Асноўныя падзеі 2024-га, якія дакладна трапяць у гісторыю. Дасье ў карыкатурах

Адыходзіць у мінулае 2024-ты. «Новы Час» з дапамогай карыкатурыстаў згадвае яго ключавыя моманты.

У пачатку года ў Расіі стартавала прэзідэнцкая кампанія. Аднак больш, чым электаральныя баталіі грамадства ўразіла навіна ад 16 лютага пра смерць лідара апазіцыі Аляксея Навальнага. Ён адбываў 19-гадовы тэрмін у адной з самых аддаленых расійскіх турмаў «Палярны воўк» — у 60 кіламетрах на поўнач ад палярнага круга. У афіцыйным заключэнні аб смерці напісана, што Навальны памёр ад «натуральных прычын». Паплечнікі палітыка і ягоная жонка Юлія Навальная ўпэўненыя, што яго забілі.

Глядзіце таксама

Аляксея Навальнага пахавалі 1 сакавіка ў Маскве, а сама цырымонія нагадвала хутчэй маніфестацыю пратэсту. Заходнія карыкатурысты ўбачылі развітанне з Навальным наступным чынам.

photo_2024_12_29_13_59_15.jpg

26 ліпеня ў Парыжы пачаліся летнія Алімпійскія гульні. Алімпіяда пакінула супярэчлівае ўражанне, паколькі праходзіла на фоне маштабнага крызісу ў краіне: партыя прэзідэнта Макрона прайграла датэрміновыя выбары ў парламент. Прычым прэзідэнт адмаўляўся даць апазіцыі шанец сфарміраваць кабінет. Многія французы разглядалі Гульні як спробу Макрона адцягнуць увагу ад крызісу. Тэматычная карыкатура на гэты конт. Варта адзначыць, што ўрадавы крызіс у Францыі працягваецца да гэтага часу.

photo_2024_12_29_13_59_20.jpg

У пачатку жніўня, пакуль увесь свет сачыў за Алімпіядай, Узброеныя сілы Украіны (УСУ) задзейнічалі свае самыя баяздольныя падраздзяленні для ўварвання ў Курскую вобласць Расіі. У першыя тыдні наступу Украіне ўдалося ўзяць пад кантроль каля 800 квадратных кіламетраў Курскай вобласці. На канец снежня УСУ кантралююць тэрыторыю ў два разы меншую і не ў стане спыніць прасоўванне расейцаў на Данбасе. Аднак на нейкім этапе, як сведчыць карыкатура, шмат хто верыў, што на фронце адбыўся пералом на карысць Украіны.

photo_2024_12_29_13_59_22.jpg

Увосень вайна на Блізкім Усходзе паступова выйшла за межы сектара Газа: у пачатку кастрычніка Ізраіль уварваўся ў суседні Ліван. Мэтай наземнай аперацыі было знішчэнне праіранскай тэрарыстычнай групоўкі «Хезбала», якая да гэтага рэгулярна наносіла ўдары па тэрыторыі Ізраіля. Ізраільскія ВПС бамбілі Бейрут і іншыя гарады Лівана, а таксама праводзілі дыверсійныя аперацыі супраць высокапастаўленых асоб «Хезбалы». За час бамбёжак загінулі амаль чатыры тысячы чалавек. Ізраілю ўсё ж удалося забіць лідара «Хезбалы», аднак сама ісламская арганізацыя не перастала існаваць, хоць і аслабла. Як бачым па гэтай карыкатуры, частка сусветнай грамадскасці крытычна паставілася да акцыі Ізраілю.

photo_2024_12_29_13_59_25.jpg

5 лістапада ў ЗША прайшлі 60-я прэзідэнцкія выбары. Яны дакладна трапяць у гісторыю, бо за пару месяцаў да галасавання Джо Байдэн, кандыдат ад Дэмакратычнай партыі і прэзідэнт, адмовіўся ў іх удзельнічаць. Замест яго кандыдатам у прэзідэнты ад Дэмпартыі стала віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс.

Глядзіце таксама

Але перамогу на выбарах атрымаў рэспубліканец Дональд Трамп. Прэзідэнцкія выбары прайшлі адначасова з выбарамі ў Сенат і Палату прадстаўнікоў, на якіх таксама перамаглі рэспубліканцы, якія зараз кантралююць усе галіны ўлады. Нядзіўна, што адзін брытанскі часопіс выявіў прыход Трампа ў Белы дом як каранацыю.

photo_2024_12_29_13_59_27.jpg

Тая акалічнасць, што групоўка «Хезбала» з-за вайны з Ізраілем аслабла, збольшага прывяла да падзення рэжыму прэзідэнта Сірыі Башара Асада, чыя сям'я кіравала краінай больш за 50 гадоў. Рэжым Асада трымаўся на падтрымцы Расіі і праіранскіх груповак, якія ваявалі з узброенай сірыйскай апазіцыяй. Аднак у канцы лістапада 2024 года мяцежнікі пачалі раптоўнае наступленне і паступова захапілі гарады, якія амаль 10 гадоў знаходзіліся пад кантролем урада. 8 снежня паўстанцы ўзялі сталіцу Сірыі Дамаск, а Башар Асад уцёк у Маскву. Праўда, пакуль не зразумела, што паўстане на рэштках асадаўскай дыктатуры. Гэтым пытаннем задаецца адзін з карыкатурыстаў.

photo_2024_12_29_13_59_32.jpg

Рэвалюцыі, інтэрвенцыі, крызісы, забойствы... Вось такім напружаным быў гэты год. На жаль, пакуль нічога не кажа, што 2025-ты стане спакайнейшым. Але не будзем сумаваць загадзя. 

З Новым годам!