Алесь Бяляцкі выйшаў са Следчага камітэта пасля 4-гадзіннага допыту

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў дапытаны ў Следчым камітэце. Пасля 4-гадзіннага допыту правабаронца выйшаў на волю. 

bialiacki_tutby_logo_1.jpg

Скончыўся 4-гадзінны допыт Алеся Бяляцкага, старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна». У Следчы камітэт Алеся выклікалі і раней (7 красавіка) — але тады ён запатрабаваў, каб следчыя дзеянні вяліся на беларускай мове.

Таму допыт перанеслі на 9 красавіка:

— У мяне падпіска аб неразгалошванні. Увесь допыт, ад пачатку да канца, ішоў на беларускай мове. І зачытваліся правы мне па-беларуску, і сам пратакол па-беларуску быў складзены, і пытанні былі падрыхтаваныя на беларускай мове, і падпіску аб неразгалошванні мне таксама па-беларуску далі, і следчая правяла ўвесь допыт на беларускай мове.

Алесь Бяляцкі праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай на «Вясну» паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па справе «Вясны» на допыты раней выклікалі іншых яе сяброў. Рада ПЦ «Вясна» выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі.

 ***

Фактычна, за сакавік-красавік праз допыты і затрыманні па справе «Вясны» прайшло некалькі дзясяткаў праваабаронцаў, валанцёраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі.

Нагадаем, 16 лютага ў межах крымінальнай справы адбыліся дзясяткі ператрусаў у сябраў арганізацыі, а таксама на офісе ПЦ «Вясна» на пр. Незалежнасці 78а і на Мяржынскага ў Мінску, а ў другой палове дня — дома ў старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.

«Беларускае Радыё Рацыя»