаў, лідары мясцовай дэмакратычнай супольнасці пакідаюць за сабой права заклікаць грамадзян Бабруйскага рэгіёна на акцыю салідарнай падтрымкі галадоўнікаў.
Прэсавая служба БХД