Асобная думка. Паказвальнікі і паказчыкі
Ёсць на постсавецкай прасторы адна рэч, якую вельмі паважаюць самыя розныя бакі — ад зацятых прыхільнікаў дзеючай улады да ўльтрадэмакратаў. Ёй прысвячаюцца ўрачыстыя пасяджэнні, без яе не абыходзіцца практычна аніводная з шматлікіх нарад, ды й, шчыра кажучы, амаль усё навокал робіцца толькі дзеля «лёсавызначальных» радкоў і калонак. Гэта, як вы ўжо здагадаліся, падвядзенне вынікаў!
Вызначаць вынікі ў нас вельмі любяць! Робяць гэта штомесячна і штоквартальна, ёсць паўгадавыя падвядзенні і, канешне, гадавыя. Абапіраючыся на іх, чалавека могуць лёгка звольніць, пасадзіць на гады ў турму, запэцкаць брудам недаверу, а могуць узнагародзіць ды ўзняць вышэй па кар’ернай лесвіцы. Пытанне толькі ў тым, як падаваць гэтыя самыя лічбы, бо як яны насамрэч ствараюцца ўжо напісана шмат. Вось і саміведаецехто ўсё часцей літаральна моліць сваіх падначаленых у сваіх справаздачах не хлусіць. Але, падаецца, беспаспяхова.
Усе чулі вядомую прыказку: «Мала зрабіць нешта, трэба яшчэ гэта добра паказаць». Але ў нашых рэаліях «паказаць» зрабілася нашмат важней за «зрабіць», ды й увогуле «паказчыкі вытворчасці» фактычна змяніліся на «паказальнікі» — ад слова «паказваць». Звыклая савецкая традыцыя ўсё параўноўваць з лічбамі мінулых гадоў паспяхова скачваецца да амаль забытага «ў параўнанні з 1913 годам». Можна (нават патрэбна) было б параўноўваць гэтыя самыя паказчыкі з аналагічнымі ў суседніх краінах, але ж гэта будзе зусім непрыемная карціна, таму лепш суседзяў паліваць брудам і мігрантамі ды штогадзінна нагадваць, што «там усё кепска», тады і пытанне з параўнаннем будзе неістотным. Насамрэч, навошта нам, такім самым лепшым, параўноўвацца з «дрэннымі» ні на што не здольнымі суседзямі!
Аб выніках справаздачацца не толькі ўлады, але ж і апазіцыя. Бясконцыя канферэнцыі, пасяджэнні, пагадненні і камюніке, нібыта з’яўляюцца нейкім вынікам іх працы. Не, даражэнькія, гэта зусім не так! Вынік — гэта канчатковы прадукт дзеянняў, які штосьці мяняе якасна ці колькасна. Што якасна змяніла хоць адна вашая канферэнцыя? Колькі палітвязняў выйшла на волю праз менавіта вашы дзеянні? Калі хоць адзін чалавек прызнае, што ў яго штосьці змянілася, дзякуючы хоць аднаму вашаму пагадненню, калі хоць адна рэдакцыя СМІ атрымае грошы на працу з тых самых мільёнаў, выдзеленых менавіта на іх падтрымку — толькі тады можна будзе сціпла казаць аб нейкім выніку. Пакуль што ваш вынік нулявы, прабачце. Усё гэта нагадвае стары анекдот:
— Паручык, вы дзяцей любіце?
— Не! Але ж сам працэс...
Безумоўна, адсутнасць выніку — гэта таксама вынік. Але ў гэтым выпадку трэба не толькі казаць, што нешта ідзе не так, але і рабіць штосьці. Не дае плёну праца таго ці іншага ўдзельніку працэсу — прабачце, развітваемся. Гэта нармалёва і не павінна выклікаць зняважлівыя і нават хамскія выпады з лаянкай. Не спраўляешся — сыходзь. Мы ўжо маем перад вачыма дастаткова яскравых прыкладаў некампетэнтнасці і яе наступстваў.
Я не заклікаю да адмены справаздач і падвядзення вынікаў, зусім не. Я толькі за тое, каб гэтыя самыя лічбы і з’явы, пры іх наяўнасці, адэкватна аналізаваліся сапраўднымі экспертамі, і на іх высновах рабіліся эфектыўныя дзеянні і гэтак далей па коле. Гэта тычыцца ўсіх сфераў жыцця, а не толькі палітыкі і эканомікі. Ну вось, напрыклад, зварылі вы боршч, з’елі лыжку-іншую — не падабаецца. Парайцеся з бабуляй, матуляй, урэшце рэшт, з дасведчаным кухарам і паспрабуйце яшчэ раз і яшчэ раз. Так і атрымаецца смачны сапраўдны боршч. А калі штораз будзеце слепа выконваць рэцэпт і на ўсе заўвагі бурчаць штосьці «не падабаецца — не еш» ці «ў суседкі яшчэ горш атрымліваецца», то так і будзеце далей псаваць прадукты і хадзіць вечна незадаволенымі.
Самым галоўным вынікам году я лічу не паказальнікі інфляцыі і не колькасць вырабленых кілаватаў, не колькасць пагадненняў дэмсілаў выдзеленых на падтрымку палітвязняў грошай. Асабіста для мяне самы галоўны вынік году — гэта тое, што я жывы і магу штодня абняць сваякоў і паціснуць руку сябрам, якія побач. Астатняе вырашальна!